Неяк у чарговы раз завітаў у гараж да свайго сябра. Той, ведаючы маю цікавасць да рэчаў мінуўшчыны, паказаў незвычайны ражковы гаечны ключ. Вось я і вырашыў вам, мае даражэнькія чытачы, з нагоды Першамая – свята працы, распавесці пра гэты інструмент.

Ключ ад мінулагаБыў ён даволі кароткі, каля 26,5 сантыметра, а вось рожкі ключа “пазіралі” значна ўбок, градусаў на 35-40, чым рэч відавочна адрозні-валася ад сучасных. Па перыметры ключа былі рэбры жорсткасці, ды і метрычная сістэма ў дзюймах, замест звыклых для нас міліметраў – 1/2 і 7/8, што суадносна складае 12,7 і 22,225 у сучасным міліметровым вызначэнні.

Самае цікавае, што было на ключы – надпісы. Дарэчы, на іх і зараз звяртаюць увагу сучасныя механікі, бо калі брэнд вядомы і якасны – то і даверу, адпаведна, да яго больш. З аднаго боку красаваліся словы лацінкаю “BRACIA PERLIS” з другога – “LOCHOW”.

Інфармацыі пра гэтых вытворцаў няшмат, у большасці сваёй фірму гэтую ведаюць па простых сельгасмашынах, у прыватнасці – калёсных сячкарнях.
Гісторыя фабрыкі братоў Перліс пачалася ў 1873 годзе, калі яўрэйскі купец з Гродна набыў у польскай Мазовіі, бліз мястэчка Лохуў, надзел зямлі. Да 1875 года гэты чалавек здолеў стварыць тут кузню і чыгуналіцейны завод, а потым, пабудаваўшы паравую пілараму, ператварыў вытворчыя магутнасці ў завод па вырабе сельгасінструментаў.

Пасля смерці заснавальніка прадпрыемства ў 1893 годзе, фабрыку атрымалі ў спадчыну пяцёра яго дзяцей. Відавочна, бізнэс іх трывала развіваўся, бо ў 1930 годзе сям’я змяняе сваё веравызнанне з іўдаізму на каталіцызм, што, верагодна, дазваляла ім атрымліваць дзяржзаказы.

Сітуацыя змянілася праз 9 гадоў – калі сям’я спешна пакінула мясціны на шасці поўных да краёў падводах, ратуючыся ад фашыстаў. Калі сям’я дабралася да Беластоку, усе іх рэчы былі перададзены савецкай уладзе. Дзве жанчыны з дзецьмі, верагодна, па абвінавачванні ў шпіянажы, былі накіраваны ў Сібір, на лесапавал, дзе, урэшце, і памерлі. Яшчэ адзін прадстаўнік роду, Джуліан Перліс, здолеў уцячы, але загінуў у час выбуху ў 1944 годзе. Яго стрыечны брат, таксама Джуліан Перліс, памёр ад голаду ў бальніцы Беластока. Урэшце, толькі дзве старэйшыя дачкі дырэктара завода здолелі перажыць вайну і эмігравалі ў 1968 годзе ў Ізраіль.
А што да ключа, знойдзены ён быў гадоў 10 таму ўчас глыбокага ўзворвання глебы на прыватным падворку ў Снядзіне на глыбіні каля паўметра. Якім чынам рэч трапіла ў вёску – сказаць складана.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о