IMG_7791_1Пашчасціла ў жыцці таму чалавеку, хто можа сваімі рукамі ствараць прыгажосць, якая цешыць вока, упрыгожвае жыццё, дорыць радасць. Багатая прырода нашай зямлі натхняе на стварэнне шэдэўраў народных рамёстваў. Лічы, у кожнай вёсцы сёння яшчэ можна знайсці ткачых, вышывальніц, майстроў па дрэве. У кожнага свой стыль, напрамак, сакрэт. І колькі б ні глядзеў на іх творы, нельга знайсці нават падабенства.
Вышыванымі карцінамі цяпер мала каго здзівіш, гэта ці не самы папулярны занятак для вольнага часу жанчын. Але спрадвечная палеская вышыўка на бялізне адыходзіць у нябыт. У рэдкай нават вясковай хаце сёння можна ўбачыць россып кветак па беласнежным полі абрусаў, прасцін, падзорнікаў. Але часам выпадае ўдача.
Нам пашчасціла завітаць да жыхаркі Церабава Тамары Адасенка. Здаецца, што за адно чалавечае жыццё нават нельга вышыць усё тое, што захоўваецца ў яе шафе. А немалую частку, як гаворыць сама гаспадыня, яна з задавальненнем дарыла родным і сябрам.
На зіму, калі ў хаце паліцца грубка і, бывае, копціць, Тамара Аляксандраўна хавае свае вышыванкі ў шафу, замяніўшы іх на ложках на звычайныя магазінныя капы ды покрыўкі на падушкі. Але для гасцей з задавальненнем іх прадэманстравала.

Кожны выраб – свая гісторыя: калі працавала над ім, які яшчэ з пасагам прывезла з Калінкавіцкага раёна, адкуль змалёўвала кветкі. Узнікае думка, што і мастак з жанчыны атрымаўся б нядрэнны, бо так умела перадае яна ўсе колеры і адценні, што кветкі здаюцца жывымі і вось-вось закалышуцца ад дотыку рукі. Прынамсці, уся бялізна вышытая гладдзю, а крыжыкам – толькі карціны. Аздоблена ўсё гэта яшчэ і складанаўзорнымі шырокімі карункамі, якія майстрыца таксама сама стварыла.
– Вышывала ўсё жыццё маці, – расказвае гаспадыня. – І я з дзяцінства гэтым займаюся. Крыху шыю сама, – паказвае яна на швейную машынку, што ганарова заняла месца на стале. – Цяпер у большасці перашываю ды латаю. Дачка прывезла неяк з Мазыра два часопісы з вышыванкамі, дык я ўжо амаль усе схемы адтуль вышыла. Закончу карціну ды і нацягну на фанерку. Так і вешаю на сцяну, бо няма каму мне рамкі зрабіць – ужо дзесяць гадоў як мужа пахавала. А жыву ў Церабаве ўжо 50 гадоў, муж прывёз.
Небагатае па цяперашніх мерках убранства хаты ўпрыгожана рукамі гаспадыні. Яе вырабы – яе скарб, з якім яна развітвацца не хоча. Бо, як лічыць, дзецям і ўнукам цяпер гэта не трэба, а чужым людзям нават за грошы аддаваць не згодная, каб не пашкодзілі і не загубілі. А да чужой працы ставіцца з вялікай павагай. Паказала капу, якую вышывала ды не паспела закончыць яе сястра. Забрала, некалькі гадоў працавала над ёю, бо кожнага колеру нітак трэба было з дзясятак маткоў. Сёння вышыванае поле кветак вісіць над ложкам, нагадвае пра сястру.
Шкадуе жанчына, што майстэрства яе аказалася нікому, акрамя яе, не патрэбным. Прыйдзе час, і людзі зразумеюць, што створаная сваімі рукамі прыгажосць не мае тэрмінаў і не падуладная модзе. Яна вечная і бясцэнная.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о