Дзень народнага адзінства, што адзначаўся ў суботу, 17 верасня, быў пазначаны шэрагам мерапрыемстваў, што стваралі святочны настрой і дазвалялі бавіць час, як кажуць, на любы густ.

Петрыкаўшчына адзначыла Дзень народнага адзінства
Аляксандр Кохан і Аляксандра Янчанкава ўскладаюць кветкі да помніка воінам-вызваліцелям

Святкаванне Дня адзінства пачалося з мітынгу каля помніка воінам-вызваліцелям у гарадскім парку. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, які адзначыў, што гістарычны вопыт прымушае прызнаць суворую праўду: аб’ядноўваюць не толькі агульныя поспехі, перамогі і дасягненні, але і жорсткія выпрабаванні. “Гэты дзень вяртае нас да гістарычнай даты – 17 верасня 1939 года, калі адбылася адна з лёсавызначальных па-дзей у гісторыі беларускага народа і яго дзяржаўнасці – яднанне Заходняй Беларусі і БССР, калі тэрытарыяльна вызначыліся межы Беларусі”.
Разам з тым, былі адзначаныя сёлетнія дасягненні, што занялі сваё пачэснае месца ў летапісе сучаснай гісторыі Петрыкаўшчыны. Так, быў уведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту акушэрска-гінекалагічны корпус, праведзена рэканструкцыя АЗС, здадзена каля 6 тысяч квадратных метраў жылля і 2 станцыі абезжалезвання. Стабільна развіваецца і працуе Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій”. Насычаны год быў і на культурныя падзеі – галоўнай з якіх стаў Міжнародны этнакультурны фестываль “Кліч Палесся”, які наведала каля 45 тысяч гасцей.
З прамовамі да грамадскасці звярнуліся старшыня Петрыкаўскай райарганізацыі грамадскага аб’яднання “Веды” Наталля Ходзька і малады спецыяліст, урач-рэаніматолаг Петрыкаўскай ЦРБ Марыя Змушко. Жанчыны адзначылі, што ад мэтанакіраванай працы кожнага з нас, адданасці сваёй справе залежыць дабрабыт жыхароў нашага рэгіёна і краіны ўвогуле.
Прысутныя аддалі даніну павагі нашым продкам, што потам і крывёю, часам коштам уласных жыццяў, баранілі нашу краіну ад захопнікаў і адстойвалі незалежнасць. Да помніка воінам-вызваліцелям былі ўскладзены кветкі.
Далей гараджан і гасцей горада чакаў шэраг цікавых мерапрыемстваў. Дзіцячая школа мастацтваў ладзіла ў гэтую святочную дату Дзень адкрытых дзвярэй. Дакрануцца да чароўнага свету мелодый маглі самыя маленькія наведвальнікі. Ансамбль настаўнікаў установы культуры “Гармонія” прапанаваў музыку “ад каранёў” – поруч з беларускімі народнымі творамі гучалі мелодыі іншых славянскіх народаў. Апрача гэтага, кожны музычны інструмент ансамбля быў прэзентаваны кароткім, але змястоўным аповедам. Своеасаблівай кульмінацыяй канцэрту “Вітаю, музыка”, стаў момант, калі жадаючыя (зразумела, з ліку дзяцей) атрымалі музычныя інструменты і адчулі сябе часцінкай ансамблю народных інструментаў, зайграўшы разам з прафесійнымі музыкантамі.
Завітаць у свет мастацтваў можна было і ў Доме рамёстваў, дзе майстры знаёмілі ўсіх зацікаўленых з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю нашага народа. Майстар-класы дазволілі аматарам народных рамёстваў на ўласныя вочы назіраць чараўніцтва ператварэння знаёмых усім матэрыялаў у цудоўныя мастацкія вобразы з драўніны, саломкі, паперы, тканіны. Гэтая прыгажосць займала сваё пачэснае месца ў хатах нашых продкаў і вельмі прыемна, што і зараз дэкаратыўная творчасць знаходзіць сваіх аматараў і ўвасабляецца ў дзейнасці прафе-сійных майстроў, тым больш – нашых землякоў.

