Прымаўка пра тое, што двойчы ў адну варонку снарад не трапляе, сёлета моцна падвяла мясцовых аматараў рыбалкі.
Справа была напрыканцы красавіка. Ва ўрочышчы Пясчанае, што каля Турка, двое мужчын вырашылі папытаць рыбацкага шчасця. Свежай рыбіны хацелася моцна, таму адмены забароны на лоўлю рыбы чакаць не сталі. А каб удача выпадкова не мінула, лавіць вырашылі сеткамі. Тут іх і заспелі інспектары Петрыкаўскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Палічыўшы голавы ляшча, жэраха, гусцяра ды язя, якіх наважылі больш 63 кілаграмаў, вызначылі, што шкода прыродзе была нанесена буйная і сума яе склала 14 з паловай тысяч рублёў.
Месца тое для рыбакоў адметнае. Таму праз два дні, упэўненыя, што інспекцыя наступны раз сюды завітае не хутка, на возера рушылі іншыя аматары рыбы. Застаныя на месцы злачынства яны былі ў той час, калі сеткамі паспелі нацягаць 33 кілаграмы ўлову. Адпаведна, і сума шкоды была падлічана меншая – 7269 рублёў.
Агульнае, што атрымалі ў выніку абедзьве “брыгады” браканьераў – рэальную адказнасць, незалежна ад колькасці рыбы, але адпаведна злачынству – лоўлі рыбы ў час забароны. Мужчынам пагражала пазбаўленне волі, але суд улічыў, што вінаватыя своечасова выплацілі сумы нанесенай шкоды. Прысуд быў не самым жорсткім.
Днямі на Прыпяці дзяржінспектары спынілі петрыкаўчаніна з невадам – забароненай прыладай. Добры ўлоў пацягнуў на 2,2 тысячы рублёў толькі шкоды прыроде. Пачаты адміністрацыйны працэс.
Не спакушаных аматараў рыбалкі, напэўна, цікавіць пытанне, як вылічваюцца сумы шкоды навакольнаму асяроддзю. Формула няпростая. Кожны від рыбы, вылаўлены незаконна, мае свой кошт – ад 0,01 да 3 базавых велічынь за адну рыбіну, чырвонакніжнікі – ад 3 да 12 базавых велічынь за галаву. Да таго ж агульная лічба можа павялічвацца. У патройным памеры вызначаную суму браканьерам давядзецца заплаціць за вылаў рыбы ў час забароны, у месцах забароны і за чырвонакніжныя экземпляры. У павялічаным у пяць разоў памеры – калі браканьернічалі электравудай, з прымяненнем ультрагуку ці выбуховых сродкаў.
Потым, ужо судом, будзе вызначана пакаранне. Штраф па артыкуле 15.35 Адміністрацыйнага кодэкса можа дасягаць 50 базавых велічынь.
Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства вызначана прамысловая мера некаторых відаў рыбы. Напрыклад, даўжыня шчупака для вылаву павінна быць не менш 40 сантыметраў, ліня – 22, язя – 25, судака – 20, сома – 70 сантыметраў. У гэтым пераліку 12 назваў. Дазволена ў адным улове не больш 20% рыбы, якая не дасягнула патрэбных памераў. Напрыклад, з пяці ліноў толькі адзін можа быць менш 22 сантыметраў. За невыкананне гэтага правіла таксама існуе адказнасць – да 20 базавых велічынь.
Ідучы на рыбалку, трэба ведаць не толькі дазволеныя памеры рыбы для вылаву, але і ўсіх чырвонакніжных насельнікаў вадаёмаў “у твар”. Сцерлядзь, атлантычны ласось, ліпень (рус. – европейский хариус), кумжа, стронга (рус. – форель) ручаёвая, стынка (рус. – европейская корюшка), мірон (рус. – обыкновенный усач), рыбец звычайны, рак шырокапалы – сёння можа і не трапляюцца ў вадаёмах нашага раёна, але памятаць пра іх трэба, хто ведае, куды яны плывуць. Тым больш, што за вылаў і абарот чырвонакніжнікаў прадугледжана выключна крымінальная адказнасць.
А яшчэ, паважаныя рыбаловы-аматары, гэтыя веды спатрэбяцца вам для таго, каб не трапіць у непрыемнасць, калі выкідваеце фотаздымкі сваіх трафеяў у сацыяльныя сеткі. Распазнаць улоў больш нормы, а гэта 5 кілаграмаў, ці чырвонакніжнікаў інспектары могуць без памылак.
Быў і ў нашым раёне летась выпадак, калі браканьера дапамог вызначыць фотаздымак. Адпачываючы на беразе, маладыя людзі сфатаграфавалі чалавека, які лавіў рыбу “павуком”. Прынеслі фотапацверджанне ў інспекцыю. Знайсці мужчыну было справай тэхнікі.
Начальнік Петрыкаўскай міжрайінспекцыі Віктар Галеня адзначае, што з кожным годам добрасумленныя і законапаслухмяныя грамадзяне сталі часцей дапамагаць ім у выяўленні фактаў браканьерства. За што выказвае такім людзям ўдзячнасць. Яшчэ, карыстаючыся выпадкам, паведаміў пра вакансію інспектара, якая адкрыта ў іх. Запрашае на працу маладых мужчын з вышэйшай адукацыяй. З пытаннямі і іншай інфармацыяй звяртайцеся па нумары 5-54-49.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота з інтэрнэту.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о