Першы тыдзень лістапада адзначаны ў календары восеньскімі школьнымі канікуламі. Традыцыйна ўстановы адукацыі нашага раёна прапануюць сваім выхаванцам шматлікія формы занятасці ў сценах школы замест адпачынку дома. На Петрыкаўшчыне адкрыліся дваццаць два аздараўленчыя лагеры, дзе бавяць з карысцю час 385 вучняў. Прапанавана разнапланавая занятасць для навучэнцаў сярэдняга і старэйшага звяна.

У сярэднюю школу № 2 горада Петрыкава мы завіталі, каб даведацца, чым жыве школа ў гэтыя восеньскія дні. Жыццё не спынілася ва ўстанове адукацыі з надыходам канікул. У актавай зале ішла падрыхтоўка да важнага і адказнага мерапрыемства: школьная каманда КВЗ будзе прадстаўляць Петрыкаўшчыну на абласным этапе, і, як расказалі вучні, у другой палове дня старшакласнікі збяруцца для падрыхтоўкі да раённага конкурсу “Міс Восень”. Завіталі ў спартыўную залу, дзе ладзілася спартыўна-масавае мерапрыемства для прыхільнікаў актыўнага адпачынку. Дарэчы, такога роду сустрэчы праходзяць штодзень, днём і вечарам, згадзіцеся – зручны графік для дзяцей.
На першым паверсе размясціўся аздараўленчы лагер з патрыятычнай накіраванасцю “Вясёлка”, які наведваюць 45 навучэнцаў пачатковай школы. Мяне запрасілі на прававую хвілінку па правах і абавязках, у рамках плана “Карысныя канікулы”. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Кудзько, на другім паверсе педагогі вядуць заняткі з высокаматываванымі дзецьмі або з тымі, хто жадае “падцягнуць” некаторыя дысцыпліны.
Ва ўстанове ёсць свае падыходы і формы арганізацыі вольнага часу сваіх навучэнцаў. Вучні школы заўсёды знаходзяць сабе занятак
па душы ў вольны ад вучобы час, і з задавальненнем ідуць у класныя пакоі ў канікулярны час, каб сустрэцца з сябрамі і настаўнікамі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о