Атрымаць дозу задавальнення, расслабіцца, аднавіцца і выйсці прыгожай у людзі – ці не гэта любяць жанчыны? Прыгожыя і дагледжаныя рукі – залог упэўненасці і прыгажосці на кожны дзень. Менавіта так лічыць практычна кожная прадстаўніца слабога полу, якая наведвае майстра па манікюры. А калі цябе пры гэтым выслухаюць, дадуць парады і супакояць – удвая прыемна, пагадзіцеся!
Сёння сваёй гісторыяй жыцця, выбару прафесіі, навыку псіхолага з намі падзялілася дзяўчына, якая моцна захоплена нэйл-мастацтвам, што стала неад’емнай часткай яе жыцця, – Марыя Касьянава.

КРАНАЕМСЯ НЕ ТОЛЬКІ РУК, АЛЕ І ДУШ!

– Майстар па манікюры сёння сапраўды павінен быць у нейкай ступені псіхолагам, – пачала свой аповед Марыя. – Жанчыны прыходзяць да мяне з рознымі гісторыямі. Мне ёсць чаму ў іх павучыцца. Некаторай жыццёвай мудрасці я вучуся ў іх, а некаторай дзялюся сама.
Напрыклад, да мяне прыйшла дзяўчына, якую пакінуў хлопец. Выкажацца, пасумуе, але паглядзіць на свае прыгожыя рукі і пачынае сябе больш шанаваць, адчуе, што не ўсё так дрэнна, праз хвіліну яна ўжо ідзе па вуліцы і вочы яе ззяюць. Калі хтосьці лічыць быццам манікюр усяго толькі нейкая дэталь у вобразе жанчыны, хай прыйдзе да мяне і даведаецца, што гэта яшчэ і добры настрой, упэўненасць у сабе і сваіх сілах.
Увесь час працы я маю непасрэдны кантакт з кліенткамі, дакранаюся да іх рук. Вельмі важны тактыльны кантакт. Скура жанчыны вельмі адчувальная, дотык да яе можа выклікаць вялікую колькасць розных эмоцый.
Ведаеце, абдымаючы, мы атрымліваем столькі ж карысці, як і той чалавек, якога мы абдымаем. Дакрануўшыся да чалавека, мы атрымліваем інфармацыю пра яго эмацыйны стан, як ён настроены: прыязна або варожа, паслаблены ён ці напружаны.
Такая інфармацыя дапамагае мне выбраць правільную тактыку ў зносінах. Дзесьці падтрымаць, дзесьці пажартаваць, або наогул, прамаўчаць.

– Чаму так патрэбен навык псіхолага?
– Усе мы людзі і заўсёды рады таму, што камусьці не абыякава наша гісторыя, нашы праблемы і перажыванні. У першую чаргу я хачу быць карыснай людзям не толькі як майстар па манікюры, але і як чалавек з душой.
Так уладкаваны людзі, што любяць тактыльны кантакт. Мы, спецыялісты па манікюры, кранаемся не толькі рук, але і душ. Сябруем са сваімі кліенткамі, дапамагаем перажыць складаныя моманты ў жыцці.

– Як Вы ўдасканальваеце сваё майстэрства?
– Добры майстар не дапусціць доўгі час заставацца без курсаў, таму частка майго заробку сыходзіць на навучанне – майстар-класы са знакамітымі прафесіяналамі сваёй справы. І нават нягледзячы на мой досвед працы і водгукі кліентаў, усё яшчэ ведаю, што навучанне мне трэба працягваць.

КРАНАЕМСЯ НЕ ТОЛЬКІ РУК, АЛЕ І ДУШ! КРАНАЕМСЯ НЕ ТОЛЬКІ РУК, АЛЕ І ДУШ!

– Чым унікальная Ваша прафесія?
– Тым, што яна не мае творчых межаў. Манікюр кожны дзень удасканальваецца. Дзясяткі розных тэхнік – выбірай любую: са стразамі і без, матавае і глянцавае пакрыццё, з узорамі, зігзагамі і налепкамі, яркія і непрыкметныя, доўгія і кароткія.
Сёння з упэўненасцю магу заявіць, што я займаюся любімай справай! Хоць часам мне не хапае перапынку. Але варта толькі куды-небудзь адлучыцца, як пачынаю сумаваць, у тым ліку па сваіх кліентках.

– Дзе нараджаюцца такія мэтанакіраваныя людзі?
– У Харкаве, але радзімай сваёй лічу Бабунічы. Там жа і скончыла сярэднюю школу. Затым паступіла ў Гомельскі інстытут на факультэт фізічнай электронікі. Паралельна працавала радыё-мэнэджэрам па рэкламе.
У нейкі момант зразумела, што хачу атрымаць спецыяльнасць юрыста. Напісала ліст рэктару, каб атрымаць інтэрнат і сумяшчаць вучобу адразу па дзвюх спецыяльнасцях. Даў дазвол.
У Гомелі паспела атрымаць кандыдата ў майстры спорту па каратэ.

– Наколькі разнастайнымі былі вашы жыццёвыя дарогі?
– Па размеркаванні трапіла ў Мінск: сямёрку лепшых выпускнікоў адабралі для сталіцы. Папрацавала тэхнолагам на заводзе і закахалася. Сямейнае жыццё мяне прымусіла змяніць працу і пераехаць у Мазыр.
Адносіны з мужам не складваліся і я з дачкой вярнулася на радзіму.
– У які момант Вы зразумелі, што трэба пачаць займацца нэйл-мастацтвам?
– На новы год мне падарылі спецыяльную лямпу для манікюру. І я захапілася.
Спачатку рабіла ногці маме, потым сяброўкам. Калі не засталося “вольных” рук, папрасіла брата распавесці сваім аднакласніцам, што раблю манікюр бясплатна. Так працягвала “набіваць” руку. Але гэтага было недастаткова, паехала на курсы ў Мінск.
Адных курсаў мне не хапіла, трапіла на другія па апаратным манікюры (гэта калі выдаляць куцікулу не абразаннем, а адмысловай прыладай).
Цяпер жыву ў Петрыкаве. Два гады як займаюся манікюрам. Напрацаваць кліенцкую базу мне дапамагло “сарафаннае радыё”. Сёння працую па 12 гадзін штодня.

КРАНАЕМСЯ НЕ ТОЛЬКІ РУК, АЛЕ І ДУШ! КРАНАЕМСЯ НЕ ТОЛЬКІ РУК, АЛЕ І ДУШ!

– У Вас дзве вышэйшыя адукацыі, але працуеце Вы не па спецыяльнасці.
– Так! Упэўненая, любімая праца – гэта тваё хобі, якое прыносіць і задавальненне, і прыбытак.
Многія раяць мне змяніць месца жыхарства, але, да прыкладу, каб пераехаць у сталіцу, для гэтага шмат трэба зрабіць. Пакуль мне падабаецца працаваць у Петрыкаве. Нават у маленькім горадзе можна дасягнуць высокіх паказчыкаў у працы.
Добра выглядаць – прэрагатыва не толькі сталічных жанчын, увогуле жанчын, незалежна, гэта горад ці вёска.
Ёсць мэта – дасягнуць выніка, які мяне цалкам задаволіць. Таму працую да дасканаласці.
Усім жанчынам жадаю пабольш надаваць часу сабе, наводзіць прыгажосць на сваім целе, добра пахнуць і жыць у задавальненні!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота з асабістага архіва Марыі Касьянавай.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о