Ідэалагічныя работнікі раёна сталі ўдзельнікамі семінара “Формы і метады ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў Жыткавіцкага раёна”, які прайшоў у Тураве.

Карыснае ад суседскага вопыту Карыснае ад суседскага вопыту
Дэлегацыю гасцінна сустрэлі кіраўнік Тураўскага гарвыканкама Ігар Міцюрыч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Агіевіч. Ігар Міцюрыч прэзентаваў горад і распавёў пра дасягненні і патэнцыял Турава. А Сяргей Агіевіч засяродзіў увагу на назапашаным вопыце і сфарміраванай сістэме работы ў галіне ідэалогіі. На яго думку, асабліва карысным метадам наладжвання дыялогу з’яўляецца дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Менавіта на месцы можна лепш за ўсё даведацца пра надзённыя праблемы працаўнікоў і прааналізаваць абстаноўку. Не меншую ўвагу трэба надаваць і анкетаванню. Здараецца так, што сціплы па натуры чалавек не заўсёды можа асабіста звярнуцца да спецыяліста са сваім пытаннем, тым больш, калі гэта адбываецца на афіцыйным мерапрыемстве. Асаблівая праблема ўсёй ідэалагічнай галіны – паводзіны людзей з дэвіянтным ладам жыцця. І вырашацца яна павінна з каранёў, таму на Жыткаўшчыне першапачатковую ўвагу надаюць прафілактыцы п’янства.
Асобным тэзісам семінара ўздымалася тэма замацавання моладзі ў раёне, і адзначым, што паказчык у суседзяў тут нядрэнны – амаль 70 працэнтаў маладых спецыялістаў застаюцца пасля адпрацоўкі ў раёне.
Акрамя гэтага на сустрэчы ўзнімаліся тэмы ўзаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі і партыямі, наладжвання карпаратыўных мерапрыемстваў.
Наступным пунктам семінара была экскурсія на нафтапомпавую станцыю “Тураў”, дзе дэлегаты азнаёміліся з прыкладам арганізацыі ідэалагічнай работы на ААТ “Гомельтранснафта”. Вялікую ўвагу тут надалі візуальнай інфармацыйнасці – у адміністрацыйным памяшканні мы налічылі не менш 13 стэндаў. Акрамя нарматыўнай дакументацыі тут можна азнаёміцца і з мясцовай перыёдыкай, зазірнуць у “куток рацыяналізатара”, разгледзець фотаэкспазіцыю, граматы і кубкі.
Не трэба і казаць, што на станцыі створаны выдатныя ўмовы не толькі для працы, але і адпачынку: работнікі маюць магчымасць пагуляць у настольны тэніс ці більярд, скарыстацца пральнай машынай. Рэгулярна тут праводзяцца адзіныя дні інфармавання, на якія запрашаюцца спецыялісты розных структур: псіхолагі, настаўнікі, медыкі, навукоўцы.
Дарэчы, калі працаўнік мае якія-небудзь схільнасці, то абавязкова знойдзе адпаведнае мерапрыемства, каб паспрабаваць свае сілы і далей развіваць здольнасці. Вялікая ўвага надаецца спорту: праводзяцца сезонныя спартакіяды, арганізоўваюцца інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе?Калі?” і “Брэйн-рынг”. Хочаш карысна бавіць вольны час у цішыні? І тут ёсць альтэрнатыва – паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую рацыяналізатарскую прапанову, ці на лепшы артыкул альбо фота ў галіновую газету.
Асабліва адказна калектыў падыходзіць да ўдзелу ў мерапрыемствах мастацкай самадзейнасці. Каб выглядаць не горш за калег з іншых падраздзяленняў галіны, дзеля падрыхтоўкі чарговага канцэртнага нумара нафтавікі звяртаюцца да культработнікаў, якія займаюцца рэжысурай імпрэз, праводзяць рэпетыцыі, арганізоўваюць майстар-класы для артыстаў-аматараў.
Не застаецца ў баку і грамадская дзейнасць на месцы. Калектыў падтрымлівае ў належным стане адзіную вуліцу свайго пасёлка Дружба, даглядае магілу воіна-інтэрнацыяналіста, бацька якога, дарэчы, працаваў на нафтапомпавай станцыі, аказвае шэфскую дапамогу школе.
Шмат яшчэ можна распавядаць пра ўмовы, што стварыла прадпрыемства для працаўнікоў, пэўна таму на станцыі склаліся свае працоўныя дынастыі, а кадравікі адзначаюць – вакантных працоўных месцаў зараз няма, ды і ўвогуле гэта вялікая рэдкасць.
Хтосьці можа сказаць, што прадпрыемства мае вялікі даход, таму супрацоўнікам ёсць чым пахваліцца. Часткова такое меркаванне мае рацыю. Але ці грашыма вымяраецца мікраклімат у калектыве, ці коштам падарункаў вызначаюцца адносіны прадпрыемства да сваіх ветэранаў працы? Колькі сродкаў трэба ўкласці, каб чалавек сфарміраваў актыўную грамадзянскую пазіцыю? Пэўна не толькі лічбамі і грашовымі знакамі трэба вымяраць чалавечыя адносіны да працы, парадку, калег.
Напрыканцы сустрэчы, якая працягнулася экскурсіяй па Тураве, Сяргей Агіевіч зазначыў, што пры ўсім нашым захапленні падарожжамі па Беларусі ці па замежжы не варта забывацца і пра гісторыю роднага краю. Мы заўсёды лічым, што прыгожае і цікавае недзе далёка, а наш родны край – нічым не адметны. Гэта вялікая памылка, бо менавіта веданне і любоў да сваёй Бацькаўшчыны будзе стымуляваць людзей рабіць нешта на карысць сваёй зямлі.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о