Петрыкаўшчына адзначыла Дзень народнага адзінства
Волі да перамогі хлопчыкаў пазайздросцілі б дарослыя спартсмены

Маленькія аматары спорту былі аб’яднаны ў гэты дзень жаданнем праявіць сябе і прадэманстраваць на футбольнай пляцоўцы свае лепшыя спартыўныя здольнасці – у спартыўнай зале Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы праводзіўся турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2010 года нараджэння і маладзейшых. Спаборніцтвы сабралі чатыры каманды: тры з іх баранілі гонар Петрыкава і адна – гарадскога пасёлка Капаткевічы. Менавіта капаткевіцкая дружына аказалася найбольш хуткай, дакладнай, футбольна кемлівай і святкавала перамогу. Але не меншую асалоду атрымалі заўзятары, усе без выключэння прысутныя, з якімі давялося мець гаворку падчас спаборніцтваў, адзначалі – шчырасці, адданасці футболу і волі да перамогі хлопчыкаў пазайздросцілі б дарослыя спартсмены!
Святочны канцэрт “Карагод сяброўства” ў гэты час праходзіў у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У добразычлівай атмасферы гучалі вершы і песні пра Бацькаўшчыну.

Петрыкаўшчына адзначыла Дзень народнага адзінства
Дзеці атрымалі інструменты і адчулі сябе часцінкай ансамблю народных інструментаў

Акрамя гэтага наведвальнікі Цэнтра прынялі ўдзел у квэст-гульні “Беларусь – краіна адзінства”. Удзельнікі, падзяліўшыся на дзве каманды – “Бульбашы” і “Беларусы”, адказвалі на пытанні і выконвалі заданні вядучых. Кожны поспех канкурсантаў прыносіў іх камандзе дэталь мазаікі, што ўяўляла сабой частку карты Беларусі. Зразумела, што галоўная задача кожнай дружыны заключалася ў тым, каб скласці ў адзінае цэлае выяву нашай роднай краіны. Наведвальнікі гульні прайшлі этапы конкурсу “размінка”, “бліц-апытанне”, “адзінства ў народнай мудрасці”, “мая малая радзіма”, “нашыя дзяржаўныя сімвалы”, “любімая Беларусь”.
Надвячоркам гараджан і гасцей Петрыкава чакала творчая праграма “Зямля пад белымі крыламі”. Забягаючы наперад, адзначу, што гэта, на маё сціплае меркаванне, быў адзін з лепшых канцэртаў апошняга часу. Складана сказаць, ці то агульная атмасфера свята, якой скарыліся ўсе ўзросты, ці то жанравая разнастайнасць урачыстасці выклікалі станоўчыя ўражанні, але авацыі ў канцэртнай зале, пэўна, было чуваць далёка ад раённага Дома культуры. Народныя песні, сучасныя эстрадныя кампазіцыі, што даўно заслужылі любоў слухачоў, харэаграфічныя пастаноўкі, жывы гук ад добра вядомага ВІА, удзельнікі якога назваліся ў гэты вечар проста “Петрыкоўцы” падарылі гледачам сапраўдны адпачынак для душы. Канцэрт завяршыўся сімвалічнай песняй “Разам”, які выканаў жаночы хор “Надзея” Дзіцячай школы мастацтваў.

Петрыкаўшчына адзначыла Дзень народнага адзінства
Жывы гук ад ВІА “Петрыкоўцы” падарыў гледачам сапраўдны адпачынак для душы

Мінула свята. З адлегласці некалькіх дзён, асэнсоўваючы як падзеі Дня народнага адзінства, так і мэту гістарычнага шляху беларускага народа ўвогуле, хацелася б адзначыць: самае маладое свята дзяржаўнага календара нашай краіны – своеасаблівая, няхай і невялікая, прыступка шляху незалежнасці Беларусі. Мы даказалі ўсяму свету, а галоўнае – сабе, што беларусы не горшыя за іншыя нацыі. Мы не меней працавітыя, шчырыя, таленавітыя, добразычлівыя. Мы – розныя, але ўсе аднолькава верым у свае сілы, спраўляемся з цяжкасцямі і годна пераадольваем перашкоды. Надышоў час канчаткова ўсвядоміць, што адпачываем і працуем, гадуем дзяцей і ўнукаў, жадаем “людзьмі звацца” мы не паасобку, а разам!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о