Сёння – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

Званне “Лепшы па прафесіі – 2020” на мінулым злёце перадавікоў было прысвоена трэнеру-выкладчыку Петрыкаўскай Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і настаўніку фізічнай культуры і здароўя гімназіі Аляксандру Будніку.

26 гадоў з секундамерам, свістком і класным журналам у руках прайшлі для Аляксандра Будніка хутка, як ён сам гаворыць – праляцелі, нібы імгненне. Здаецца, толькі ўчора спрабаваў праз многія ваганні вызначыцца з прафесіяй. Нават паспеў некалькі месяцаў атрымліваць спецыяльнасць ветэрынара – не яго аказалася. І толькі ў 23 гады, пасталеўшы і навучыўшыся слухаць свой унутраны голас, зразумеў, што хоча быць настаўнікам.
– Вызначыцца дапамог выпадак, – успамінае Аляксандр Іванавіч. – Неяк зайшоў да знаёмай у дзіцячы сад, і некалькі хвілін зносін з дзецьмі нарадзілі жаданне быць побач з гэтым няўрымслівым і нястомным чалавецтвам. Ды і брат на той час ужо працаваў настаўнікам фізкультуры і трэнерам у Брэсце. Я атрымаў адукацыю настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізічнай культуры ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. Першае працоўнае месца было асабліва адказнае – дырэктар Аголіцкай базавай школы. Затым 7 гадоў у гарадской школе № 2 настаўнікам. У гімназію прыйшоў у саставе першага педагагічнага калектыва ў год яе адкрыцця.

Маленькія дасягненні вучняў –  вялікая перамога настаўнікаКалегі-настаўнікі фізічнай культуры мяняліся, а Аляксандр Буднік заставаўся нязменным гаспадаром спартыўных пляцовак гімназіі. З гонарам называе імёны сваіх вучняў: пераможца чэмпіянату Беларусі ў бегу на кароткія дыстанцыі Уладзімір Жацька, сённяшнія супрацоўнікі РАНС і РАУС Мікалай Карабец, Яўгеній Галавач, Уладзіслаў Пятрунін, Ілля Шарыкаў, спартыўныя надзеі гімназіі Ілона Камісарава, Данік Каленік, Ягор Скер’ян і многія іншыя.
– Прафесійная кар’ера ў маім разуменні – гэта пастаянны рух навокал мяне, – так акрэслівае свае спартыўныя дасягненні педагог. – Мой поспех складаецца з індывідуальных поспехаў кожнага майго вучня і выхаванца. Некаму заняткі на ўроках ці секцыях даюцца лягчэй, іншым да поспеху даводзіцца ісці цяжка і напружана. Я дапамагаю вучням і прымаю іх перамогі за свае. У спартакіядзе школьнікаў, якая складалася, былі часы, з 14 відаў спорту, дзе за месцы змагаліся 24 школы, мы заўсёды выглядалі годна, штогод – у тройцы лідараў. Мае выхаванцы – нязменныя члены зборных раёна па розных відах спорту. Люблю быць побач з дзецьмі, і не толькі на ўроках: паходы, турзлёты, спаборніцтвы. Я магу быць ім не толькі настаўнікам, але і таварышам, калі трэба – артыстам, поварам.
Аляксандр Іванавіч упэўнены, што ўмова поспеху – выдатная спартыўная база. Ідучы працаваць у новую тады гімназію, бачыў акрэсленыя перспектывы – вялікі стадыён з комплексам, дзве спартыўныя залы. Пэўны бонус дала ўстанове і Праграма развіцця прыпяцкага Палесся, якая дазволіла палепшыць базу, мець максімум магчымасцяў. Маючы такую “гаспадарку”, даводзіцца ёю і правільна кіраваць. Адміністрацыя гімназіі заўсёды лічыла ўмацаванне спартыўнай базы першачарговай задачай, заяўкі на інвентар і аднаўленне абсталявання выконваюцца ў поўным аб’ёме. І цяпер гэта асабліва важна. Медыцынскія абследаванні ў многіх дзяцей вызначаюць не асноўную групу здароўя, таму на занятках даводзіцца прымяняць індывідуальны падыход, а гэта патрабуе і большай спартыўнай асначанасці. І тым не менш, як настаўнік і як трэнер Аляксандр Буднік большы ўпор робіць на лёгкую атлетыку, бо на базе гімназіі дастаткова для гэтага снарадаў. Сур’ёзна рыхтуе каманды па валейболу і баскетболу, дапрызыўнай падрыхтоўцы.

Маленькія дасягненні вучняў –  вялікая перамога настаўнікаТрэнерства ў Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Аляксандр Іванавіч лічыць удалым спалучэннем з настаўніцкай дзейнасцю. Дадатковыя заняткі па лёгкай атлетыцы для яго вучняў раскрываюць новыя перспектывы, магчымасці. Цяпер, з увядзеннем у эксплуатацыю адноўленага спартыўнага комплекса “Прыпяць”, яго навучэнцы атрымалі магчымасць займацца не толькі на адноўленых пляцоўках горада, але і выязджаць на арэны Гомеля.
– Калі гаварыць пра дасягненні і здабыткі, то найперш назаву сям’ю, – шчыра прызнаецца мужчына. – Марыў заўсёды, што ў мяне будзе трое дзяцей. Так і атрымалася – тры дачкі. Жонка таксама педагог, дашкольнік. Нядаўна старэйшая дачка абвясціла, што таксама будзе настаўнікам фізкультуры, бо займацца спортам – гэта яе любімы занятак і яму хоча прысвяціць працоўнае жыццё. Напэўна, дынастыя Буднікаў-педагогаў працягнецца.
Аляксандру Будніку пашанцавала з прафесійнымі святамі больш, чым іншым. Такіх святочных дзён у яго два: Дзень настаўніка і Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Віншуем яго і жадаем штодзённых малых і вялікіх перамог.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о