Да Пятра Кузьміча і Любові Уладзіміраўны Фешчанкаў завітала ў сярэдзіне лютага. Зіма сёлета не суровая, але ў двухпавярховай сядзібе гаспадароў адразу заўважыла прахалоду. Пажартавала нават, што такім чынам яны імкнуцца захаваць маладосць. Але Любоў Уладзіміраўна адзначыла, што гэты катэдж атрымалі даўно, калі ў Камаровічах яшчэ цэнтральнае ацяпленне было. Цяпер жа з мужам прапальваюць тры грубкі і печ. Пётр Кузьміч падзяліўся, што нядаўна рабіў “размінку”: пакалоў прывезеныя дровы і склаў іх. А тое, што тры грубкі ў хаце даводзіцца паліць, хіба тое бяда?

Карункі шчасця сям’і Фешчанкаў

Трыццаць тры гады ідуць поплеч Любоў і Пётр Фешчанкі. Дарэчы, гэта дата вяселля прыпадае і на дзень нараджэння Любові Уладзіміраўны – 21 лютага. Тое, што малады высокі (191 сантыметр – так запісана ў ваенным білеце ў Пятра Кузьміча і жонка да сёння гэта памятае) хлопец скарыў сэрца дзяўчыны з Заполля, мая гераіня не ўтойвае.

Жыццё Любові Уладзіміраўны было стракатым на падзеі. Пасля заканчэння сталічнага індустрыяльнага тэхнікума па размеркаванні трапіла ў Гродна, дзе адпрацавала два гады. Затым паехала ў Гомель на шклозавод. Там яшчэ майстрам змены ў Любові Уладзіміраўны быў знакаміты Павел Шыпук, які напрыканцы 90-х стаў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Вышэйшую адукацыю Любоў Уладзіміраўна набывала завочна ў Маскоўскім усесаюзным будаўнічым інстытуце. І па заканчэнні паехала на Поўнач, у Брацк. Там адпрацавала пяць гадоў начальнікам змены на шкоднай вытворчасці – хлорным заводзе.

І вось аднойчы ў водпуску дома ўбачыла яго і зразумела: хопіць хадзіць у нявестах, пара замуж. Дарэчы, на той час і Пятру Кузьмі-чу было ўжо 35 гадоў – не хлопчык, а нявесце – 32. Затое цяпер жартуюць, што яны – сапраўдныя бабуля і дзядуля – вопытныя, ва ўзросце.

Пятра Кузьміча на камаровіцкую зямлю закінуў лёс. Сам родам з Хойніччыны: пражываў у 10-кіламетровай зоне ад горада Прыпяць, на мяжы з Украінай.
Бацька Пятра Фешчанкі – Кузьма Яфімавіч ваяваў на фронце. Памёр рана: малодшаму з трох сыноў – Пятру на той час споўнілася ўсяго два гадкі. Сама падымала сваіх дзяцей Алена Акімаўна. Таму Пётр і разумеў, што трэба самастойна будаваць сваё жыццё, без спадзяванняў на падтрымку.
Скончыў дзесяць класаў, да восені папрацаваў у мясцовым калгасе, а затым забралі на два гады тэрміновай вайсковай службы ў Хабараўск. Адтуль толькі лісты маці дасылаў. Па вяртанні год адпрацаваў у калгасе, а потым паступіў у Смальянскі (Аршанскі раён) саўгас-тэхнікум, які скончыў з “адзнакай”.

Вучыцца Пятру падабалася: 90 рублёў стыпендыя, на той час куды больш калгаснага заработку. Хлопец зразумеў, што стаўку трэба рабіць на веды. Зноў па заканчэнні адпрацаваў год на малой радзіме брыгадзірам комплекснай брыгады і падаў дакументы ў Горацкую сельгасакадэмію. Гэту ўстанову таксама скончыў з “адзнакай” і па накіраванні ў 1981 годзе паехаў у Камаровічы.
Дырэктар Уладзімір Кароткі прапанаваў адразу пасаду намесніка па кормавытворчасці. Ды і заработак добры быў прадугле-джаны – 220 рублёў. Пачалася працоўная дзейнасць.

Калі накіравалі ўпраўляючым аддзялення “Заполле”, то тут і сустрэў сваё каханне, сваю Любоў.
Любоў Уладзіміраўна ўладкавалася ў саўгасе інжынерам па тэхнаглядзе. Тут на той час вяліся маштабныя будаўнічыя работы: узводзіліся комплексы, будаваліся іншыя значныя аб’екты, жыллё. Працавала і намеснікам дырэктара саўгаса па ідэалагічнай рабоце.

Пётр Кузьміч стаў пазней у Камаровічах галоўным аграномам. Агранамія і была ягонай спецыяльнасцю, якую набываў ва ўстановах адукацыі. Распавядае цяпер, што камаровіцкія землі былі некалі надзвычай урадлівыя: у сярэднім бальнасць дасягала 39, а на тарфяных участках і да 50. Зразумела, з цягам часу глеба выпрацоўваецца і не дае такіх высокіх ураджаяў, як гэта было гадоў 30-40 таму.
Камаровічы займаліся вырошчваннем эфіраалейных культур: мяты, святаянніку. Рабілі і хвойны алей. Усё гэта было запатрабавана і выгадна.
Сям’я Фешчанкаў заўсёды жыла ў працы: трымалі па тры рагулі, свінняў, птушку. Ды і сёння яшчэ гадуюць трусоў, курэй. Трэба ж нечым частаваць дзяцей, унукаў.
Старэйшы сын Іван заўсёды быў бацькавым памочнікам: па палях разам, на зернетаку працаваў, на “Петкусе” насенне траў ачышчаў. Не адставалі і дочкі Ганна і Алена.

Дарэчы, дочкі выйшлі замуж за ваеннаслужачых. Адна пражывае ў Мазыры, другая – у Дзяржынскім раёне. Ваня ў Петрыкаве, стаў аграномам, як бацька. Цяпер набывае другую вышэйшую адукацыю. У яго падрастае маленькая Вікторыя. Ганна стала настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі. Выхоўвае Ромку, у дэкрэтным адпачынку па догля-дзе за ім. Алена таксама скончыла педагагічны і магістратуру, яна сацыёлаг і псіхолаг.

– Напэўна два разы за ўсё жыццё мы толькі з Пятром пасварыліся, – падводзіць вынік Любоў Уладзіміраўна. – Добра жылі раней, весела: у Камаровічах заўсёды ў Доме культуры шматлікія артысты выступалі: “Сябры”, “Чараўніцы”. Мы не адчувалі розніцы жыцця ў вёсцы ад гарадскога. Цяпер усё інакш. Але вось да ўнукаў паеду, пабачуся, калі і яны да нас завітаюць, усё ж лягчэй на сэрцы.
Развітваючыся, пажадала Любові Уладзіміраўне і Пятру Кузьмі-чу добрага здароўя, цеплыні і згоды, а важней за ўсё – кахання, якое тут жыве і дасюль.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о