На студзеньскім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама сярод разгледжаных спраў было тры пратаколы за позняе знаходжанне дзяцей на вуліцы без суправаджэння дарослых.

Малая перасцярога лёс беражэ

Пра свае правы і абавязкі ўдзельнікі адміністрацыйнага працэсу азнаямляюцца пісьмова

Непаўналетнія петрыкаўчане з бацькамі былі запрошаны на камісію па фактах выяўлення дзяцей у навагоднюю ноч на вуліцах горада. Дарослыя спрабавалі апраўдаць свае дзеянні тым, што іх дзеці напярэдадні запэўнілі, што “пад елку” пойдуць з дарослымі суседзямі, або начаваць будуць у сяброў. Па факце ж ака-
залася, што бацькі не ведалі, дзе на самой справе знаходзяцца дзеці, пакуль пра гэта далёка пасля поўначы ім не расказалі супрацоўнікі міліцыі.
Шматдзетная маці М. сваёй старэйшай трынаццацігадовай дачцэ дазволіла ісці нябыта з дзядзькам яе сяброўкі. Асабіста знаёмая з імі жанчына не была, тады адкуль такая ўпэўненасць у адказнасці чужога чалавека за бяспеку яе дзіцяці? “Думала, спадзявалася, паверыла…” – вымаўляла яна непераканаўчыя аргументы на камісіі. Як аказалася, мужчына ўвогуле не меў дачынення да той прагулкі, бо знаходзіўся ў іншым месцы. Толькі пасля гутаркі М. дакладна сфармулявала тое, што ад яе хацелі
пачуць члены камісіі: “Трэба быць уласна ўпэўненым у прыстойнасці, добрых намерах і адказнасці таго чалавека, якому давяраеш дзіця”.
У артыкуле 17.13 Кодэкса пра адміністрацыйныя правапарушэнні сказана, што бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, павінны суправаджаць непаўналетняга па-за домам у час з 23 да 6 гадзін, або забяспечыць яго суправаджэнне паўналетняй асобай, – працытавала адміністрацыйнае заканадаўства намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Ходзька. – У гэтым выпадку маці не толькі не суправаджала, але і ўласна не забяспечыла суправаджэнне. Гэта і ёсць прамое парушэнне. Згодна з КаАП вінаваты атрымлівае папярэджанне ці штраф да 2 базавых велічынь. Пры паўторнасці правапарушэння на працягу года – штраф да 5 базавых велічынь.
Члены камісіі пайшлі насустрач жанчыне, якая трапіла на пасяджэнне камісіі ўпершыню і, ёсць спадзяванне, у апошні раз. Іншая сітуацыя ў сям’і Г. Іх непаўналетні сын быў затрыманы супрацоўнікамі РАУС а чацвёртай гадзіне навагодняй ночы. Маці,
якую добра ведаюць і на камісіі па справах непаўналетніх, і на каардынацыйным савеце па рэалізацыі Дэкрэта No 18, тлумачыла, што сын папрасіўся перанавачаць разам з дзецьмі яе сяброўкі. Гэта яна, маўляў, тая жанчына, недагледзела. Ды не ўсё так проста. Сама спадарыня Г. многія гады знаходзіцца пад уважлівым кант-
ролем органаў прафілактыкі. Цяпер сям’я стаіць на ўліку недобранадзейных. А яе сяброўка, куды і адпусціла жанчына сына, увогуле пазбаўлена правоў на некаторых дзяцей. Члены камісіі прынялі рашэнне: простым папярэджаннем тут не абысціся.
З году ў год падобных правапарушэнняў становіцца менш, – пазначыла Наталля Ходзька. – За 2020 год на вуліцы ў позні час без дарослых былі затрыманы 10 непаўналетніх, а годам раней – 49. Дынаміка навідавоку. Ва ўстановах адукацыі праводзіцца сур’ёзная прафілактычная работа не толькі з навучэнцамі, але і з іх бацькамі. У пераважнай большасці позна гуляюць тыя непаўналетнія, бацькі якіх ухіляюцца ад кантролю за сваімі дзецьмі ўвогуле. Трэба памятаць, што абмежаванне часу знаходжання на вуліцы дзяцей, гэта не толькі мера папярэджання здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў непаўналетнімі, а ў першую чаргу мера, накіраваная на бяспеку дзяцей. І калі здарыцца няшчасце, то тут трэба разглядаць прымяненне ў адносінах да бацькоў артыкула 159 Крымінальнага кодэкса за пакіданне дзяцей у небяспецы.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о