Часам бывае немагчыма зразумець і растлумачыць дзеянні ці іх адсутнасць людзей у пэўных жыццёвых сітуацыях. Кажуць жа: чужое жыццё – поцемкі. Затое вынік відавочны, асабліва калі размова ідзе пра дамашняе насілле.

Ці было выйсце?

Нядоўгім было сямейнае жыццё гэтай пары. Усё ўмясцілася ў чатыры месяцы і некалькі тамоў крымінальнай справы, спрэс запоўненай заключэннямі патолагаанатама пра цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару – Святланы, яе маці, васьмідзесяцігадовага суседа.

Часта і моцна выпіваючы, Мікалай меркаваў, што павінен сачыць за прыстойнасцю паводзін іншых. Сужыцелька Святлана, як аказалася, не адпавядала яго ідэалу. Цешча Валянціна выпівала, але нікому не шкодзіла, праўда, нідзе не працавала. Тое і ўзяў дамашні дэспат за асноўны аргумент, імкнуўся дастукацца да сумлення жанчын кулакамі, нярэдка здаралася, і нагамі. Пад гарачую руку часцей трапляла Святлана, мужчыну не спыняла нават яе цяжарнасць.

Апошні месяц іх сумеснага жыцця падрабязна выкладзены ў лістах судовай справы. Напрыканцы студзеня, у час чарговага “выхаваўчага моманту”, цешча папрасіла прытулку ў кватэры састарэлага суседа. Той жа, яшчэ маючы веру ў павагу да яго ўзросту, звярнуўся да Мікалая з ушчуваннямі, маўляў, супакойся, нельга так, жанчына ж. Аргументамі ў тлумачэнні надакучліваму суседу сваёй пазіцыі сталі кулакі ды ногі. Пасля пералому сківіцы і іншых не менш сур’ёзных пашкоджанняў дзед перастаў умешвацца ў чужое жыццё.

Кульмінацыя гісторыі наступіла ў сярэдзіне лютага. Шматдзённыя пабоі не падштурхоўвалі жанчын да таго, каб нешта змяніць у сваім жыцці. Пакуль не здарылася бяда.

У тую ноч Мікалай прыйшоў дадому ў трэцяй гадзіне ночы. Біў Святлану, кідаў па ёй рэчы, не пашкадаваў і мікрахвалевай печы. Потым настала чарга старэйшай жанчыны. Біў доўга, некалькі гадзін, з перарывамі на адпачынак ды перакуры.

У абед наступнага дня ў іх кватэру пастукаліся супрацоўнікі міліцыі. Не, не таму, што іх выклікалі самі пацярпелыя жанчыны ці суседзі, якія ў тую ноч таксама не спалі. Міліцыянеры павінны былі ўзяць пад варту Святлану з-за здзейсненага ёй крадзяжу.

Жанчын знайшлі ў адным з пакояў. Малодшая глядзела на гасцей збітым тварам, а старэйшая ўжо хрыпела, пачаліся сутаргі.

Праз дзевяць дзён Валянціна памерла. Спіс пашкоджанняў, што нанёс ёй Мікалай, умясціўся якраз на старонку друкаванага тэксту. Магчыма, каб у тую жудасную хвіліну яе перадалі ў рукі медыкаў, засталася б жывая. І гісторыя мела б іншы фінал.

Судом раёна Мікалаю за злоснае хуліганства ў адносінах суседа, катаванне сужыцелькі і нанясенне цялесных пашкоджанняў, якія сталі прычынай смерці Валянціны, быў вынесены прыгавор пра пазбаўленне волі тэрмінам на адзінаццаць гадоў.

Чаму? Чаму цярпелі, не шукалі паратунку, не беглі ад гэтага чалавека, ратуючы жыццё сваё і таго дзіцяці, якое павінна было нарадзіцца, але з-за пабояў так і не з’явілася на свет? Ведалі ж, што ён раней быў асуджаны за прычыненне цялесных пашкоджанняў, разбой. На што спадзяваліся?

 

Бачыць, каб папярэдзіць

Сёлета ў раёне зарэгістравана 12 злачынстваў на бытавой глебе. Прычым палова з іх (дзеянні сексуальнага характару ў адносінах непаўналетняй) здзейснена на працягу некалькіх гадоў адным чалавекам, а выкрыліся толькі цяпер. Іншыя злачынствы – катаванні, пагроза забойствам. Праўда, у гэтых выпадках сітуацыя больш абнадзейвальная. Жанчын білі мужы ці сужыцелі, тыя паведамлялі ў міліцыю. Дамашнія насільнікі стаялі на ўліку і пасля рэгістрацыі трох фактаў прыкладання рук у адносінах іх узбуджаліся крымінальныя справы. Прычым у адным з выпадкаў нават было вынесена ахоўнае прадпісанне, калі дэспат не мае права ўступаць ні ў якія кантакты са сваёй ахвярай, тое таксама было ім парушана.

Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Нясцярчук пазначыў, што на цяперашні момант на прафілактычным уліку знаходзяцца 27 дамашніх насільнікаў. Толькі сёлета ў лячэбна-працоўныя ўстановы былі размешчаны 23 жыхары раёна, большасць з якіх пагражалі спакойнаму і вартаму жыццю сваіх родных.

А вось па факце апісанага злачынства сітуацыя мела ўтоены характар. Ранейшыя судзімасці Мікалаем М. былі пагашаны, у поле зроку праваахоўнікаў як парушальнік адміністрацыйнага заканадаўства ён не трапляў. Ніводнага звароту пра насілле, учыненае ім, у РАУС не паступала, пакуль перад міліцыянерамі не паўстала тая жудасная карціна.

– Найважна папярэдзіць бытавыя злачынствы менавіта прафілактычнымі мерамі, – гаворыць Андрэй Несцярчук. – Адна з іх – адказнасць па артыкуле 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Толькі за дзесяць месяцаў сёлета па ёй панеслі пакаранне 25 чалавек, што амаль утрая больш папярэдняга года. Тое дае свае вынікі: фактычна зніжана колькасць злачынстваў на бытавой глебе, а таксама злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення.

Начальнік аддзела АПП адзначае, што калі выяўляецца факт сямейнага насілля ў адносінах любога з членаў сям’і і калі разам з дэспатам пражываюць непаўналетнія дзеці ці людзі састарэлага ўзросту, то інфармацыя перадаецца ў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр ці тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адпаведна. І на тое не патрабуецца згоды бацькоў дзіцяці ці іншых членаў сям’і. Іншая справа, калі парушаюцца правы дарослага дзеяздольнага чалавека. Без яго пісьмовай згоды інфармацыя не можа быць выдадзена ніякім службам.

 

Прытулак для ахвяр

Рэўнасць нярэдка становіцца прычынай сямейных канфліктаў. А калі гэта пачуццё падмацоўваецца пэўнай колькасцю праміляў, то і да бяды – адзін крок.

Надзея патэлефанавала ў 102, калі апынулася на вуліцы, ратуючыся ад мужа. Дзяцей паспела зараней адвесці да сяброўкі, ужо ведала, што дома наспявае чарговая бойка. Мужчына, даведаўшыся, што жонка выклікала міліцыю, даў драпака – быў баязлівага дзясятка. Праваахоўнікам так і не давялося ў тую ноч пагутарыць з насільнікам, таму невядома было, чым магла скончыцца сітуацыя для жанчыны. Як і іншым ахвярам дамашніх дэспатаў, ёй было прапанавана размяшчэнне ў крызісным пакоі. Падпісаўшы згоду на перадачу інфармацыі ў сацыяльную службу, якая займаецца ў нашым раёне ахвярамі насілля, жанчыну перадалі пад ахову ў крызісны пакой. У тую ж ноч яна змагла пагутарыць з псіхолагам, вызначыць для сябе далейшую схему дзеянняў, адкарэктаваную не сяброўкамі-“дарадчыцамі” і матуляй-“жалобшчыцай”, а спецыялістам у сферы сямейных адносін. А раніцай, калі яе жыццю і здароўю ўжо нічога не пагражала, жанчына вярнулася дадому.

Сёння крызісны пакой у любы час сутак можа стаць прытулкам для любога чалавека, у адносінах якога здзейснена насілле – жанчыны ці мужчыны з дзецьмі і без, састарэлага чалавека. І застацца тут, пакуль не адпадзе неабходнасць. Спальны пакой з двума ложкамі і пасцельнай бялізнай, кухня з поўным абсталяваннем, пральня, санітарны пакой – умовы задаволяць самых пераборлівых. Трапіўшы сюды, чалавек мае права, калі на тое ёсць неабходнасць, атрымаць гуманітарную дапамогу, харчаванне для дзяцей, аднаразовую адрасную дапамогу, бясплатную юрыдычную кансультацыю. З пацярпелымі працуе вузкае кола спецыялістаў, якія падпісваюць дакументы пра невыдаванне інфармацыі. Таму пра месца знаходжанне ахвяры насілля даведацца нельга. Прычым, гэты чалавек таксама дае пісьмовы абавязак не выдаваць месца, дзе знаходзіцца крызісны пакой.

Выйсце ёсць! Трэба толькі не баяцца самому сабе прызнацца, што нешта ў жыцці ідзе не так, і адчуць жаданне змяніць сітуацыю, перастаць быць ахвярай.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Маўчанне –  згода на злачынства Маўчанне –  згода на злачынства

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о