Яшчэ нядаўна на палях уздоўж “бетонкі” красаваўся рапс, свірэпіца, і вось ужо гэтыя крыжакветныя культуры змяняюць іншыя. Бліз Хуснага ў другі дзень каляндарнага лета механізатары ААТ “Агра-Пціч” Віктар Герасіменка і Аляксандр Марозька былі заняты на сяўбе кукурузы. Дождж добра прамачыў глебу, таму зярняткі хутка прарастуць і павыскакваюць пяшчотна-зялёныя расліны. Яшчэ не позна сеяць кукурузу. Пры добрых умовах з яе не толькі будзе добры сілас для рагуль, а і насенне можна будзе атрымаць.

Кукуруза – надзейная кармавая культура Кукуруза – надзейная кармавая культураЯк паведаміла рабочая зернятоку Таццяна Бужан, якая тут жа пільнавала працэс і чакала чарговай засыпкі насення ў сеялку, адной засыпкі хапае на паўтары гадзіны. Сеялка невялікая: змя-шчае пяць мяхоў вагой па 25 кілаграмаў кожны. Насенне кукурузы ладнае: закупіла гаспадарка яго на Мазыршчыне ў эксбазе “Кры-нічнае”. Таццяна Фёдараўна ўсю вясновую пару занята на засыпцы насення.

Жанчына мясцовая, з Бабрэчча родам. Ужо на пенсіі, але працягвае працаваць. Працоўны шлях пачынаўся на Гомельскім радыёзаводзе, дзе была занята дзесяць гадоў. Потым з сынамі вярнулася на малую радзіму. Маці хварэла і ёй, адзінай дачцэ, давялося даглядаць за ёй. Чатыры браты з’ехалі ў Санкт-Пецярбург, там і па сёння жывуць. Васямнаццаць гадоў мінула, як маці пайшла з жыцця. Таццяна Фёдараўна з сумам у голасе распавяла, што жыццё не песціла яе: даводзіцца заўсёды спраўляцца з нейкімі цяжкасцямі. Сыны дарослыя: старэйшы Рыгор працуе ў будаўнічай брыгадзе пціцкай гаспадаркі, малодшы Андрэй ездзіць на заработкі, ён таксама будаўнік. Ды і муж Сяргей Рыгоравіч у суседняй Расіі на будоўлях. Мне неяк шкада стала гэтую кволую жанчыну, якая мокла пад дажджом, добрасумленна выконваючы сваю справу.

У цудоўным настроі мяне сустрэлі механізатары. Аляксандр Марозька не аднойчы быў героем нашых газетных палос. Што ж, на рахунку маладога працаўніка больш за дзве тысячы гектараў падрыхтаванай пад сяўбу глебы.
Вось і ў дзень нашай сустрэчы Саша на магутным “Беларус-3522” у два следы дыскаваў глебу, а за ім ішла сеялка.

У Віктара Герасіменкі працоўны стаж куды большы за Сашавы: у гаспадарцы заняты з 1991 года. Сам з Рога. Жонка Наталля працуе сацыяльным работнікам. У цяперашніх складаных умовах, якія “падкінуў” новы вірус, даво-дзіцца Наталлі Уладзіміраўне абслугоўваць састарэлых у Багрымавічах і Пцічы.
Дзеці дарослыя ўжо: Яўген праходзіць тэрміновую службу ва ўнутраных войсках МУС, дачка Ала працуе ў сталіцы ў галіне гандлю.

Віктар Фёдаравіч паведаміў, што да сяўбы кукурузы ён быў заняты на вывазцы арганікі. Пазней перасядзе на касілку: нарыхтоўка травастою – наступная пара за сяўбой.

Што датычыць гэтай плошчы, то тут папярэдне ўнеслі мінеральныя кампаненты. Як выказаліся механізатары, плошчу ў 75 гектараў зоймуць кукурузай за бліжэйшыя пару дзён. Працуюць зранку і да 19 гадзін.
Я зазірнула ў сеялку, якая падалася мне такой маленькай. Яркія зярняткі кукурузы шчыльна занялі скрынкі сеялкі “ТСМ-8000”. Трактар “Беларус-892”, на якім працуе Віктар Герасіменка, шпарка бяжыць па полі. За дыскамі Аляксандра Марозькі ўвіхаецца чарада ад’етых белых чаек. Напэўна знаходзяць для сябе нешта смачнае ў глебе.
Пазіраючы ўслед адыходзячай тэхніцы і ўзнятым у паветра птушкам, так і хочацца сказаць – ну чым не рамантыка!?
Спрыяльнага вам надвор’я і добрага здароўя, паважаныя аграрыі!

 Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о