Так атрымалася, што бабуніцкіх перадавікоў сёлета збярэцца на ўрачыстасць з нагоды падвядзення вынікаў мінулага года шмат. Амаль у кожнай галіне жыхары аграгарадка праявілі свае здольнасці. І яны не засталіся незаўважанымі.

Для загадчыцы бабуніцкага харчовага магазіна № 54 “Родны кут” Ніны Блінец гэты злёт перадавікоў не першы і, спадзяюся, не апошні. Жанчына неаднаразова была ўдзельніцай раённага  мерапрыемства. І ўсё ж, як прызнаецца сама, прыемныя  хваляванні заўсёды прысутнічаюць. Акрамя таго, былі ў жыцці і запрашэнні на ўдзел у з’ездзе спажыўкааперацыі ў Мінску і на канферэнцыі ў Гомелі.

Цяжка нават уявіць, што за прылаўкам гэтага гандлёвага аб’екта Ніна Пятроўна адпрацавала ўжо 44 гады. У 1972 годзе скончыла Петрыкаўскае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць прадаўца. Год адпрацавала ў Курыцічах і вярнулася ў родныя Бабунічы.

 Прыклад сястры ўзяла і малодшая сястра Ніны Блінец  Ганна, і з 1978 года сёстры працуюць тут разам. Яшчэ адна сястра адпрацавала ў бабуніцкай школе. Брат працуе інжынерам у сельгаспрадпрыемстве “Урыцкае”. Бацькі (светлая ім памяць) вырасцілі дзяцей працавітымі. Бацька вярнуўся з вайны інвалідам, маці была вязнем канцэнтрацыйных лагераў. Дзеці імкнуліся стаць годнымі людзьмі і ў кожнага з іх гэта паспяхова атрымалася.

Будынак магазіна ў аграгарадку даволі малады, яму крыху больш за 20 гадоў. Парадак тут трымаюць жанчыны ідэальны: чысціня, прыцягальная для вачэй пакупніка выкладка тавараў, дастаткова халадзільнага абсталявання і шматлікіх паліц. Летам працуюць два кандыцыянеры.

Што датычыць асартыменту, то скажу, што вочы разбягаюцца. Ёсць усё, што душы заўгодна. Бачна, што прадукцыя свежая, бо доўга тут не залежваецца.

Штодзень завозяць да 60 боханаў хлеба і каля 40 найменняў белабулачнай прадукцыі. Каўбасныя вырабы, малочная прадукцыя, кандытарскія і гарэлачныя вырабы вытворцаў Гомельшчыны. Сапраўды, трэба падтрымліваць сваіх вытворцаў. Акцыі і скідкі дазваляюць спажыўцам эканоміць грошы. Тавар завозяць з гандлёвай базы, што ў Муляраўцы. Раней працавалі непасрэдна з пастаўшчыкамі. Завоз харчовых тавараў здзяйсняецца штодзень.

IMG_0622

Ніна Блінец і Ганна Палтаран цудоўна спраўляюцца са сваімі абавязкамі і за гэта ім кліенты ўдзячны.  Рознічны тавараабарот у супастаўных цэнах да ўзроўню 2015 года  тут склаў летась 105,6%. Менавіта гэта стала галоўнай падставай для вызначэння кандыдатуры для ўдзелу ў раённым злёце перадавікоў. Больш таго, Ніна Блінец  адзначана ў намінацыі “Лепшая па прафесіі”. Гэта заслужаная ацэнка працы жанчыны.

Ніна Пятроўна з гонарам адзначае, што ў сярэднім спажыўцы купляюць харчовых тавараў у месяц на 2500 рублёў. Гэта добры тавараабарот для вясковага магазіна. Дарэчы, побач, пад адным дахам, працуе магазін прамысловых тавараў і кафетэрый, якія на добрым рахунку.

У асабістым жыцці жанчыны таксама шмат прыемных клопатаў. Старэйшая дачка Алена працуе ў Петрыкаве ў аптэцы. Унук Максім ужо студэнт універсітэта імя Паўла Сухога.

Дачка Ганна жыве ў сталіцы. Яна ўрач неанатолаг. Цяпер знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе Валерыі і Кастуся.

Муж Ніны Пятроўны шмат гадоў адпрацаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве галоўным інжынерам. Апошні час заняты ў ЭЛПГ “Ляскавічы”.

Мы віншуем Ніну Пятроўну з чарговай пашанай, а таксама з Днём Жанчан і жадаем здароўя і выканання даведзеных планаў, а значыць, больш пакупак ад наведвальнікаў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о