Куды вядзе нас рок падзей? Журналіст "ПН" наведалася да стогадовай дарашавічанкі Марыі Пінчук
На мінулым тыдні сустрэлася з жыхаркай вёскі Дарашэвічы Марыяй Дзямідаўнай Пінчук. Сёлета  ёй споўнілася 100 гадоў.
Жанчыне ў такім узросце складана гаварыць, таму на мае пытанні ёй дапамагала адказваць дачка Ніна Фёдараўна.
– Маці нарадзіла першае дзіця ў 1937 годзе, – пачала мая суразмоўца. – У 1944 яе, бацьку і двух дзяцей забралі ў Германію. Уся гаспадарка засталася ў Беларусі.
Адразу з вагонаў яны трапілі да так званых гаспадароў, амаль што на “пасаду” рабоў. Год і два месяцы  працавалі і жылі ў іх, дзякуючы гэтаму засталіся жывымі. Хто ведае, што з імі магло стацца тут, на Гомельшчыне.
З успамін маці: “Выйду ў поле ў Германіі, гляжду на гарызонт – там мая Радзіма. Ці пабачу яе калі-небудзь?”
Маленькія браты не ўсё добра разумелі. Калі рабілі штосьці не так, як трэба, іх каралі: не давалі ежы. Працавалі з раніцы да позняга вечара.
Вызвалялі іх амерыканцы напрыканцы вайны. Многія з беларусаў з’ехалі ў Амерыку. Бацькоў таксама агітавалі, але маці сказала, маўляў, куды ж я паеду, усе сваякі засталіся ў Беларусі? У яе была адна мара – апынуцца на Бацькаўшчыне.
Бацьку забралі ў войска, а мама з двума дзеткамі паехала дадому. Па дарозе першыя вагоны цягніка ўзарвалі, яна схапіла сыноў і выскачыла з вагона. Зноў выжылі.
Старэйшы брат па прыезде размаўляў выключна на нямецкай мове.
Пасля вайны маці працавала ў полі, бацька – конюхам.  Жылі бедна, але пабудаваць хату сабе змаглі.
Увогуле братоў у мяне было пяць, я шостая. Маці споўнілася 44 гады, калі я нарадзілася. Старэйшага брата называла дзядзя Коля, бо для мяне ён сапраўды быў дзядзькам.
Уяўляеце, у нашай Марыі Дзямідаўны  5 дзяцей (двое памерла), 4 нявесткі, 15 унукаў, 25 праўнукаў і 10 прапраўнукаў.
На свята накрывалі тры вялікія сталы для радні.
Самыя яркія ўспаміны з дзяцінства – абед. Бяжыш са школы, у думках толькі той боршч, што маці поставіла зранку. Туда яна дабаўляла сыроватку. Ці патоўчаная бульба з маслам і малаком.   Замест цукерак – каша з гарбуза і проса.
Так, нашай галоўнай гаспадыні ў гэтым годзе споўнілася 100 гадоў. На жаль, памяць не вечная, за апошні час стала горш. 13 гадоў даглядала мужа, які пасля гангрэны застаўся без ног. На сабе цянула ўсю гаспадарку. Гэта адбілася на здароўі, але бабулька заўсёды вяселая.
Сёння Марыя Дзямідаўна возьме палачку і пойдзе па вёсцы, яе тут усе ведаюць.  Пра што яна думае, мы не ведаем, але ўспамінаць часы вайны ёй заўсёды было цяжка.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о