Анатоль Герасіменка – адзін з тых многіх, каму давялося стаць непасрэдным сведкай і ўдзельнікам падзей мая 1986 года. Калі паўсвета з заміраннем чакала ў няведанні, што пакіне пасля сябе катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Толькі гэтаму мужчыне, як і многім іншым, хто цяпер мае статус пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС, тады нельга было панікаваць, трэба было выконваць свой службовы абавязак.

Кодэкс мужчыны: абавязак і адказнасцьНабытая пасля заканчэння школы спецыяльнасць трэнера па цяжкай атлетыцы была для Анатоля Герасіменкі хутчэй любімым заняткам, чым сродкам прафесійнай рэалізацыі. Пасля службы ў войску давялося папрацаваць бібліятэкарам і загадчыкам клуба ў родным Рогу, затым выхавальнікам у Капаткевіцкай школе-інтэрнаце. Пакуль у 1983 годзе не атрымаў прапанову паступіць на службу ў міліцыю. Пасля заканчэння Варонежскай вышэйшай школы саставу МУС прыступіў да выканання абавязкаў участковага інспектара міліцыі ў Пціцкім і Мышанскім сельскіх Саветах.

13 вёсак на той час было на абслугоўванні лейтэнанта. Праца на ўчастку, выклікі, здарэнні – з часам лічыцца не даводзілася. Дабірацца да Пцічы дапамагалі матацыкл, які выдалі ўчастковаму, або цягнік. На той час у маладога супрацоўніка ўжо была сям’я – жонка Лідзія і сын Уладзімір. Таму і кватэру ў Мышанцы атрымаў. Праўда, ім з жонкай, вясковым жыхарам, у ёй было няўтульна. Праз два гады перайшлі ў саўгасны дом.

Той чарнобыльскі этап у жыцці Анатоля Іванавіча быў кароткім, але ў памяць урэзаўся трывалым пачуццём трывогі і напружання.
– Мы не асабліва разумелі, што адбываецца, – узгадвае мужчына. – Нам не паведамлялі, а можа і гаварыць не было чаго – усе былі ў няведанні. Пачалі камандзіраваць калег у зону ліквідацыі амаль з першага дня. Нам разам з Анатолем Шылкам выпаў перыяд з 17 мая па 16 чэрвеня. У кожнага, каму прапанавалася камандзіроўка, была магчымасць адмовіцца. Але мы – людзі службовыя. Тым больш, мы з ім былі на той час камуністамі. База наша знаходзілася ў Савічах, а пост – у 10 кіламетрах ад атамнай электрастанцыі. Дзень і ноч у абодвух напрамках ішла тэхніка. Наша задача была кантраляваць яе паток, не дапускаць несанкцыянаванага ўезду ў зону ацаплення ці вывазу з яе рэчаў і матэрыялаў без спецыяльнага дазволу. Тры дні на пасту ў палявых умовах, тры дні на базе адпачывалі. Дамоў у выхадныя не ездзілі, нам растлумачылі, што радыяцыя накапліваецца і чалавек можа быць шкодным для іншых. А ў мяне ж чатырохгадовы сынок.

Адно толькі супакойваў жонку, што мы ў небяспецы, праходзім поўную дэзынфекцыю, харчаванне і вада – чыстыя, прывазныя. Разумелі, што ўсё навакольнае небяспечна. Таму нават вопратку і АЗК мылі пасля дзяжурства па некалькі разоў.

Прысмак горычы ў роце – Анатоль Іванавіч, здаецца, і цяпер памятае гэта адчуванне. Яно заставалася яшчэ на некаторы час пасля вяртання з камандзіроўкі. А таксама было пастаяннае напружанне ў чаканні наступстваў. У картачцы ўліку дозы выпраменьвання значылася лічба 6,442 рэнтген. Тлумачылі, што гэта дапушчальная доза, але невядома было, як арганізм на яе будзе рэагаваць.

Штогадовае абследаванне ў шпіталі, якое праходзілі ўсе ўдзельнікі ліквідацыі, давала спрыяльныя прагнозы, і занепакоенасць з гадамі адступіла.
– Многае тады гаварылі пра наступствы знаходжання ў зоне павышанай радыяцыі, – далучылася да размовы Лідзія Уладзіміраўна. – На час ад’езду не ведалі куды менавіта накіруюць мужа, як блізка будуць ад рэактара. Было страшна за мужа, за сына, за нашу сям’ю. Чуткі хадзілі пра прамянёвую хваробу розныя. Але ж усё было добра. Вярнуўся здаровым, яшчэ двух сыноў нарадзілі. Ён заўсёды быў моцным, спартсмен, цяжкаатлет. І цяпер агарод рыдлёўкай капае.

Пра тое, што мужчына павінен заўсёды быць у форме, Анатоль Іванавіч некалькі разоў зазначыў за час гутаркі. Некалі навучыў яго гэтаму трэнер Пціцкай школы Мікалай Галота, з якім і пасюль працягваецца трывалая мужчынская дружба. У час той камандзіроўкі, ды і пасля яе, не спрабаваў, як некаторыя, выводзіць радыяцыю гарэлкай. Калі выйшаў на ільготную пенсію, без справы не сядзеў. Трэба было сыноў вучыць. Працаваў намеснікам дырэктара мясцовага саўгаса, затым у службе аховы на прадпрыемствах Гомеля і Мінска, апошнія 10 гадоў – у рыбгасе “Трэмля”.
– Усе сыны атрымалі вышэйшую адукацыю, працуюць і жывуць у Жыткавічах і Калінкавічах, – не без гонару пералічыў далей пасады і заслугі сыноў мужчына. – А яшчэ ў нас з Лідіяй Уладзіміраўнай 6 унукаў, усе хлопчыкі. Уяўляеце, які ў нас штаб адных афіцэраў?! Толькі жыць ды радавацца. Адно хачу і ўсім жадаю: каб мір быў на зямлі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о