Некалі на карце Петрыкаўшчыны было значна больш населеных пунктаў. З цягам часу маланаселенасць некаторых была зведзена да мінімуму і яны зніклі. Але не зніклі перамогі і вынікі работы людзей, якія выраслі ў іх.
Так, у адной з такіх вёсак нарадзіўся Георгій Пількевіч. Ды і назва той малой радзімы гэтага чалавека цікавая і мае, зразумела, сваю гісторыю і сэнс – Перабітая Гара. Была некалі такая вёска на тэрыторыі Чалюшчавіцкага Савета. Там нарадзіўся і выхаваўся Георгій Віктаравіч. Чатыры сястры і ён – адзіны памочнік для свайго бацькі Віктара Іванавіча. І да сёння ў памяці звон касы, пах травы густых пракосаў на пойменых лугах ракі Пціч. Маці, Ніна Пятроўна, усё жыццё адпрацавала даяркай. Там, у Перабітай Гары і ферма некалі была. У 1995 годзе бацькам набылі ў Славінску дом і перавезлі іх туды, дзе і пражывалі яны да заканчэння жыцця.

Мы выбіраем лёс
Выпадковых сітуацый, якія паўплывалі на далейшы лёс Георгія Віктаравіча, было ў яго жыцці дастаткова. Гэта цяпер можна сказаць, што менавіта так і павінна было скласціся, але ўсё магло быць зусім інакш.

Кожны крок пакінуў сляды гонару

– Адразу пасля заканчэння школы я марыў стаць ваеннаслужачым, – пачаў свой аповед Георгій Віктаравіч. – Было на каго раўняцца: родны брат маёй маці – Антон Пятровіч Даніліцкі – герой Савецкага Саюза. На тэрміновую службу ў арміі я трапіў у Германію. Там, у 50-ці кіламетрах камандзірам часці і служыў мой дзядзька. На зборным пункце мяне першапачаткова і размеркавалі ў яго часць. Праз некалькі гадзін аб’явілі пастраенне і ўсіх, хто меў прыжкі з парашутам да службы ў арміі (грамадзянскія, так сказаць) забралі ў паветрана-дэсантную брыгаду спецпрызначэння галоўнага разведвальнага ўпраўлення.

Бацькі ўсё ж напісалі дзядзьку, каб ён забраў мяне ў сваю часць. Той прыехаў, але мінуў месяц, я прывык і застаўся на месцы. Служба была складаная. Я ўздоўж і поперак вывучыў Германію, здзейсніў 23 прыжкі з парашутам са шматлікіх лятальных апаратаў. Дэмабілізаваўся ў званні старшыны. Мне напісалі рэкамендацыю на паступленне ў Навасібірскае ваеннае вучылішча на факультэт спецпрызначэння. Прыехаў дадому, пабыў у роднай вёсцы і… нешта пайшло не так. Зашчыміла душу, захацелася застацца дома, працаваць на зямлі, тым больш справа гэта мне была добра вядомая. Так я паступіў у Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. Па заканчэнні, у 1975 годзе быў накіраваны на адпрацоўку ў саўгас “Камаровічы”.

У вёску прыехаў малады аграном
У Камаровічы прыехаў разам з жонкай Галінай Аляксандраўнай. Яна вырасла ў Насовічах Добрушскага раёна. Пасёлак там цывілізаваны (цяпер аграгарадок), і калі мы загрузлі машынай у Заполлі, то наслухаўся я ад жонкі, маўляў, куды ты мяне прывёз (?).

З Галінай мы вучыліся разам, абодва аграномы, разам займаліся спортам у тэхнікуме. У сакавіку 2020 года споўніцца 45 гадоў з дня нашага вяселля. Столькі ўсяго было! Здзіўляюся цяпер, як мы спраўляліся: трымалі дзве каровы, свіней, птушку, трусоў. І дзеці выраслі хутка, я нават шкадую цяпер, што мала надаваў увагі сям’і.

Самыя “залатыя” гады працы прайшлі менавіта там, у Камаровічах. Так атрымалася, што кіраўнік саўгаса Уладзімір Кароткі быў маім земляком, з Перабітай Гары. На той час давялося прыводзіць зямлю ў парадак: ішла меліярацыя. У саўгасе пачынаў аграномам, затым упраўляючым аддзялення, галоўным аграномам. Дзесяць гадоў адпрацаваў там.

