IMG_1295

Днямі супрацоўнікі патрульна- паставой службы адзначылі сваё чарговае прафесійнае свята –   97-я ўгодкі з дня стварэння службы. З гэтай нагоды мы ў чарговы раз сустрэліся з камандзірам аддзялення ППС Аляксеем Хушкадамавым, каб даведацца пра справы сённяшнія.

Не так даўно патрульна-паставая служба мела палкавую сістэму. Цяпер аддзяленне ППС падпарадкоўваецца напрамую мясцоваму аддзелу ўнутраных спраў. Як зазначае сам камандзір, працаваць стала зручней і аператыўней. Хаця ёсць праблема, якую трэба тэрмінова вырашаць. Гэта камплектацыя аддзялення. На сёння застаюцца незанятымі дзве вакансіі міліцыянераў. І хаця на выніковасці дзейнасці падраздзялення гэта не адбіваецца, але значна паніжае іх рэйтынг у абласной табліцы.

Калі гаварыць моваю лічбаў, то трэба адзначыць, што сёлета павялічылася колькасць затрыманых асоб і раскрытых злачынстваў супрацоўнікамі ППС у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Толькі за дзевяць месяцаў патрульныя міліцыянеры затрымалі 1140 правапарушальнікаў, 374 з якіх за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства і 256 – за дробнае хуліганства. Раскрыты 6 злачынстваў і затрыманы тры чалавекі, якія знаходзіліся ў вышуку. Таксама ліквідавана больш 400 літраў самагоннай брагі.

Нярэдка здараецца патрульным міліцыянерам знаходзіць у гандлёвых кропках спіртаўтрымліваючую вадкасць, менавіта так называюцца алкагольныя ці слабаалкагольныя напоі, у якіх выйшаў тэрмін прыдатнасці. Зусім нядаўна ў адным з магазінаў горада  былі знойдзены больш 100 літраў пратэрмінаванага піва – амаль увесь яго асартымент.

– Зразумела, што правяраць тэрміны захоўвання тавараў павінны адпаведныя службы, – тлумачыць Аляксей Хушкадамаў. – Але калі паступае сігнал – мы павінны прыняць меры. Здараецца знаходзіць на вуліцах веласіпеды. Часцей за ўсё з-за стану ап’янення гаспадары іх забываюць або бяруць чужы, а свой пакідаюць. Дастаўляем тэхніку ў РАУС. Бывае, што гаспадары знаходзяцца. Сёння на захаванні ў аддзеле ёсць тры веласіпеды. Для ўстанаўлення правоў на іх уласнікам трэба звярнуцца ў аператыўна-дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў.

З нядаўняга часу патруль ППС працуе ў дзве змены – дзённую і начную. Для патрулявання ў горадзе распрацаваны маршруты, але ў залежнасці ад аператыўнай абстаноўкі яны могуць карэктавацца. Камандзір адзялення тлумачыць, што, напрыклад, з нагоды пачашчэння супрацьзаконных дзеянняў у раёне вуліцы Дружбы патруль заязджае і ў новабудоўлі. Аператыўная абстаноўка карэктуе і маршуты выездаў па населеных пунктах раёна. А вось у цэнтры горада, дзе пастаянна дзейнічае патруль, на працягу года сур’ёзных парушэнняў закону не зарэгістравана.

З ноткаю жарту аддзяленне ППС называюць “кузняю кадраў”. Тут пачыналі сваю службу ў праваахоўных органах многія ўчастковыя інспектары і супрацоўнікі іншых падраздзяленняў. Ёсць і тыя, хто застаецца верным ППС дзясятак гадоў – сам Аляксей Хушкадамаў, Сяргей Фіндзюкевіч і Яўген Чырыч. Нядаўна да калектыву ППС далучыўся Аляксандр Будовіч.

– Кадравы некамплект моцна даецца ў знакі асабліва ў летні перыяд, калі трэба прадаставіць водпускі, накіраваць патрульных на дзяжурствы ў аздараўленчыя лагеры, – знаёміць з сутнасцю праблемы Аляксей Хушкадамаў. – Уласна для мяне застаецца незразумелым, чаму пакуль не знаходзяцца жадаючыя заняць вакансіі. Заработная плата ў нас вышэй сярэдняй па раёне – ад 650 рублёў, прадугледжана прэміраванне, графік работы нарміраваны, перапрацоўкі амаль не здараюцца. З улікам сітуацыі ў нашым раёне, стаць супрацоўнікам ППС – перспектыўны варыянт.

Як паведамілі ў групе кадраў РАУС, на пасады міліцыянераў прымаюцца грамадзяне нашай краіны, якія маюць сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю, пераважна ва ўзросце да 25 гадоў, у якіх няма абмежаванняў па стане здароўя для службы і кампраметуючай інфармацыі ў адносінах родных і кандыдата ўласна. Пасля праходжання пэўных этапаў афармлення на службу супрацоўнік накіроўваецца на 3-4-месячнае навучанне, у залежнасці ад наяўнасці адукацыі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

На фота: Аляксандр Будовіч, Аляксей Хушкадамаў і Аляксандр Бондар.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о