Зацяжныя познія замаразкі многім земляробам сёлета парушылі планы. Больш пацярпелі ад моцных, па мерках мая, зніжэнняў тэмпературы пасевы яравых культур на тарфяніках. Не абышла такая нягода і КСУП “Імя Ульянава”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Сеніковіч пакуль не спяшаецца падлічваць страты ў спадзяванні, што пашкоджанне пасеваў на 80 гектарах неглыбокае і расліны такі вазьмуцца ў рост. Але гектараў на сто насенне проса закуплена – на перасеў палеткаў.

Курс – на культуру земляробства– Пасеяна 1000 гектараў азіміны на зерне і 600 гектараў яравога аўса. Тыдні тры таму мы выйшлі сеяць кукурузу, – пазначыў Сяргей Пятровіч. – З 1575 гектараў ужо дзве трэці пасеяна. Кукуруза – прапашная культура. Таму падрыхтоўка глебы была сур’ёзнай: яшчэ з восені ўнесены гліфасаты, цяпер – арганіка і ўсё пушчана пад плугі. Зямлі пад палеткі стала болей. Некалі нашымі надзеламі карыстаўся Петрыкаўскі аграсервіс, цяпер вярнуў нам гэтыя 400 гектараў. Але нават з улікам вострага недахопу механізатараў з тэмпамі спраўляемся. На сёння засталося закончыць падрыхтоўку да пасеву каля 400 гектараў.

Падрыхтоўка да пасяўной мела свае складанасці. У кароткія тэрміны давялося забяспечыць фінансаванне рамонту тэхнікі, толькі адных колаў было закуплена каля 20. Сёння з намечаных некалі задач і пакуль не завершаных Сяргей Сеніковіч назваў рамонт аднаго з раскідвальнікаў арганікі, апарата хімічнай апрацоўкі пасеваў і тэхнічнае абслугоўванне аднаго з пяці энэрганасычаных трактараў. Рашэнне пытання з рамонтам тэхнікі дазволіла звесці да мінімуму прыцягненне да дапамогі Петрыкаўскага аграсервісу, сёлета імі толькі хімічная апрацоўка была праведзена. У кіраўніка такая тактыка – спраўляцца сваімі сіламі, лепш заплаціць сваім механізатарам, чым быць у запазычанасцях.

Летась прадпрыемства атрымала значную дзяржаўную падтрымку. Атрыманы тры энерганасычаныя трактары, апарат “Раса”, гербіцыды шырокага спектру дзеяння.
Кадравае пытанне ў гаспадарцы – вострае. На сёння са спецыялістаў працуюць толькі эканаміст, галоўны бухгалтар і загадчык майстэрнямі – усе маладыя. Нараканняў да моладзі ў кіраўніка няма, але многія пытанні яму даводзіцца вырашаць самастойна. Выратоўвае тое, што сам па спецыяльнасці аграном, ды яшчэ з немалым стажам працы ў агракомплексе.

– Нядаўна ў нас працаваў спецыяліст “Гомельгіпразем”, – дырэктар прадэманстраваў раскладзеныя карты даследаванняў. – У хуткім часе атрымаем агратэхнічны пашпарт. Спадзяёмся, што зможам улічыць усе асаблівасці нашых земляў, правільна скарыстацца інфармацыяй пра наяўнасць у ёй рухомых формаў фосфару, калію і азоту, кіслотнасцью і насычанасцью гумусам. Ураджай наступнага года ўжо сёння трэба фарміраваць.
Звычайна ў першай дэкадзе чэрвеня гаспадарка пачынае нарыхтоўку зялёнага корму. Два прэсы, новыя касілка і граблі чакаюць выхаду ў поле. Але ў прытрымліванні гэтага тэрміну даводзіцца сумнявацца. Паўсюдна двойчы падкормленыя травы і люцэрна амаль спыні-ліся ў росце, чакаючы цяпла. Сяргей Пятровіч настроены, тым не менш, аптымістычна. Дасюль у гаспадарцы ёсць кармы для пагалоўя. Летась сена было нарыхтавана 1,5 тысячы тон. Сухога корму і сіласу павінна хапіць да пачатку ліпеня. Але такі рацыён не дае гаспадарцы павысіць надоі, тармозіць многія запланаваныя справы.

– У нас востра стаіць пытанне з рэканструкцыяй хлявоў, – агучыў праблему дырэктар прадпрыемства. – Плануем сёлета правесці пераабсталяванне сістэмы гноевыдалення. На сёння трэба памяняць 8 сістэм. Будзем выганяць статкі на палеткі, рамантаваць хлявы. Існуючыя ланцуговыя гноевыдаляльнікі ў хлявах не толькі перыядычна выходзяць са строю, але і патрабуюць многа ручной працы. Мы ж павінны звесці яе да мінімуму.

Клопат пра работнікаў адчуваецца ў многіх момантах арганізацыі вытворчасці. Рыхтуецца разлік нормаў натуральнай аплаты працы: за кожны апрацаваны гектар механізатары будуць атрымліваць прэміяльныя ў выглядзе прадукцыі. Сваім работнікам гаспадарка забяспечвае поўны цыкл вырошчвання бульбы па льготных расцэнках. Лепшым механізатарам перадаецца новая тэхніка. Кіраўнік нацэлены і на стварэнне дадатковых умоў. Як асаблівае дасягненне можна пазначыць чысціню ў бытавых пакоях і вытворчых памяшканнях. Санітарныя дні тут – абавязковая ўмова для ўсіх працаўнікоў.
– У нашым аграгарадку жыхароў становіцца менш, таму, зразумела, і сумленных работнікаў трэба берагчы і заахвочваць, – гаворыць Сяргей Пятровіч. – Механізатары Юрый Лыскоў, Анатоль Сарочык, Мікалай Дуброва, Мікалай Сянько і некаторыя іншыя – гэта той касцяк, на якім сёння трымаецца гаспадарка. Самі палічыце: Анатоль Сарочык падкарміў на “Расе” 1000 гектараў азіміны. Сам падвозіў, грузіў і распыляў. Юрый Лыскоў практычна самастойна пасеяў усе палеткі кукурузы. Гэта гонар і надзея нашага прадпрыемства. І ад правільнага падыходу да арганізацыі іх працы залежыць тое, якім будзе вынік.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о