Наш дырэктар быў цудоўным чалавекам. Упор рабіў на тое, каб выхаваць моцных спецыялістаў. І гэта яму паспяхова ўдавалася. Прыемна было працаваць пад кіраўніцтвам майго настаўніка, галоўнага агранома Уладзіміра Жудро, знаходзіў паразуменне з галоўнымі спецыялістамі: заатэхнікам Валянцінам Касінскім, ветурачом Уладзімірам Корбутам, інжынерам Эдуардам Іскрыцкім.
Да 80-х гадоў з нашага калектыва “выраслі” цудоўныя кіраўнікі, якія ўзначалілі гаспадаркі Петрыкаўшчыны: Уладзімір Яўмененка, Анатоль Грыб, Анатоль Балюноў, Аляксей Харланаў, Уладзімір Рудзько, Пётр Фешчанка, Уладзімір Дзедушкін, які, дарэчы, стаў пазней старшынёй Аршанскага райвыканкама і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Васіль Байкоў, якога запрасілі на пасаду старшыні Віцебскага райвыканкама і таксама абралі дэпутатам у Палату прадстаўнікоў.

Мятныя рэкі, малочныя берагі
Саўгас “Камаровічы” ўваходзіў у кагорту гаспадарак Маскоўскага падначалення, сярод якіх былі таксама “Запаветы Ільіча”, “Ляскавічы”, “Галубіцкі” і “Петрыкаўскі”. І ўсе гэтыя гаспадаркі займаліся вырошчваннем мяты. Гэта складаная і спецыфічная культура. Уявіце сабе, што кожная з гаспадарак вырошчвала па 200 гектраў мяты і атрымлівалі ў агульнай вазе 10-12 тон мятнага алею. Калі прасцей, то Петрыкаўшчына займала ў яе вытворчасці ўдзельную вагу 10% ад усяго СССР. Перапрацоўваў мяту ў Саюзе толькі адзін завод у Прылуках (Україна), які вырабляў ментол. За кожны кілаграм мятнага алею гаспадарка атрымлівала 1 тону камбікорму. Гэта дазваляла развіваць жывёлагадоўлю, атрымліваць добрыя надоі малака. Пяць названых гаспадарак складалі ў раёне 20% ад усёй валавай вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Петрыкаўшчыны. Таксама займаліся ў Камаро-вічах вырошчваннем бульбы, зерневых культур.

Кар’ерны ўздым
Пасля тэхнікума я завочна скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. Дыплом атрымаў у 1981 годзе.
У чэрвені 1985 года мне прапанавалі ўзначаліць саўгас “Галубіцкі”, дзе адпрацаваў 13 гадоў. Гаспадарка была буйная: 600 працуючых. У састаў уваходзіла зарэчная зона, дзе была школа, сельсавет, ФАП, клуб, фермы ў Снядзіне і Мардзвіне. Агульны статак БРЖ складаўся з 3,5 тысяч галоў і мы штогод прадавалі гаспадаркам Петрыкаўшчыны тысячу цялушак.

Шмат жылля пабудавалі для моладзі і тых, хто меў патрэбу. Людзі працавалі з ахвотай.
Я змяніў моцнага кіраўніка Івана Бамбізу, які пакінуў пасля сябе добрую базу і працавітых людзей. Прыемна было працаваць з галоўным заатэхнікам Валерыем Самусевым, галоўным аграномам Васілём Каральцом, галоўным інжынерам Міхаілам Курбанам.

Землі былі бедныя. Свае складанасці былі і ад паводкі, якая раз на чатыры гады абавязкова знішчала ўсе пасевы, не давала нарыхтоўваць кармы на лугах. І ўсё ж мы мелі валавы збор зерня ў 3 тысячы тон і больш за 3 тысячы кілаграмаў малака надойвалі на рагулю. Жыць можна было і паказчыкі былі пакуль не разваліўся Саюз.
Зразумела, пасля развалу недахоп фінансавай падсілкоўкі адчулі ўсе гаспадаркі.
У 1998 годзе былы старшыня райвыканкама Анатоль Ткачэнка запрасіў мяне намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. У 2000-ым я ўзначаліў упраўленне.

Не перадаць словамі, што гэта быў за час, страшна ўзгадваць. Уявіце, што ў гэтым жа 2000 годзе сельгаспрадпрыемствы Петрыкаўшчыны атрымалі агульны намалот зерня ў 13 тысяч тон (!). Не было што пакінуць на насенне, не тое што рэалізаваць. Удой на карову дасягаў усяго 1300-1400 кілаграмаў малака. Увесь запас трываласці быў вычарпаны.

