Упэўнена, што не знойдзецца ні аднаго чалавека ў Капаткевічах, хто б не чакаў летам Купалля.

Любімае  свята душыПад звонкі гук гармоніка на фурманцы, запрэжанай коньмі, работнікі ўстановы гарадскога Дома культуры ў народных касцюмах, маладыя дзяўчыны – у вобразе Купалінак, адправіліся на бераг Пцічы. Менавіта тут, ва ўрочышчы Дамаха, жыхары Капаткевічаў святкуюць старажытнае народнае земляробчае свята.

Купальскае вогнішча аб’яднала сотні гасцей не толькі з Капаткевічаў, але і з навакольных вёсак. Па словах дырэктара гарадскога Дома культуры Ядвігі Суботка,  жыхары ўжо ў пачатку лета тэлефанавалі з пытаннем: ці будзе Купалле?

– Купалле ў Капаткевічах – гэта штосьці неверагоднае, – адзначыла Ядвіга Іванаўна. – Мы толькі баяліся, што яго перанясуць на суботу. Скажу вялікі дзякуй нашаму кіраўніцтву, што дазволілі адзначыць менавіта з 6 на 7 ліпеня. Усё ж такі гэта свята душы.

– Мы імкнемся захаваць традыцыі нашых продкаў, – працягнула Ядвіга Іванаўна. – Першапачаткова, у аснову свята ляглі ўспаміны жыхароў пасёлка, затым мы прачыталі шмат літаратуры. Свята сёння – з традыцыямі продкаў, нашымі дапаўненнямі, любімымі абрадамі жыхароў гарпасёлка – выкрышталізіравалася ў той фармат, у якім мы і праводзім яго апошнія дзесяцігоддзі.

Больш за ўсё людзі любяць абрад спальвання лістоў папараці. Прысутныя загадваюць жаданні, пасля лісты кідаюць у вогнішча. Дым узносіць у неба іх жаданні і перадае Богу. Лічыцца, што калі прыгнуць праз вогнішча, выйдзе з чалавека ўсё дрэннае.

Кульмінацыяй вечара стала распальванне вялікага купальскага вогнішча. Пасля гэтага дзяўчыны і жанчыны апусцілі ў раку свае вянкі, якія стваралі з травы і іншых розных раслін, нададзенымі асаблівай сілай, як і ўся ноч на Івана Купалу таксама лічыцца чароўнай.

– Па павер’і, дзяўчаты пускаюць вянкі па рацэ, каб даведацца пра перспектывы свайго замужжа. Калі вянок плыве ўдалячынь роўна і прыгожа – уладальніца вянка хутка выйдзе замуж, калі вянок прыб’е да берага – то з таго боку хутка чакаць сватоў, а калі вянок патоне – гэта прадвесце таго, што дзяўчына застанецца адна.

На пляцоўцы мясцовыя прадпрымальнікі арганізавалі разнастайныя атракцыёны, прадавалі салодкую вату і папкорн. Карагоды ля вогнішча, вянкі з ліпеньскіх кветак і традыцыйныя пачастункі – гэты вечар работнікі культуры зрабілі незабыўным і аўтэнтычным. Па словах дырэктара Дома культуры Ядвігі Суботка, Купалле адзначылі з размахам.

– Было цікава як дарослым, так і дзецям. Асабліва хачу падзякаваць сваім работнікам за адказны падыход да арганізацыі Купалля. Асобны дзякуй сям’і Надзеі і Івана Ляўковіч, Дзмітрыю Бічану – за магчымасць праехаць на фурманцы, запрэжанай коньмі.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о