Здаецца, ацяпляльны перыяд завяршыўся не так даўно, але прыйшоў час думаць і рыхтавацца да наступнай зімоўкі. Менавіта таму традыцыйна ў маі на чарговым пасяджэнні райвыканкама пытанне “Аб падрыхтоўцы арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна, да асенне-зімовага перыяду” разглядалася першым. Не стала гэта выключэннем і 24 мая сёлета.
Здавальняючай была прызнана мінулая зімоўка пасля дакладу намесніка старшыні райвыканкама Васіля Беразоўскага. Было адзначана, што цяпер гэта пытанне не варта адкладваць, а пастаянна трымаць яго на кантролі, бо да 30 верасня пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі павінны быць гатовы на 100 працэнтаў.
Усё ж старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка адзначыў, што ў КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” горшыя пазіцыі па нарыхтоўцы дроў. Прадпрыемству трэба ў тэрмін адрамантаваць павеці для складзіравання запасаў паліва, адрамантаваць артшчыліны, помпы, правесці з насельніцтвам тлумачальную работу па падрыхтоўцы жылых памяшканняў да ацяпляльнага перыяду. Да таго, з запланаваных рамонтаў балконаў у шматкватэрных жылых дамах у колькасці 54 штук на сёння гатовыя толькі 3. Гэта пазіцыя таксама павінна быць выканана.
На балансе камунальніка 38 цеплакрыніц і 238 спажыўцоў цеплаэнергіі. Работы па падрыхтоўцы да новага асенне-зімовага перыяду шмат.
Было дадзена даручэнне і кіраўніку РЭС Віталю Казловічу па вырашэнні пытання наконт стабільнай падачы электраэнергіі ў зімовы перыяд. Асабліва гэта тычыць вёсак, дзе часцяком здараюцца адключэнні з-за абрыву правадоў.
Другім пытаннем на пасяджэнні райвыканкама была агучана сістэма прафілактыкі безнагляднасці, правапарушэнняў і злачыннасці сярод непаўналетніх. Намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп адзначыў, што на Петрыкаўшчыне больш за 5 тысяч непаўналетніх. З іх 25 чалавек знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх па прычыне шматлікіх парушэнняў. Калі ўзяць у разрэзе школ, то 6 падлеткаў з сярэдняй школы № 2, па 5 – з Капаткевіцкай і сярэдняй школы № 1. У Капцэвіцкай школе такіх “улікоўцаў” – 3 і па адным у гімназіі, Курыціцкай, Камаровіцкай, Смятаніцкай і Скрыгалаўскай (Мазырскі раён) сярэдніх школах.
Сумная статыстыка сведчыць і пра ўжыванне падлеткамі алкаголю. Так, 18 чалавек на сёння знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце, з якіх трое – дзеці ва ўзросце да 14 гадоў.
Летась на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх былі разгледжаны 25 матэрыялаў рознага характару парушэнняў. За тры месяцы бягучага года – 11 матэрыялаў. Трое дарослых былі прыцягнуты да адказнасці за прыцягненне непаўналетніх да антыграмадскіх паводзінаў.
Падлеткі здзяйсняюць дробныя крадзяжы і хуліганствы, распіваюць алкаголь, парушаюць правілы дарожнага руху і эксплуатуюць без дазволу транспарт. Сёлета мелі месца і справы крымінальнага характару з удзелам непаўналетніх. Так, у лютым у Вышалаве двое падлеткаў пабілі чалавека. У выніку атрыманых траўм мужчына загінуў. Больш таго, злачынцы імкнуліся скрасці з домаўладання загінулага алкагольныя вырабы, але завяршыць справу не ўдалося.
Нядаўні майскі выпадак крымінальнага накірунку здзейсніў непаўналетні ў Петрыкаве: была скрадзена торба ў магазіне “АлНа”, у якой знаходзілася тавару амаль на 400 рублёў.
У чэрвені будзе разглядацца справа гвалтоўных дзеянняў з боку непаўналетняга. Як папярэдзіў Дзяніс Пятровіч, непаўналетні злачынца прызнаны псіхічна хворым. Усё ж такія выпадкі псуюць статыстыку ў раёне ды і проста выклікаюць абурэнне.
Забываюцца непаўналетнія, што без суправаджэння дарослых ім нельга знаходзіцца на вуліцы пасля 23 гадзін. Толькі вучнямі гарадской сярэдняй школы № 1 было здзейснена 17 такіх парушэнняў.
90% “цяжкіх” падлеткаў заняты ў шматлікіх гуртках і грамадскай дзейнасці. Праводзіцца шэраг мерапрыемстваў прафілактычнай накіраванасці для падлеткаў. У красавіку была зацверджана міжведамасная праграма “Клопат”. У маі праходзіла акцыя па палавой недатыкальнасці. Усё ж 25 падлеткаў на сёння на ўліку, у сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзіцца 50 дзяцей, 92 дзіцяці патрабуюць да сябе павышанай увагі з боку адпаведных служб.
Дзяніс Пятровіч засяродзіў увагу на тым, што летнія канікулы – гэта надзвычай “гарачы” час для ўсіх. Хочацца дадаць, што і бацькам не варта забывацца пра пільны кантроль за баўленнем часу і паводзінамі сваіх дзяцей. Гэта вельмі важна, бо праблемы пачынаюцца з сям’і.
З дакладам па трэцім пытанні “Аб прафілактыцы злачынстваў і сацыяльнай адаптацыі асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, а таксама аб працаўладкаванні гэтай катэгорыі грамадзян” выступіў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Мікалай Семяніцкі. Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што на ўліку такіх асоб на сёння 282 чалавека. З іх сёлета пастаўлена на ўлік – 70. За пачатку 2019 года раней асуджаныя здзейснілі 17 злачынстваў супраць 35 за мінулы перыяд года. У пераважнай большасці гэта крадзяжы.
За 4 месяцы 2019 года 100 чалавек гэтай катэгорыі прынялі ўдзел у прафілактычных мерапрыемствах, пяцёра былі накіраваны на вылячэнне ад алкагольнай залежнасці. Супрацоўнікі РАУС правялі 504 праверкі па месцы жыхарства асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Аказвалася і матэрыяльная дапамога за гэты час у памеры амаль 400 рублёў. Пяць чалавек сёлета працаўладкаваны.
Усё ж не сакрэт, што тыя, хто быў у месцах пазбаўлення волі, часцяком страчваюць сувязі са сваімі роднымі і блізкімі. Калі яны вызваляюцца, то ім проста няма куды і прытыкнуцца. Дарэчы, у нашым раёне пакой для часовага знаходжання асоб гэтай катэгорыі ёсць у гарпасёлку Капаткевічы па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 10, але там няма элементарных умоў.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка даручыў адпаведным службам прывесці ў належны выгляд гэты пакой, а таксама знайсці варыянты па прадастаўленні жылля ў Мышанцы, Капцэвічах і Петрыкаве. Не сакрэт, што хутка будзе амністыя і гэтым людзям трэба аказаць садзеянне і працягнуць руку дапамогі.

Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о