Перад адступленнем фашысты асабліва лютавалі. Людзей забівалі без прычын. Многія жыхары Навасёлак хаваліся ў той час па лесе. Некалькі сем’яў знайшлі сабе сховішча ва ўрочышчы “Сеннецкае”. Іх курані хаваліся за балацінай у гушчары.
Веснавым днём 1944 года Васіль Ракіцкі са сваім унукам Іосіфам Булыгам адправіліся за бульбай. Капец яе быў схаваны ў гушчары на ўскрайку лесу. Калі заставалася некалькі дзясяткаў крокаў да дарогі, што пралягала па лесе ад Навасёлак да Заброддзя, яны пачулі моцную гамонку. Дзед і ўнук затаіліся ў лазняку і сталі сведкамі драматычнай падзеі. Два маладыя мужчыны, узброеныя вінтоўкамі, трымалі сярод дарогі дзяўчынку і лаяліся. Потым адзін з іх схапіў яе за руку і пацягнуў у лес. Дзяўчынка супраціўлялася, плакала, прасілася, але нелюдзі не звярталі на гэта ўвагі. Яны неўзабаве знялі з яе верхнюю вопратку, згвалтавалі, а потым застрэлілі. Пасля гэтага па сцяжынцы накіраваліся ўглыб лесу.
Дзед з унукам так тады і не дабраліся да бульбы. Пад вечар яны з’явіліся сюды з рыдлёўкамі і сякераю, выкапалі магілу, апусцілі цела дзяўчынкі-прыгажуні, прыкрыўшы таксама галінкамі. На жоўты ўзгорачак паклалі камень.
Ішлі гады, грудок апусціўся, зарос травой. Падгніў і крыж, які быў закапаны кімсьці пасля вайны.
Неяк на матацыкле ехаў у вёску Млынок Міхаіл Рыжаеў. Ноч. Цемра, матор заглух, запалак няма. Ну што ты будзеш рабіць? Мужчына адцёг убок матацыкл, сеў у каляску і задрамаў. У сне з’явілася да яго прыгожая дзяўчынка, засмяялася. “У цябе ж запалкі ў калясцы ляжаць”, – сказала яна і знікла.
Міхаіл тады ж прачнуўся. Побач нікога, толькі цемра. І ўсё ж пад нагамі ў старым пінжаку знайшліся запалкі. Пры святле вогнішча Міхаіл агледзеў адзінокую старую магілу з нахіленым крыжам. Па целе прабеглі мурашкі.
Праз некалькі дзён Рыжаеў паправіў магілку, паставіў жалезны крыж.
Пасля доўгіх пошукаў усё ж удалося даведацца пра лёс дзяўчынкі, што пахавана тут. Жыла яна ў Бабунічах. Бацька і маці яе загінулі ад рук фашыстаў. Дзяўчынка засталася адна. Яна ведала, што ў Навасёлках ёсць нейкая радня. Сюды і трымала кірунак у той страшны, апошні дзень свайго жыцця.
Раней магілку вясной прыводзілі ў парадак вучні мясцовай школы. А два гады таму назад з’явілася тут прыгожая металічная агароджа, зробленая рукамі ўмельца, быў забетанаваны надмагільны грудок. Зацікавіла, хто ж гэта мог зрабіць?
Выявілася, што такім добрым чалавекам аказаўся жыхар Віцебска Уладзімір Маргун. Наведваючы сваіх бацькоў у Навасёлках, ён прыгледзеў лясную магілу і рашыў прывесці яе ў парадак.
Хто б ні ехаў, хто б не ішоў па гэтай лясной дарозе, заўсёды звяртае ўвагу на магілку збоку. Летам я часта бываю тут, зірну на крыж, які прыціснуўся да сасны, і сэрца шчымліва абмірае. Колькі ж лютасці і зверства было ў вайны! Яна нікога ніколі не шкадавала.

Уладзімір ПУГАЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о