Місія бацькі – любоў, клопат, адказнасць

0
629

На Петрыкаўшчыне працягваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя Тыдню бацькоўскай любові. Мы ўжо адзначылі, стаўшы традыцыйным для Беларусі Дзень Маці, а 21 кастрычніка ўпершыню адзначым Дзень бацькі. Ініцыятыва аб заснаванні гэтага дня прагучала падчас звароту Прэзідэнта краіны з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 28 студзеня бягучага года. Кіраўнік дзяржавы ідэю падтрымаў і 9 чэрвеня быў падпісаны Указ №198  аб увядзенні новай даты ў каляндар дзяржаўных свят.
Запыталіся ў землякоў моцнага полу, што для іх чакаемая падзея?

Місія бацькі – любоў, клопат, адказнасцьАляксандр Маслаў, урач-рэаніматолаг:
– Безумоўна, мне прыемна, што ў Беларусі ўпершыню афіцыйна будзе арганізаваны Дзень бацькі.
Мы з жонкай выхоўваем 7-ых дзяцей. Малодшаму сыну 1,5 года, а старэйшы 18-гадовы хлопец служыць у войску.
Мне здаецца, у грамадстве правільна сфарміраваны культ маці, але, улічваючы патрэбы часу, правільным будзе і падтрымаць бацькоў, якія часта з’яўляюцца выключна здабытчыкамі.
Важна данесці да мужчын, што яны таксама маюць права заставацца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцям. Я ў дэкрэтным яшчэ ніколі не быў, але сёння, праз пэўны прамежак часу, нават шкадую, што не скарыстаўся гэтай магчымасцю.
Раю мужчынам не баяцца заводзіць сям’ю і на роўных з жонкаю клапаціцца пра дзяцей, нічога страшнага ў гэтым няма. Бывала і мяне жонка на некалькі дзён пакідала з малым дзіцям. Прызвычаіся. І зараз ужо сам магу даваць парады.
Сёння тата павінен быць бліжэй да дзіцяці, а не толькі прыносіць грошы. Павінен умець яго і пакарміць, і перавіць, часам, прыняць на сябе ролю маці. Увогуле, прымаць удзел у выхаванні. Гэта карысна для двух бакоў – дзіцяці і бацькі. Менавіта тады будзе і сям’я мацней!

Місія бацькі – любоў, клопат, адказнасцьПротаіерэй Дзмітрый, настаяцель Узнесенскай царквы:
На маё меркаванне, неабходна звярнуць увагу на гэты дзень таму, што, як правіла, дзеці носяць імя па бацьку і прозвішча бацькі і з хрысціянскага пункту гледжання мужчына з’яўляецца неад’емнай часткай сям’і.
Бацька-працаўнік, бацька-карміцель, бацька-абаронца які любіць сваіх жонку і дзяцей, – вось вобраз сапраўднага сталага мужчыны, які трэба фарміраваць у грамадстве і праз які неабходна тлумачыць такое глыбокае і важнае паняцце, як адказнасць за сям’ю, бо будучыня сям’і ляжыць на бацькавых плячах.
Каб дзіця вырасла шчаслівым, добрым і моцным, яму неабходна багата станоўчых прыкладаў: хадзіць у храм з бацькамі, дапамагаць па хаце маці і бацьку. Калі дзеткі будуць выхоўвацца ў асяродку хрысціянскіх арыенціраў, то ім не цяжка будзе зразумець, што такое добра і што такое дрэнна.
Варта разумець, што на лёс дзяцей істотна ўплываюць узаемаадносіны паміж бацькамі. Дзеці, назіраючы за шчырай працай бацькі, яго пільным клопатам пра блізкіх, гарачую любоў да сям’і – будуць мець станоўчы жыццёвы прыклад, які стане падмуркам для светапогляду падрастаючага пакалення.

Місія бацькі – любоў, клопат, адказнасцьАнтон ФІЛАТАЎ, механізатар КСУП “Запаветы Ільіча”:
– Нядаўна ў мяне нарадзіўся сын, у сям’і падрастаюць яшчэ двое дзяцей. Лічу, што Дзень бацькі, які будзе адзначацца ўпершыню ў нашай краіне, гаворыць пра тое, што грамадства высока цэніць ролю мужчыны ў выхаванні дзяцей. У нашай сям’і за выхаванне дзяцей аднолькава адказныя абодва бацькі. Канечне, маці з дзецьмі праводзіць больш часу, сочыць, каб яны былі не галодныя, чыстыя,  жылі ў чысціні і спакоі. Але мы, бацькі, клапоцімся, каб забяспечыць усім неабходным сваіх родных. Што датычыцца выхавання ў дзяцей асноўных чалавечых якасцяў і каштоўнасцяў, то тут муж з жонкаю  бяруць на сябе аднолькавую адказнасць. На маю думку, можа нават менавіта бацька той чалавек, хто сваім аўтарытэтам і прыкладам параіць ужо пасталеўшым дзецям, як правільна будаваць сваё жыццё.
Скажу шчыра – прыемна,  што і ў мужчын, нараўне з Днём Маці, з’явіўся такі дзень.

Падрыхтавалі Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, Арцём ГУСЕЎ, Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о