У пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, калі толькі-толькі беларусы наноў рэфармаваліся як нацыя, калі ці не палова маіх настаўнікаў былі сябрамі БНФ, а Быкаў быў жывы і напісаў “Сцюжу”, у гэтай самай “Сцюжы” я вычытаў лаканічную, але ёмістую, па сутнасці, фразу, якая дапамагла мне, 17-гадоваму студэнту-філолагу, разабрацца ў нюансах патрыятызму.

“Патрыёт любіць сваё, а нацыяналіст болей ненавідзіць чужое”.

І гэта некаторым чынам адбілася на фарміраванні майго ў цэлым касмапалітычнага светапогляду, але… патрыятычна скіраванага. У тым сэнсе, што мне падабаецца ўвесь свет, усе кантынеты, краіны і дзяржавы, іх культура, архітэктура, можа, нават палітыка, калі яна, зразумела, гуманістычная, але найбольш мне мілы родны кут, яго, можа, і не надта шчаслівая гісторыя, яго прыгожыя, добрыя, працавітыя і таленавітыя жыхары, музыкі і літаратары, калгаснікі і швачкі.

І, ведаеце, я вельмі і вельмі не супраць, каб нашы вуліцы і завулкі, прадпрыемствы і школы побач з касманаўтамі, заслужанымі (гэтае слова варта падкрэсліць) дзяржаўнымі дзеячамі, героямі вайны і працы, літаратарамі і кампазітарамі – беларускімі, рускімі ці французскімі – насілі назвы мясцовых пісьменнікаў, музыкантаў і спевакоў, работнікаў іншых галін, і каб назвы гэтыя ніхто ніколі не аспрэчыў, нават і праз доўгія дзесяцігоддзі.

Возьмем хаця б самага вядомага ў ХХ стагоддзі петрыкаўчаніна – Дзеда Талаша, які дзякуючы Коласавай аповесці “Дрыгва” стаў самым сапраўдным брэндам нашага раёна. Ну няхай сабе кажуць, нібы ён быў надта ж хітрым і па-свойму карыстаўся гэтай выпадковай славай. Але насамрэч і край наш праславіў, і за тое яму дзякуй і … бюст у гарадскім парку, вуліцу і завулак у цэнтральна-ўсходняй частцы райцэнтра.

У населеных пунктах Петрыкаўшчыны ёсць вуліца нашага пісьменніка Міколы Гамолкі, гераічных землякоў Аляксандра Ліпунова, Фёдара Малышава, Уладзіміра Мотуза, Рыгора Караля, Віці Сітніцы, Уладзіміра Жэжца, аднаго з першых партызанаў – Герояў Савецкага Саюза Ціхана Бумажкова, які хоць і не ўраджэнец нашага раёна, але працаваў у Петрыкаве. Мікалай Чалы, які родам з Украіны,  удзельнічаў у вызваленні Петрыкаўшчыны і па-геройску загінуў бліз Дарашэвічаў. Яго імя носіць вуліца ў Петрыкаве.

 У Ляскавічах у назве вуліцы ўвекавечаны подзвіг Сашы Глушко…

На вуліцы Дзеда Талаша ў Петрыкаве – каларытна
На вуліцы Дзеда Талаша ў Петрыкаве – каларытна

Ёсць у нас вуліцы імя першага касманаўта Юрыя Гагарына, лётчыка-героя Валерыя Чкалава,  пісьменнікаў з сусветнымі імёнамі Пушкіна, Талстога і Лермантава, Коласа і Купалы, а яшчэ ў нас па вуліцах і завулках бегаюць басаногія фрунзеўцы, луначарцы, свярдлоўцы і кіраўцы, люксембуржцы і лібкнехтаўцы, якія і да нас, і нават у большасці да ўсёй рэспублікі увогуле не маюць ніякага дачынення. І наўрад ці гісторыкі праз дзесяцігоддзі змогуць даказаць заслужанасць іх вываду на вулічныя шыльды і бакі рачных цеплаходаў-ракет.

А ў Бабунічах сельскагаспадарчае прадпрыемства носіць назву “Запаветы Ільіча”. Не ведаю, як вы, шаноўныя сябры, але мне падаецца, што гэта менавіта той выпадак, калі назву ўсё ж варта аспрэчваць – праз дзесяцігоддзі.

У адным з лістоў у нашу рэдакцыю вядомы ветэран напісаў, што гісторыю перапісваць нельга. І тут я хачу не пагадзіцца з паважаным земляком. Гісторыю перапісваць абавязкова трэба, калі раней яна падавалася неаб’ектыўна і непраўдзіва. Але пераказваць яе трэба безацэначна, фактоўна, як ёсць.

