Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў, які раней меў назву Дзень савецкай міліцыі, так і застаўся прафесійным святам для многіх праваахоўнікаў. Тых, хто цяпер на адпачынку, але працягвае адчуваць сябе ў страі. “Міліцыянераў былых не бывае”, – так кажуць ветэраны аддзела ўнутраных спраў, якія штогод збіраюцца на сваё свята ў актавай зале на Гагарына, 25.

Сёлета ў час урачыстай часткі сустрэчы, бо ёсць і неафіцыйная, як пры любой сустрэчы сяброў, па традыцыі начальнік РАУС Мікалай Семяніцкі, павіншаваўшы былых калег, уручыў узнагароды. Падзякі атрымалі ветэраны органаў унутраных спраў Міхаіл Мотуз, Аляксандр Малак і Мікалай Занкевіч. Іван Шэвель, які і цяпер у страі, быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”. А былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Пётр Дубінін атрымаў падарунак і віншаванне з нагоды чарговага дня народзінаў.

Міліцыянерамі  застаюцца назаўсёды

У тым, што нарадзіўся за дзень да дня міліцыі, Пётр Іванавіч бачыць нейкі знак, які ім, магчыма, загадзя і не быў распазнаны.

Родам з цяпер трагічна вядомай станіцы Луганскай. Тэрміновую службу давялося несці на кітайскай граніцы. Потым, дэмабілізаваўшыся, вырашыў наведаць брата, кадравага афіцэра, што на той час нёс службу ў вайсковай часці ў Петрыкаве. Ідучы ў ваенкамат станавіцца тут на ўлік, трапіў на вочы супрацоўнікам міліцыі. Моцна складзены, падцягнуты, з пільным позіркам – яго не прамінулі спыніць і запрасіць на службу. Пасля шэрагу праверак і камісій прайшоў навучанне ў магілёўскай школе транспартнай міліцыі, нейкі час працаваў у мабільным дывізіёне па ахове завода “Крышталь”. Потым вярнуўся ў Петрыкаў.

Пачынаць давялося ўчастковым у горадзе. Год за годам давалі вопыт, веды, майстэрства. Ужо будучы старшым інспектарам, патрапіў у крымінальны вышук на пасаду эксперта-крыміналіста. Служба гэта толькі ўводзілася, таму Пятру Дубініну давялося пачынаць з нуля.

– Дваццаць пяць гадоў службы праляцелі як адзін дзень, – расказвае Пётр Іванавіч пасля сустрэчы з калегамі. – У 1996 годзе ў званні маёра выйшаў у адстаўку. Ганаруся, што пачынаць мне пашчасціла з выдатнымі людзьмі, былымі франтавікамі – Гайчуком, Майсейшыным, Кнігам, Музыкам. Здаецца, было тое неймаверна даўно, нават імёны згубіліся ў памяці, але дасюль памятаю іх навуку, добразычлівасць да маладых, патрабавальнасць да сябе. У тыя гады мы былі адной структурай – міліцыя, пажарная служба, падраздзяленне аховы. А ў склад камсамольскай арганізацыі, сакратаром якой нейкі час мне давялося быць, уваходзіла пракуратура, камітэт дзяржбяспекі, ваенкамат. Гэта потым быў падзел. Але ўсе мы так і засталіся калегамі.

У свае 62 гады ветэран прыцягвае абаяннем, пачуццём гумару, дасведчанасцю і інтэлектам. Тлумачыць, што яму, ураджэнцу поўдня, многае дадзена з нараджэння. Яшчэ больш давялося выпрацоўваць у сабе. Супрацоўнік міліцыі і тым больш  крымінальнага вышуку павінен лёгка ісці на кантакт, выклікаць да сябе прыхільнасць, умець адчуваць чалавека. Таму Пятру Іванавічу і пасля выхаду на пенсію заўсёды знаходзілася месца працы. Да нядаўніх пор яшчэ працаваў на розных пасадах у сельгаспрадпрыемствах раёна. І хаця, як сам падкрэслівае, не спецыяліст у гэтай галіне, трымаў давераны яму калектыў на добрым рахунку з-за высокай выканаўчай дысцыпліны.

– Штогадовыя сустрэчы для нас, ветэранаў, важныя, – дзеліцца думкамі ў тым ліку з маладымі супрацоўнікамі Пётр Іванавіч, завітаўшы ў кабінет, дзе некалі было і яго працоўнае месца. – Найперш адчуваем сябе ў страі, патрэбнымі. Наш вопыт карысны, бо і цяпер тыя, хто забяспечаны новым сучасным абсталяваннем, а не так, як некалі мы, пытаюць у нас парады. Мы ганарымся, што аддзел, у які ўкладзены гады нашай добрасумленнай працы, знаходзіцца на добрым рахунку ў вобласці. Але не гэта галоўнае. Важна, што пасля тых цяжкіх дзевяностых сёння міліцыя мае трывалы давер у людзей. Кожны чалавек у нашым раёне адчувае сябе бяспечна, не баіцца начных вуліц і незнаёмых людзей. Часта даводзіцца чуць гэта нават ад людзей, якія засталіся жыць там, ва Украіне, але наведваюцца ў Беларусь. Мне цяжка ўсведамляць, што мая Радзіма цяпер – зона баявых дзеянняў, што там гінуць людзі, дзеці і ўнукі тых, з кім мне давялося расці, а потым вучыцца ў Магілёўскай школе міліцыі, Вышэйшай школе міліцыі СССР.

Актыўны па жыцці, мужчына знайшоў сябе ў цікавай для яго справе. Многа гадоў знаходзіцца ў складзе казачага саслоўя – вайсковы старшына, падпалкоўнік Старадубскага казацкага палка. Раней штогод выязджаў на сустрэчы казакаў трох дзяржаў на мемарыял “Садружнасць” на мяжы Расіі, Беларусі і Украіны. Быў удзельнікам парадаў у Мінску ў складзе палка казакаў. Таму да звычайнага “Служу народу і Айчыне”, цяпер дадае: “Служу казацтву, праваслаўю і Айчыне”.

Петрыкаўшчына стала Пятру Дубіну радзімай, бо тут сустрэў сваю другую палову – Наталлю Мікалаеўну, якая стала яго надзейным тылам, падтрымкай і памочнікам. Год за годам выгадавалі дачку – яна цяпер працуе пазаштатным супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх у Нароўлі. А ўнучка плануе ў хуткім часе выбіраць прафесію юрыста. Хутчэй за ўсё, тая першая сустрэча Пятра Іванавіча з петрыкаўскімі праваахоўнікамі, якая адбылася па дарозе ў ваенкамат у далёкім 1971 годзе, стала пачаткам дынастыі.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о