Малады спецыяліст: Добры ляснік заўважае тое, чаго звычайныя людзі не бачаць

0
1055

Дзіяна Драгун толькі ў пачатку свайго прафесійнага шляху, а ўжо кіраўніцтва лясгаса характарызуе яе як адказнага работніка, апантанага сваёй працай. Днямі мы сустрэліся з маладым спецыялістам, каб даведацца пра падрабязнасці яе выбару прафесіі і пераезду ў Петрыкаўскі раён.

Наша гераіня родам з Мікашэвіч Брэсцкай вобласці. Скончыла прафесійна-тэхнічны ліцэй у Жыткавічах з чырвоным дыпломам і вырашыла на гэтым не спыняцца. Жаданне развівацца прывяло яе ў Магілёўскі агратэхнічны каледж.

Сёння дзяўчына на адпрацоўцы ў вёсцы Мышанка, паралельна з працай вучыцца завочна ў БДТУ на інжынера лясной гаспадаркі.

– Так, працаваць мне неверагодна падабаецца. На выбар прафесіі паўплываў той факт, што бацькі працавалі на лесапільным заводзе, таму пра дрэва я, здаецца, ведаю ўсё, – знаёміць нас з фактамі сваёй біяграфіі Дзіяна. – Я вырашыла, што пасля заканчэння школы буду паступова рухацца ўверх, а не адразу “штурмаваць” вышэйшую навучальную ўстанову. Менавіта такі шлях дазволіў мне быць бліжэй да практычнай часткі маёй прафесіі.

Малады спецыяліст: Добры ляснік заўважае тое, чаго звычайныя людзі не бачацьДзяўчына адзначае, што яе праца не без цяжкасцяў.
– Вядома, як малады спецыяліст, яшчэ не маю дастаткова вопыту, але жадання – хоць адбаўляй. Спачатку было страшна. Цяпер ужо асвоілася. У мяне на ўчастку памерам 3 тысячы гектараў у падпарадкаванні 3 лесніка. Далікатнай дзяўчыне камандаваць сур’ёзнымі мужчынамі – справа не з лёгкіх, але мае супрацоўнікі далі зразумець, што складанасцяў у гэтым плане не будзе.

Суразмоўцы асабліва даспадобы, што кіраўніцтва Петрыкаўскага лясгаса зацікаўлена ў развіцці сваіх работнікаў. Часта арганізоў-ваюцца розныя майстар-класы з вопытнымі спецыялістамі, выязныя семінары ў іншыя раёны, павышэнне кваліфікацыі.
На пытанне, ці ёсць у нашай гераіні ўсе ўмовы для пражывання, Дзіяна адказала станоўча:
– Мы з калегай пражываем у кватэры з усімі патрэбнымі ўмовамі. Жыллё прадаставіла нам арганізацыя. Зручна, што ў Мышанцы ёсць чыгуначная станцыя. Я хутка дабіраюся дадому без перасадак. Заработная плата годная.

Па словах Дзіяны, праца на свежым паветры і прыемны шчэбет птушак – тая рамантыка, якая атаясамліваецца з прафесіяй лесніка, але гэта далёка не так.
– Самае галоўнае ў маёй працы, а я майстар Мышанскага ўчастка, – гэта захаванне тэхнікі бяспекі. Ахова працы – тое, без чаго нельга прыступаць да работы.

Чым яшчэ займаецца майстар лесу? Арганізуе работу леснікоў па рацыянальным выкарыстанні, ахове і абароне, узнаўленні лясоў і павышэнні іх прадуктыўнасці, узмацненні водаахоўных, ахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных і іншых карысных прыродных уласцівасцяў лесу. Забяспечвае выкананне ўсіх відаў лесагаспадарчых работ на сваім участку. А яшчэ ён вельмі добра арыентуецца ў лесе.
У ідэале майстар заўважае тое, чаго звычайныя людзі не бачаць: дзе паабедаў клест, дзе прайшла ласіха з ласянём, дзе змяя змяніла скуру.

Спецыяліст упэўнена: добраму лесніку любое дрэва можа расказаць пра сваю радасць або бяду.

– З таго моманту, як прыступіла да сваіх абавязкаў, пастаянна сачу за станам тэрыторый. На жаль, у леса мноства ворагаў. Гэта разнастайныя хваробы, а часам і эпідэміі, шкодныя казуркі, пажары. Такія складанасці трэба ўмець прадухіляць ці хаця б своечасова заўважаць і ліквідаваць.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о