Усе гавораць пра анамальна цёплую восень, а мне здаецца, што ў апошнія гады заканамерным стаў працяг лета ў верасні, ды і кастрычнік з лістападам не спяшаюцца ўваходзіць у стан “сну”. Гэта адчуваюць і пералётныя птушкі, таму на сажалках рыбгаса “Трэмля” і да сёння наядаюцца белыя чаплі, чайкі і іншыя аматары рыбы. Так прыгожа на гэтай шэрані лістападаўскага неба бачыць безліч белых крылаў!

Карп тлусты – юшка наварыстаяГалоўны рыбавод рыбгаса “Трэмля” Аляксей Фесенка

Карп тлусты – юшка наварыстаяВалянціна Кніга – і прадавец, і повар

На трасе М-10, на павароце да рыбнай гаспадаркі размясцілася сапраўдная палявая кухня. Тут работнікі рыбгаса прапануюць кіроўцам аўтамабіляў і іх пасажырам наварыстую юшку. Чым не рамантыка: спыніцца на паўга-дзіны пасля працяглай дарогі, пасмакаваць гарачую паляшуцкую традыцыйную страву!
Што па кошце, то за вялікую шклянку трэба заплаціць усяго 2 рублі, за малую – удвая менш. Для аматараў гарачай юшкі падалося мала адной усталяванай альтанкі, цяпер ідзе ўзвядзенне яшчэ адной, больш прыгожай і арыгінальнай.
Працэс адлову рыбы з сажалак працягваецца. Як паведаміў галоўны рыбавод рыбгаса “Трэмля” Аляксей Фесенка, адлоў разлічаны яшчэ на тыдні два. І ўсё, работа будзе завершана. Можна будзе падводзіць канчатковыя вытворчыя вынікі. Але і цяпер, са слоў Аляксея Мікалаевіча, яны неблагія. Так, дзевяць сажалак, дзе “гуляла” і нарошчвала вагу рыба, ужо пустыя. З іх нарыхтавалі 438 тон рыбы. Працэс адлову кантралююць майстры Міхаіл Самбук, Сцяпан Бакун. З выроставай сажалкі нарыхтавалі яшчэ 18 тон. За яе адказны майстар Андрэй Снегуроў.
Цяпер таварную рыбу запусцілі ў так званыя “зімавалы”: 34 каналы-сажалкі запоўнілі ёй і 5 “зімавалаў” пад сяголеткай (малькамі).
На цэху сартыроўкі кіруе працэсам Людміла Яроміна.
Дарэчы, галоўны рыбавод прадпрыемства задаволены нарошчваннем вытворчасці. Сёлета гаспадарка здолела атрымаць не толькі добры “ўраджай” таварнай рыбы, але і нарыхтаваць безліч малькоў. Аляксей Фесенка падзяліўся, што добра прыжыўся і размнажаецца шчупак. Лічынак шчупака прадалі ажно 2 мільёны штук. Да таго, рэалізавалі і 800 тысяч лічынак карпа. Прадавалі ў рыбгасы краіны і беларускія таварыствы паляўнічых і рыбаловаў, а таксама прыватным прадпрыемствам і ўласнікам. Сабе таксама зарыбілі 1 мільён малькоў шчупака.
Што датычыць відавога саставу рыбы, якая вырошчваецца ў рыбгасе, то ён традыцыйны: карп, карась, шчупак, амур і таўсталобік.
Каб рыба добра расла і набірала вагу, ёй, зразумела, патрэбны кармы. Сёлета трамлянская рыба з’ела па 400 тон камбікорму і зерня, даспадобы ёй прыйшоўся і зялёны гарошак з Ельскага кансервавага завода, а таксама зерне кукурузы.
Даглядаюць тут і за сажалкамі. Аляксей Мікалаевіч паведаміў, што 200 гектараў берагавой плошчы апрацавалі гербіцыдамі ад пустазелля. Цяпер яно пасохла, прыйшоў час браць трымеры і скошваць траву. Пасля злівання вады з сажалак на ачыстку ад ілу і паглыбленне каналаў выйшла тэхніка ПМК-67. Гэта штосезонны і патрэбны тэхналагічны працэс.
Аляксея Фесенку памятаю яшчэ на пачатку яго працоўнай дзейнасці. Гадоў шэсць таму наведвалася ў рыбгас і фатаграфавала Лёшу з вялізным сомам. Ён на той час праходзіў у Трэмлі працоўную практыку пасля Горацкай сельгасакадэміі. Цяпер прыемна здзівілася пераменам: перада мной паўстаў узмужнелы малады мужчына. Даведалася, што Аляксей мае сям’ю, выхоўвае маленькіх Яраслава і Данілу. Жонка Вікторыя цяпер у дэкрэтным адпачынку з абодвума сынамі. Яны пагодкі – 2 і 1 гадкі. Вікторыя скончыла ўніверсітэт транспарту, паспела папрацаваць у транспартнай кампаніі. Цяпер яе задача – быць маці.
Штодзень Аляксей дабіраецца на працу з Калінкавіч. Прызвычаіўся. Кіраўнік рыбгаса Сяргей Філіповіч таксама з Калінкавіч, так што спадарожнік ёсць.
Сёлета на пачатку года ў мера-прыемстве раённага маштабу – злёце перадавікоў народнай гаспадаркі – Аляксей Фесенка прымаў удзел. Гэты ўдзел для Аляксея стаў пачаткам перамог і даверу калег. Яшчэ шмат задум і напрацовак. Ёсць жаданне працаваць на вынік – гэта галоўнае для маладога рыбавода.
Віншуем Аляксея Фесенку і ўвесь калектыў рыбгаса “Трэмля” з прафесійным святам. Здароўя, дабрабыту, асабістых і працоўных поспехаў, цудоўнага надвор’я для завяршэння адлову рыбы!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о