Давайце паразважаем. Калі раней лічылася і ўся ідэалогія цвёрда пераконвала, што беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны страцілі кожнага чацвёртага, а пазней, пры ўдакладненні дадзеных, чамусьці апынулася, што кожнага трэцяга, то ў гэтым выпадку трэба перапісаць падручнікі ці не? Калі раней гісторыкі сцвярджалі, што Хатынь спалілі нямецкія салдаты, а затым ужо не без доказаў з’явілася меркаванне, што ў смерцях людзей вінаваты большым чынам паліцаі, трэба шукаць праўду і ў выніку пры неабходнасці перапісаць гэты факт ці не?

Не хочацца заклікаць да пазіцыі “дагадзіць сённяшняму”, але ці падабаюцца вам, дарагія сябры, назвы вуліц, прадпрыемстваў, газет і параходаў кшталту “40-50-60 гадоў Кастрычніка”, імя Ульянава? Мне дык надта не падабаюцца, хаця… калі Ульянаў у такім выпадку гэта народны артыст СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, Дзяржаўных прэмій СССР і РСФСР Міхаіл Ульянаў,  той, што з “Дабравольцаў”, “Старшыні”, “Братоў Карамазавых” і “Варашылаўскага стралка”, заслужаны “Жукаў” савецкага кінематографа, то супроць нічога не маю. Я мяркую, што даваць назовы, якія, канечне ж, разумеюць доўгае на этапах гісторыі існаванне, трэба зноў-такі прадумана, катэгарычна, не ў даніну нейкай кампанейшчыны ці палітычнай моды.

А ці ведаеце вы, што ў нас, на Петрыкаўшчыне, былі два калгасы імя Леніна, а яшчэ “Шлях да камунізму”, “Чырвоны будаўнік”, “Бальшавік”, “40 гадоў Кастрычніка”, імя Ульянава, імя Калініна і яшчэ колькі “палымяных рэвалюцыянераў” і будаўнікоў камунізму з гэтай “гістарычнай оперы”.

Ніхто, зразумела, не мог прадбачыць, што шлях да камунізму апынецца бясконцым, у тым сэнсе, што фактычна нікуды. Украіна вунь поўнасцю пазбаўляецца ад савецкага мінулага, і там ужо няма не толькі вуліц і гарадоў з імёнамі савецкіх палітычных і грамадскіх дзеячаў, дык нават скульптуры і помнікі там сталі перарабляць на новы капыл – у гістарычных персанажаў мясцовага, нацыянальнага пашыбу. А зараз і Польшча збіраецца на законных падставах у працэсе дэкамунізацыі масава зносіць помнікі савецкім воінам.

Гэта, канечне, перабор, але будзе цалкам правільным падобныя пытанні абмяркоўваць і прыходзіць да грамадскага кансенсусу.

Не ўзнікла ж рэвалюцый і стыхійных страйкаў у народзе, калі калгас імя Калініна ў нас стаў іменавацца СВК “Новае Залессе”, а “Шлях да камунізму” пераўтварыўся ў “Кашэвічы”. А “Запаветы Ільіча” з “ульянаўцамі” чамусьці засталіся і пасля рэарганізацыі.

Дарэчы, ці ведае хто з вас хоць адзін запавет Ільіча, апрача вядомай фразы пра трохразовае “вучыцца”?

Вось і я не ведаю, і многія не скажуць, бо, па вялікім рахунку, іх і не было. У большасці выпадкаў да запаветаў прыпісваліся апошнія артыкулы і нататкі Леніна, шэраг яго цытат. Само ж паняцце запаветаў увёў у абарот на другім з’ездзе саветаў Сталін.

Тады ў якасці ленінскіх запаветаў разглядаліся наступныя: высока трымаць і захоўваць у чысціні вялікае званне члена партыі; абараняць адзінства партыі, як зрэнку вока; захоўваць і ўмацоўваць дыктатуру пралетарыяту; падтрымліваць рабочы клас у яго барацьбе супраць знешняй і ўнутранай буржуазіі; усімі сіламі ўмацоўваць саюз рабочых і сялян; умацоўваць і пашыраць саюз рэспублік; быць верным прынцыпам камуністычнага інтэрнацыяналу.

А ў Кіеве з 1925 па 1960 год стаяў нават помнік… запаветам Ільіча, дзе на элеменце браневіка поруч з бюстам Леніна стаяў чырвонаармеец у шынялі з вінтоўкай і кнігай у руках. На пярэднім боку асновы бюста была эмблема ў выглядзе скрыжаваных сякеры і якара.

Калі шчыра, то актуальным з апісанага з’яўляецца зараз хіба толькі “творчы” саюз селяніна з рабочым і пры ўмове некаторай трансфармацыі – інтэрнацыянал як сімвал міжнароднага сяброўства рабочых.

А, між іншым, Бабунічы, дзе, уласна, і базуецца сельгаспрадпрыемства з ленінска-запаветаўскай назвай, з’яўляецца радзімай камісара     130-й  Петрыкаўскай партызанскай брыгады Іосіфа Глушко, беларускай пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужанага работніка культуры Веры Палтаран. Адсюль родам, калі верыць Вікіпедыі, сучасны беларускі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Непадалёк, у Сотнічах, нарадзілася двойчы бронзавая алімпійская прызёрка, неаднаразовая чэмпіёнка свету, Еўропы і Еўрагульняў, студэнцкіх універсіяд і чэмпіянатаў свету Марына Літвінчук, у дзявоцтве Палтаран.