І тут новы подых сельская гаспадарка атрымала дзякуючы дзяржаўнай праграме развіцця Прыпяцкага Палесся: пачалі выдаткоўвацца бюджэтныя сродкі на набыццё мінеральных угнаенняў, закуп тэхнікі, будаўніцтва жылля на вёсках і вытворчых памяшканняў для гаспадарак. У райаграсервісе былі створаны механізаваныя атрады, якія дапамагалі нарыхтоўваць кармы, рыхтаваць глебу пад сяўбу.
Да 2003 года сітуацыя значна палепшылася.
На гэтай пасадзе я адпрацаваў дзевяць гадоў. Дарэчы, у гэты ж час пайшла рэарганізацыя: было створана ПУП “Палессе-Аграінвест”.

Кіраўніком у гэту гаспадарку я і перайшоў праз чатыры гады, дзе працаваў да пенсіі: апошнія гады – упраўляючым аддзялення “Петрыкаў”.

Тэхнічнае пераўзбраенне праходзіла маруднымі тэмпамі і мне даводзілася пераконваць кіраўніцтва Мазырскага НПЗ, пад крыло якога трапіла гаспадарка, што гэта пытанне трэба вырашаць першапачаткова. Балазе, з 2010 года былі закуплены пяць трактараў “Беларус-3022”, пасяўныя агрэгаты. Гэта дазволіла нам прывесці зямлю ў парадак. Зразумела, і вынікі палепшыліся.

Нарыхтоўка палутарагадовага запасу кармоў дазволіла падвоіць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Валавы збор зерня мы давялі да 10 тысяч тон. Гэта рэзка падцягнула паказчыкі ў раёне ў цэлым.
На працу я запрасіў Івана Фешчанку. З ягоным бацькам працаваў яшчэ ў Камаровічах. Малады, пасля службы ў арміі, Ваня працаваў з запалам. Агранамічныя справы пайшлі на лад.

Што датычыць жывёлагадоўлі, то моцным спецыялістам быў галоўны заатэхнік Пётр Бардыга. Пачалі займацца селекцыяй. Пагалоўе дойнага статку ўжо ў першыя гады работы павялічылі з 1300 галоў да 2 тысяч.
Цяпер аграінвестаўцы працуюць з самай сучаснай тэхнікай, частка з якой імпартная, арандуюць землі ў іншых гаспадарках раёна і дасягаюць найлепшых вынікаў не толькі на Петрыкаўшчыне, але і ў вобласці.
За маімі плячыма – 43 гады працоўнага стажу, багаты вопыт і прыемныя ўспаміны. На пенсіі займаюся пчоламі, летняй рыбалкай, баўлю час з унукамі. Па святах сустракаюся з былымі калегамі, сябрамі.

Сям’я
Дачка Таццяна стала педагогам, выкладае матэматыку і інфарматыку. Пражывае з сям’ёй у Данецку. У самы “гарачы” час ваеннага канфлікту яна жыла ў Петрыкаве, але пасля вярнуліся ў Данецк. Старэйшая ўнучка Дар’я сёлета стала студэнткай Кіеўскага політэхнічнага інстытута. Унучка Аляксандра яшчэ школьніца.
Сяргей скончыў Акадэмію МУС і працуе галоўным экспертам-крыміналістам камітэта судовых экспертыз у Гомелі. Ён падпалкоўнік. Выхоўваюць з нявесткай Мілану.
Юра пасля атрымання адукацыі ва ўніверсітэце Францыска Скарыны таксама пайшоў у службу МУС: працуе ў Гомельскім УУС у аддзеле па сувязях з грамадскасцю. У Юры маленькі Марк – падаўжальнік дынастыі Пількевічаў.

Жонка мая працавала на шматлікіх пасадах: пачынала аграномам, у Галубіцы – бухгалтарам у сельгаспрадпрыемстве, затым сакратаром сельвыканкама. Калі пражывалі ў Петрыкаве, працавала спецыялістам аддзела ЗАГС райвыканкама.
Жыццё ўдалося і мы шчаслівыя тым.
– Дзякуй, Георгій Віктаравіч, за цікавы аповед. Моцнага Вам здароўя, кахання і дабрыні ў Вашай сям’і, шчасця ў дзецях і ўнуках!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о