Кулінарыя, літаратура і ёга – вось яго дакументы

Сёлета ў наш раён прыехалі маладыя спецыялісты. Хтосьці з задавальненнем трапіў на працу, а хтосьці просто выконвае свой грамадзянскі абавязак – адпрацоўвае размеркаванне.   Дык вось, чытачы, мы пачынаем рубрыку, дзе будем распавядаць пра маладых,  таленавітых і апантаных  асоб, якія толькі пачалі свой прафесійны шлях.
Першы, пра каго вы сёння даведаецеся, – загадчык Ляскавіцкай участковай бальніцы Дзяніс ВАЛОХІН.

Кулінарыя, літаратура і ёга – вось яго дакументы. Інтэрв'ю з маладым урачом

 

Дзяніс Уладзіміравіч  – амбіцыйны малады чалавек, які сур’ёзна ставіцца да сваёй прафесіі і плануе ў будучым стаць добрым урачом. Ён ужо вядомы ў Лясковічах, гэта зразумела, бо аграгарадок не такі вялікі.

Вядомы Дзяніс не толькі прафесійнымі якасцямі, але і пазітыўным настроем,  цікавымі поглядамі на жыццё і нестандартнай знешнасцю: хлопец мае татуіроўкі, дліныя валасы, якія збірае ў хвост, і …катом-сфінксам, які часта суправаждае доктара.

Кола інтарэсаў маладога чалавека вельмі шырокая – гэта мастацкая і навуковая літаратура, кулінарыя, спорт, фатаграфія, ёга.

–  Мяне зусім не турбуе, што я прыехаў з даволі вялікага горада Гомеля ў маленькія Ляскавічы, – пачаў нашу размову малады ўрач. – Куды б ты не паехаў, ад сябе не ўцячэш. Калі ў Ляскавічах вырашыцца пытанне жылля, то я тут з задавальненнем застануся працаваць і жыць на доўгі час. Але ўявіце, у Гомелі ў мяне ёсць свая кватэра, ёсць месца для працы і прафесійнага росту, навошта мне тады тут “сядзець”?

Дзяніс, дарэчы, нарадзіўся ў Петрыкаве, потым з бацькамі пераехаў у Мазыр, а школу скончыў у Гомелі.

У часы, калі наведваў нашу сярэднюю школу № 1, ён быў вядомы як хлопчык, які прачытаў усю бібліятэку.

–  Гэта сапраўды так, але я амаль нікому пра гэта з сябраў не распавядаю, каб не трапіць у спіс батанікаў.

Усё пачалося з музычнай школы. Я настолькі не любіў займацца музыкай, што прагульваў заняткі ў мясцовай бібліятэцы. Цікавы факт, што бібліятэка адкрывалася ў 8 гадзін раніцы, а ў 7:50 я чакаў пад дзвярымя. Аднойчы нават быў артыкул у вашай газеце пра мяне “Хлопчык, які перачытаў усю бібліятэку.

У вольны час наш герой любіць гатаваць розныя спецыфічныя стравы.

–  Вы калі-небудзь вячэралі стэйкам з акулы? Ці ялавічным медальёнам у соўсе з белага шакаладу? Ці курыцай у мядовым соўсе?

Гатоўка – мой асабісты варыянт бавіць з цікавасцю час, але прафесію кухара сабе б не хацеў. Абавязацельствы забіваюць цікавасць. Так, калі ў мяне ёсць вольны час, я дапамагаю розным студэнтам пісаць эсэ па літаратуры або параўнальны аналіз якіх-небудзь твораў. Увогуле, літаратура – асобная частка майго жыцця. Мне вельмі падабаецца чытаць, асабліва якую-небудзь эксклюзіўную літаратуру, дзённікі знакамітых аратараў ці пісьменнікаў, напрыклад. Падабаецца нямецкая філасофія XIX стагоддзя.

Мара, якую я хацеў бы ажыццявіць тут, у Ляскавічах, тычыцца ёгі. Ужо меў размову з адміністрацыяй мясцовага Дома культуры наконт заняткаў у іх памяшканні, яны маю ідэю падтрымліваюць. Пакуль я апытваю людзей, ці будзе ім такое цікава.

Так, прафесія мая цікавая і разнастайная, але і яна патрабуе нейкай халоднасці і чэрствасці. Чаму? Таму што, калі будзеш прымаць блізка да сэрца нават смерць чалавека, то праз год у цябе не застанецца нервовай сістэмы. У мяне таксама гінулі пацыенты, у час інтэрнатуры. Вясной, восенню – гэта матацыклісты, якіх дастаўлялі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Летам – нырцоў з тым жа дыягназам.

Ведаеце, калі мы з сябрамі сустракаемся, усё роўна, размовы кранаюцца працы. Мы абмяркоўваем клінічныя выпадкі і метады лячэння. І вынік нашых размоў такі, што чалавек часцей за ўсё сам губіць сваё здароўе. Так, адзін мужчына выпіў цэлы пачак слабільнага і атрымаў сярэднюю ступень абязводжвання, яшчэ імгненне і сканаў бы. Ці такі выпадак. Мужчіна 15 гадоў карыстаўся кроплямі ад насмарку амаль кожны дзень. Ён забіў натуральныя механізмы абароны свайго арганізма. Чаму адразу не звярнуцца да прафесійнай дапамогі? На гэта пытанне маюць адказы толькі самі пацыенты… Беражыце сваё жыццё і звяртайцеся за дапамогай своечасова!

Што тычыцца маяго жыцця, то Нацыянальны парк “Прыпяцкі” прапанаваў мне жыллё ў інтэрнаце, але я пакуль туда не перабраўся. Калектыў у мяне невялікі, але дапамагаюць мне ва ўсім разабрацца.

Жыццё, як вы паспелі заўважыць, у мяне цікавае, застаецца працаваць і ўдасканальвацца ва ўсіх сферах.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о