У Беларусі адзначаецца Дзень друку. З нагоды свайго прафесійнага свята хацелася б распавесці даражэнькім чытачам пра адну цікавую рэч – сапраўдны помнік эпосе.
У нашай рэдакцыі захоўваецца друкарская машынка, што пабачыла свет яшчэ, хутчэй за ўсё, да вайны.

Немецкая кампанія Seidel & Naumann вядзе свой пачатак з 1868 года. Заснавана яна была ў Дрэздане Брунам Наўманам, а ў наступным годзе да бізнэсу далучыўся буйны інвестар Эміль Зайдэль. Апошні значна дапамог фабрыканту Наўману, і, трэба меркаваць, менавіта па гэтай прычыне яго імя стаяла першым у назве кампаніі.
Пачаўшы з выпуску швейных машын, вытворчасць дасягнула істотных поспехаў, заваявала аўтарытэт і вядомасць. Нават выхад у 1876 годзе з кампаніі Зайдэля, які атрымаў ад фірмы велізарную суму дапамогі, не прымусіў кампанію змяніць сваю назву.

Колькі радкоў друкаваных?...Праз некалькі гадоў аднавіліся вытворчыя плошчы, з’явіўся буйны чугуналіцейны завод, была заснавана вытворчасць веласіпедаў, а пасля і матацыклаў. У 1900 годзе фабрыка выпусціла машынку для друку пад назвай “Ideal” з індэксам “А”. Відаць, дзякуючы высокаму попыту за мяжой была наладжана і вытворчасць мадэлі “Паліглот”, што дазваляла друкаваць на дзвюх мовах. Паралельна аднаўлялася папярэдняя лінейка індэксамі “В” і “С”.

У 1925 годзе пачынаецца выпуск мадэлі “Ideal D” з 46 клавішамі і 92 сімваламі. Дызайн яе значна адрозніваецца з кожным наступным пакаленнем ад першай мадэлі ў бок лаканічнасці і акадэмізму. Няма буйных, цяжкіх літых чугунных мудрагелістых дэкаратыўных панэляў. Замест іх строгая геаметрыя, што дазваляла выйграваць месца ў рабочай прасторы. Яно і не дзіва, напачатку стагоддзя рукапісны дакументаабарот быў справай паўсюднай, а друкарскія машынкі маглі дазволіць сабе заможныя людзі. Але час змяняўся, і вось ўжо развітыя суб’екты гаспадарання шырока выкарыстоўвалі машынкі. Давайце дададзім да гэтага і буйнеючую колькасць перыядычных выданняў, што з’яві-ліся на свет менавіта ў першай палове ХХ стагоддзя.

Мы не можам дакладна распавесці гісторыю менавіта гэтага экзэмпляру. Ёсць меркаванне, што такія машынкі з кірылічным шрыфтам з’явіліся бліжэй да канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Колькі было напісана на гэтай машынцы, колькі навін, цудоўных і кепскіх, цікавых і не вельмі, яна перадавала чытачам? Магчыма, нехта дрыжачымі рукамі, не верыўшы свайму шчасцю, друкаваў: “8 мая 1945 года ў Берліне прадстаўнікамі германскага вярхоўнага камандавання падпі-саны акт аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл”?

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о