Днямі на Петрыкаўшчыне адбылася гісторыя, якая магла застацца незаўважнай, калі б у рэдакцыю не патэлефанаваў расчулены выпадкам чалавек.

На другім канцы провада мне распавялі жыццёвы сюжэт пра няшчасце, чалавечую годнасць і ўзаемадапамогу. Каб высветліць усё з першых вуснаў, мы звярнуліся да непасрэднага ўдзельніка падзей, які той учынак палічыў звычайнай праявай натуральнай чалавечнасці. “Калі жадаеце напісаць – я не супраць, толькі, калі ласка, давайце без імёнаў і прозвішчаў. Мы ж не славы шукалі, у рэшце рэшт”.

Сам пачатак гісторыі не інакш як драмай не назавеш: жыхары Херсона везлі інваліда паважанага ўзросту, што перасоўваецца на інвалідным вазку, праз Беларусь.
За некалькі кіламетраў да скрыжавання трасы М-10 з аўтадарогай Муляраўка-Петрыкаў легкавік трапіў у кювет.

У гэты ж час дадому з Жлобіна вярталіся жыхары горада Петрыкава, маладыя мужчыны, што добра вядомыя на Петрыкаўшчыне сваёй прыватнай рамонтнай справай. “Дарожныя ўмовы былі складаныя, увесь дзень панавала завея. Ішла дванаццатая гадзіна ночы. Мы пабачылі, што па-за дарогаю ляжыць легкавік з уключанай “аварыйкай”. Побач стаялі ўжо некалькі машын”, – адзначыў суразмоўца.
Высветлілася, што ўсе засталіся цэлымі. Неўзабаве вадзіцель з лясгасу выцягнуў пашко-джаны транспартны сродак з кювету сваім МАЗам, але далей працягваць рух было немагчыма: аўто было памятым, без шыб, люстраў задняга віду, на летніх пакрышках. “Куды вы так паедзеце?!”, – рытарычна спытаў петрыкаўчанін, пасля чаго было вырашана, што гасцей з суседняй краіны адвязуць у мясцовую гасцініцу, а легкавік хлопцы тэрмінова адрэмантуюць.

Пакуль пацярпелыя прыходзілі ў сябе, мужчыны пачалі прыводзіць да ладу машыну: замянілі зімовыя пакрышкі і шкло.
Дарэчы, не ўсе патрэбныя шыбы былі ў наяўнасці, таму майстрам прыйшлося нават выразаць па памерах патрэбны элемент з аргшкла. “Пераабуўшы” легкавік і ўсталяваўшы шыбы, хлопцы вычысцілі транспартны сродак, бо ў салон тра-піла шмат бруднага снегу і пяску”.

Літаральна праз пару дзён аўтамабіль быў гатовы да паездкі. Надышоў час развітвацца. Жанчына, што вязла свайго мужа на рэабілітацыю, разлічылася за запчасткі і прамовіла: “Вас мне Бог накіраваў, вы мае анёлы-ахоўнікі! Колькі я вам павінна?”. У адказ на гэта землякі адзначылі, што падзякі будзе дастаткова, бо яны дапамагалі выключна з чалавечых пабуджэнняў, як кажуць, па-братэрску.
“Я дзейнічаў са спадзяванняў на тое, што і мне нехта такім жа чынам дапамог бы, калі, барані Божа, я трапіў бы ў падобную сітуацыю”, – патлумачыў мужчына.
Так і развіталіся яны, жыхары Херсона і Петрыкава, ураджэнцы Украіны, Беларусі і Расіі. Так, наш земляк-суразмоўца родам з горада Ржэва, што знаходзіцца ў Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі.

Трэба спадзявацца, што так будзе і надалей, бо жывем мы, па сутнасці, насуперак цяжкасцям і выпрабаванням, праяўляючы чалавечнасць і дапамагаючы адзін аднаму.

Запісаў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о