Мацэгуда

З самага ранку да позняга вечара не сціхае рухавік магутнага МАЗа вадзіцеля УП “Палессе-Аграінвест” Сяргея Мацэгуды. Яно і не дзіўна, трэба  своечасова адвезці ад камбайнаў на зерняток збожжа, потым – у траншэі свежаскошаную зялёнку або здробненую кукурузу. У зімовы час яго аўтамабіль заняты адвозкай кармоў да ферм аддзяленняў. Адным словам, работы хапае круглы год. І з усім Сяргей, нягледзячы на свой малады ўзрост,  паспяхова спраўляецца.

У гаспадарцы Сяргей Мацэгуда  працуе без малога шэсць гадоў. Прафесію вадзіцеля набыў у Жыткавіцкім ДПТВ №182 сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля заканчэння прыйшоў на працу на той час у філіял №12 ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Потым лёс прывёў Сяргея ў “Палессе-Аграінвест”. Тут яму выдзелілі ГАЗ-35071, на якім ён і набіраўся вопыту на сельскагаспадарчых перавозках і рамонце аўтамабіля.

Трэба адзначыць, што Сяргей паказаў сябе добрасумленным і дысцыплінаваным вадзіцелем, а ўпартасць і накіраванасць на вынік далі яму магчымасць другі год запар стаць лепшым у раёне. Вось і зараз па выніках работы за мінулы год, перавёзшы грузаў 523518,5 тона-кіламетра, Сяргей Мацэгуда, як і летась, прызнаны лепшым па прафесіі. Яго імя будзе і сёлета занесена на раённую Дошку Гонару.

Віншуем Сяргея з чарговым замацаваннем дасягнутых вынікаў і жадаем поспехаў!

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о