І чамусьці мне верыцца, што і праз сотню гадоў да асобы Іосіфа Нічыпаравіча Глушко, барацьбіта за незалежнасць краю, не будзе ў землякоў ніякіх нараканняў, а вось Ільіча-Леніна “ўдзячныя” нашчадкі перыядычна выносяць з Маўзалея…

Пра яшчэ аднаго Ільіча – “пяцізорнага” Леаніда, героя баек і анекдотаў, які таксама мог прэтэндаваць на пэўныя запаветы, давайце памаўчым.

Ніяк не прэтэндую на выключнасць майго меркавання па абазначанай тэме, а  толькі спадзяюся падштурхнуць вас, шаноўныя, да бяседы.

Ёсць, праўда, у мяне яшчэ адна тэма, з той жа “оперы” пра перапісванне гісторыі.

У 80-я гады, калі ў Вышалаўскай пачатковай школе мне ў першых класах на сіні пінжак пачапілі металічны, з выявай маленькага Валодзі Ульянава, значок акцябронка, я ведаў, з чым звязана гісторыя ўзнікнення гэтага дзіцячага руху, а дакладней, яго назва. У нас і дасюль яшчэ ёсць такое дзяржаўнае свята – у гонар Кастрычніцкай, а па-руску Октябрьской рэвалюцыі.

А вось сучасныя акцябраты чамусьці ўпэўнены, што яны гэтак называюцца, таму што калісьці даўно ў кастрычніку на месца, дзе зараз так званы нулявы кіламетр на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ўпала зорка, і гэтае месца дало пачатак усім дарогам, па якіх затым адважныя акцябраты разышліся па Беларусі. Прынамсі, так сцвярджае новая легенда.

Канечне, ідэя, пакладзеная ў аснову гэтай наватворнай легенды, прыгожая, але ж гістарычна несапраўдная. Бо калі беларускія піянеры называюць сябе нашчадкамі беларускай савецкай піянерыі, то і акцябраты гэтаксама мусяць атаясамлівацца з малодшымі сябрамі тых піянераў, з каго потым вырасталі камсамольцы, а затым і камуністы.

І гэтая маленькая гісторыя з таго разраду, калі перапісванне вялікай гісторыі не зусім апраўдана, ці дакладней, зусім не апраўдана.

І апошняе. Не так даўно ў Мінску адбыўся нацыянальны адбор прэтэндэнтаў на ўдзел у “Еўрабачанні-2018”, што пройдзе ў першай палове мая сёлета ў Лісабоне. З 93 песенных прэзентацый конкурснае журы ў фінал, які адбудзецца 16 лютага, выбрала адзінаццаць спевакоў, сярод якіх вядомыя і невядомыя беларускія выканаўцы, маскоўская студэнтка і ўкраінскі поп-спявак Мікіта Аляксееў, што выступае пад творчым імем Alekseev. І ўсё б нічога, добрая канкурэнцыя, розныя стылі выканаўцаў, ёсць з каго выбіраць, ёсць каму годна прадставіць краіну ў Партугаліі. Але, як гэта часта бывае ў шоў-бізнесе і каля яго, не абышлося без скандалаў.

Справа ў тым, што Alekseev выканаў на адборы песню “Forever”, рускі варыянт якой “Навсегда” (праўда, у крыху іншым музычным афармленні) ужо выконваўся спеваком на  канцэртах і ў аматарскім відэа, усечаны, гуляе ў інтэрнэце, а гэта нібыта парушае ўмовы конкурсу, бо ў праекце можа прымаць удзел толькі тая песня, якая “не рэалізоўвалася камерцыйна, не гучала публічна да 1 верасня 2017 года, у тым ліку і праз інтэрнэт, на носьбітах кшталту дыскаў і касет, а таксама не гучала ў эфіры”.

Такім чынам, канкурэнты ўкраінца па фінале вырашылі пайсці ва-банк і выказалі ультыматум: ці Аляксеева здымайце з конкурсу, ці мы ігнаруем фінальны адбор. А так як у нас грамадства інфармацыйнае, толькі лянівы не абсмакаваў гэтую гісторыю, а на першы план выйшла менавіта патрыятычная “песня”: няўжо ў нас сваіх спевакоў не хапае, каб пастаяць, у сэнсе – паспяваць за Беларусь.

І ў гэтым, канечне, ёсць рацыянальнае зерне, і я, па праўдзе, яшчэ не вызначыўся, кім у дадзеным выпадку мне справядліва быць – касмапалітам ці патрыётам. А як вы мяркуеце?

Пятро ШАДУРА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о