Немагчыма выхаваць паўнавартасную асобу без павагі да гісторыі і культуры сваёй Бацькаўшчыны. Дзейнасць гістарычнага музея Навасёлкаўскай сярэдняй школы сёлета накіравана на дасканалае вывучэнне старонак Вялікай Айчыннай вайны, дзе ўдзельнікамі падзей былі жыхары нашай вёскі і навакольных.

Крок у мінулае
Трагічная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны прадстаўлена шляхамі нашых землякоў на ўсіх франтах, з удзелам у вырашальных бітвах: пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе, пры штурме Берліна.
У экспазіцыі музея сабраны матэрыялы і дакументы, урадавыя ўзнагароды, лісты падзякі ад камандавання, фатаграфіі, экзэмпляры падпольных газет.
Значная частка экспазіцыі адлюстроўвае дзейнасць партызанскіх атрадаў, брыгад і падполля. Тут размешчаны фатаграфіі, спісы членаў партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Дасканала вядома, што ў 1943 годзе на тэрыторыі нашага краю былі створаны чатыры партызанскія брыгады, у тым ліку 125 Капаткевіцкая і 130 Петрыкаўская. Асаблівы гонар выклікаюць партызанскія аперацыі на чыгунцы, дзе праявілі сябе нашы землякі. Напрыклад, партызан-падрыўнік Дзям’ян Сенька пусціў пад адкос пяць варожых эшалонаў.
Наведвальнікам музея вельмі падабаецца макет партызанскай зямлянкі, якая па наяўнасці рэчаў нагадвае сапраўднае прыстанішча партызан.
У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага надаецца збору дадзеных пра ахвяр генацыду. У музеі аформлена выстава “Памяць і боль беларускага народа”, вядзецца даследчая работа па зборы матэрыялаў пра ахвяр сярод мясцовага насельніцтва, вязняў фашысцкіх канцлагераў, дзяцей, у якіх немцы забіралі кроў для параненых салдат і афіцэраў.
Формы работы музея самыя разнастайныя. Тут праводзяцца музейныя ўрокі, вучэбныя заняткі па гісторыі, беларускай мове і літаратуры, пазакласныя мерапрыемствы, урокі мужнасці, экскурсіі. Дзверы школьнага гістарычнага музея гасцінна расчынены перад наведвальнікамі. Сардэчна запрашаем наведаць наш музей!

Наталля Маліноўская, кіраўнік музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о