Нягледзячы на тое, што перадвелікодны тыдзень халодны, аграрыі не спыняюць тэмпы па выкананні асноўных відаў работ. Так, настаў час закладкі ў глебу насення каралевы палёў.

Кукурузная параЯк паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага райвыканкама, усяго запланавана заняць кукурузай 20 800 гектараў плошчы. Па стане на 13 красавіка, гаспадаркі Петрыкаўшчыны пасеялі 530 гектараў, што складае 3% ад запланаванага. Да сяўбы прыступілі амаль усе сельгаспрадпрыемствы акрамя КСУП “Імя Ульянава”, ААТ “Камаровічы” і УП “Палессе-Аграінвест”.

Цяпер вельмі важна паспець з тэрмінамі сяўбы гэтай культуры, бо вільгаці ў глебе недастаткова, а кожнаму зярнятку кукурузы яна вельмі патрэбная, каб прарасці і набрацца расліне моцы.
Аляксандр Марозька з ААТ “Агра-Пціч” (на здымку) на новым энерганасычаным трактары “Беларус-3522” заняты на дыскоўцы глебы пад сяўбу кукурузы. У мінулую пятніцу механізатар рыхтаваў плошчу ў Хусным. За дзень у два следы (такі тэхналагічны тэрмін) Аляксандр падрыхтаваў 60 гектараў плошчы.
Усяго пад кукурузу пціцкія аграрыі адвялі сёлета 1500 гектараў. У мінулую суботу да сяўбы прыступіў Уладзімір Зюкін і за дзень заклаў у глебу насення на плошчы ў 40 гектараў.

Праца працай, а абед павінен быць па раскладзе. Так, смачныя абеды пціцкім работнікам гатуюць повары кафэ “Бяседа”, што належыць ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс”. Механізатары харчаваннем задаволены. Так, у пятніцу на абед быў суп з фрыкадэлькамі, макароны з дамашняй каўбасой і напітак з халвой. Што ж, даволі каларыйна.

Пажадаем усім, хто цяпер заняты на важных палявых работах, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, добрага надвор’я і паспяховай сяўбы! Веснавы дзень год корміць. Гэта сапраўды так, таму марудзіць нельга!

Інга ГІЛЕНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о