Трыццацігадоваму Дзянісу Герасіменку з Пцічы няма часу, каб начамі бабахаць у World of Tanks. Ноч у гэтага маладога чалавека кароткая, бо прачынаецца ён разам са сваімі падапечнымі – шматлікімі птушкамі, што пасяліліся ў двары яго сядзібы. А птушак, як аказалася, тут зашмат.

На невялічкім кавалку зямлі гаспадар пабудаваў ладныя павеці-клеткі для экзатычных птушак. І хоць птушкі, у прынцыпе, звычайныя: куры, качкі, індыкі, гусі, цэсаркі, але ж якія прыгожыя пароды тут сабраліся! І ўсе яны сябруюць, не “сварацца”. А вось гаспадара вітаюць гучна. На Дзянісава “уля-уля-уля” збягаюцца ў адзін статак і на розныя “галасы” цікавяцца: што ж здарылася, чаго падклікаў да сябе, гаспадар? Выглядае гэта вельмі міла.

– Некалі наведаўся да аднаго мужчыны, што жыве па той бок ракі, пабачыў у яго такі ж птушыны двор і зацікавіўся, – пачаў мой суразмоўца. – Да восьмага класа я вучыўся ў Рогу, а заканчваў школу ў Пцічы. Спецыяльнасць лесавода набыў у Барысаўскім каледжы, але ў лясной галіне не заняты. Працую ў будаўнічай брыгадзе мясцовага сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, гэты дом па вуліцы Калгаснай нам прадаставіла ААТ “Агра-Пціч”.

Кубанскія гусі, камерунскія авечкі і кабыла Зорка

Пасля праходжання тэрміновай службы вырашыў заняцца дамашняй гаспадаркай. Заўсёды гэта было па душы. Нас чацвярых маці выхоўвала ў працы. Сама была цялятніцай, пазней перайшла на камбікормавы цэх. Бацька мой рана памёр, далей выхоўваў айчым.

Ведаючы, як гэта – жыць без бацькі, без сумненняў ажаніўся на жанчыне з дзіцям. Цяпер Даніла мне такі ж сын, як і наш Ягорка. Жонка Крысціна Сяргееўна працуе тут, у амбулаторыі. Усе мае новыя ідэі падтрымлівае і дапамагае. А работы ж зашмат: саджаем агароды, бо кармы патрэбны не толькі птушцы, але і авечкам, кабыле, якую я прывёз з Хойніцкага конезавода. Карову трымалі таксама, але прадалі. Тут на вёсцы мо, з дзясятак кароў у людзей засталося, але з імі шмат клопатаў.

Зорка наша добрая памочніца: вывезці арганіку на поле, бульбу абагнаць, агароды ўзараць не толькі сабе, але і вяскоўцам – кабыла маладая і працавітая. Вось толькі пакуль памяшкання для яе няма, суседзі дазволілі ставіць у свой хляўчук.

Птушку разводзіў і сам, у інкубатарах, і дарослых асобін  адкуль толькі не прывозіў!

Кубанскія гусі, камерунскія авечкі і кабыла Зорка

Гэта цяпер яны ўсе разам тут, а з лютага я іх па пародах адсаджваю, групую, каб не перамешваліся і не выводзіліся якасці адпаведнай пароды. Вось гэтыя куры са “штанамі” на лапах – “светлая брама” і мяса-яйкавы “арпінгтон” (палевы, чорны, руды), што я прывозіў з Расіі.

Вунь гусі з чорнымі дзюбамі – гэта кубанскія. Я прывозіў дзве дарослыя асобіны, а мінулым летам іх статак складаўся з 30!

Дарэчы, гусі – добрыя вартаўнікі. Пазамінулым годам да нас панадзілася ліса. Тыдзень ці больш хадзіла. Дзякуючы гусям я прачынаўся, браў ліхтарык і хадзіў па двары. Потым, дзякуй Богу, знікла.

Качкі, якія знешне падобныя на нашых дзікіх – гэта башкірская парода. Мяса і яйкі цэсарак, як вядома, вельмі карысныя для дзяцей. Ды мы ўвогуле ўсім гэтым забяспечаны ўдосталь, у магазіне не купляем. Жонка любіць пірагі, піцы выпякаць, дык яйкі хутка разыходзяцца. Да таго, кумаўя, сябры наведваюцца, дык раздаём.

А летам тут у нас шмат вясковых дзяцей, прыходзяць глядзець на наш “заапарк”.

Пайшлі на “задні двор”, я вам камерунскіх авечак пакажу!

Кубанскія гусі, камерунскія авечкі і кабыла Зорка

“Бэць-бэць-бэць”, – загаманіў Дзяніс Віктаравіч, – і статак прыгожых самак і з закручанымі рожкамі самец хуценька падбеглі да нас ды давай нас абнюхваць, языком далоні кранаць: ці што смачненькае прынеслі…

Паказаў гаспадар і сваю прыгажуню Зорку. Якая ж яна цудоўная! Поўсць такая мяккая, блішчыць на сонцы. Дзяніс дазволіў пагладзіць, папярэдзіўшы, што яна не брыкне, не ўкусіць. Ды хіба не бачна, што ў добрага гаспадара і жывёла сустракае добразычліва?!

Не перадаць, паважаныя чытачы, колькі добрых эмоцый мы атрымалі ў марозны і сонечны лістападаўскі дзень, калі наведаліся да Дзяніса Герасіменкі! Вось цікава: ці шмат ахвочай моладзі жыць так, у вёсцы, і трымаць вялікую гаспадарку? Здаецца, не! Таму жадаем Дзянісу Віктаравічу не страчваць сваю цікавасць да гэтай справы. Няхай гаспадарка вядзецца і прымнажаецца, а Вам для гэтага – поспеху і здароўя!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о