Ці ведалі вы, што рукадзелле добра ўплывае на псіхічны стан жанчыны, дае магчымасць супакоіцца і справіцца з ўнутранымі перажываннямі і трывогай. Гэта тлумачыцца тым, што манатоннае выкананне адных і тых жа рухаў падобнае на своеасаблівую медытацыю. У тых, хто займаецца рукадзеллем, змяняецца, выраўноўваецца сардэчны рытм, сыходзіць напружанне ў цягліцах і нервовай сістэме. Акрамя таго, падобныя заняткі вельмі добра адцягваюць ад паўсядзённых клопатаў, аднаўляюць сілы пасля цяжкага дня.

Рукадзелле – адзін з магутных жаночых інструментаў, які дазваляе супакоіць і структураваць паток думак, а гэтак жа зняць эмацыйнае напружанне.

“Людзям падабаецца, значыць, раблю недарэмна…”

Яўгенія Шэўка з Мышанкі працуе сацыяльным работнікам вось ужо шэсць гадоў. Той, хто мае ўяўленне пра дзейнасць сацыяльных работнікаў, добра ведае, як гэта – працаваць з пажылымі людзьмі. Быць для іх памочнікам, дарадцам, у некаторай ступені псіхолагам. Многія сацыяльныя работнікі замяняюць пажылому чалавеку сям’ю, асабліва таму, хто насамрэч адзінокі.

Але не будзем развіваць гэту тэму. Сёння хочацца распавесці пра творчыя здольнасці маладой жанчыны, а не пра яе прафесійныя якасці.

Яўгенія замужам. Сям’я выхоўвае двое дзетак: Марыі – 12 гадоў, Ягорку – чацвёрты гадок. Муж Віталій – вадзіцель, займаецца грузаперавозкамі. Сям’я, са слоў Яўгеніі, добра ставіцца да яе захапленняў. Дачка нават просіць навучыць і яе, асабліва калі пабачыць некаторыя новыя работы маці.

“Людзям падабаецца, значыць, раблю недарэмна…”

– Па спецыяльнасці я прадавец, у свой час скончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны каледж. Рукадзеллем стала займацца, калі дачка маленькая была, – пачала свой аповед мая суразмоўца. – Жывем у сельскай мясцовасці, тут мала чаго ёсць для дзяўчынак (заколкі, абадкі, іншыя аксэсуары для валасоў). Неяк убачыла ў Інтэрнэце вельмі прыгожыя заколкі, заказала, даслалі, дачцэ спадабаліся, але яны не паслужылі працяглы час: адпала гумка і банцік рассыпаўся. Вырашыла адрамантаваць, атрымалася. У ходзе работы паглядзела , што нічога складанага няма. Так само па сабе і прыйшло рашэнне паспрабаваць рабіць такія рэчы.

Як у наш час любяць казаць – «Гугл у дапамогу». І тое праўда: у Інтэрнэце столькі падказак і майстар-класаў . Так і пачалася мая творчасць. Меркавала, што доўга буду мучыцца з асваеннем майстэрства, але аказалася , што гэта вельмі лёгка, было б жаданне і цярпенне.“Людзям падабаецца, значыць, раблю недарэмна…”

Потым матулі дзяцей, разам з якімі наведвала садок дачка,  сталі пытацца, дзе купіла гумкі ці абадок? Маўляў, сама зрабіла, дык і нам зрабі.  Вось так стала рабіць па просьбе то на падарунак, то для сябровак.

Потым у свякрухі быў дзень нараджэння і паўстала пытанне , што падарыць? Стала шукаць у Інтэрнэце і знайшла цікавыя вырабы – дрэвы з зярняткаў кавы. Вырашыла: чаму б і не? Час заняла работа працяглы, але цярпенне і праца ўсё ператруць, атрымалася. Падарылі, усім спадабалася. Так і стала рабіць тапіарый для сябе і на падарункі блізкім, у дзіцячы  садок на мерапрыемствы.

Два такія дрэвы нават у Іспанію “з’ехалі”. У нас у Мышанцы дзяўчаты паведамілі адной жанчыне, што я раблю вельмі прыгожыя дрэвы, а ёй якраз трэба было родным зяця падарыць нешта цікавае і незвычайнае. Я паказала, што магу зрабіць, і ёй вельмі спадабалася . Потым дзякавала і казала, што ўсе былі ў захапленні, што такое можна зрабіць сваімі рукамі, у Іспаніі такога не робяць.“Людзям падабаецца, значыць, раблю недарэмна…”

Скажу, што кожная праца добрая па свойму, бо ў яе ты ўкладваеш душу. Займаюся рукадзеллем па вечарах да глыбокай ночы пакуль не скончу. Ёсць жаданне паспрабаваць, асвоіць букеты з мыла.

Людзям падабаюцца мае работы, значыць, займаюся гэтым недарэмна.

– Што ж, дзякуй вялікі за аповед і за Вашу творчасць. Магчыма, з’явіцца жаданне прыняць удзел з выставай сваіх работ у фестывалі “Кліч Палесся”?

– Так, я не супраць, такое жаданне ёсць, буду ўдакладняць, як гэта рэальна вырашыць.

– Поспехаў, натхнення, новых напрацовак у рукадзеллі, дабра і ўтульнасці дома!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота з сацыяльных сетак.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о