Камунальнікі запусцілі на міні-ЦЭЦ новы кацёл

0
845

Надзейнасць цеплазабеспячэння і эканомія выдаткаў

У перадапошні дзень мінулага года камунальнікі запусцілі на міні-ЦЭЦ новы кацёл. Карэспандэнт раёнкі высвятляў, на якія сродкі ўдалося набыць абсталяванне, што за выгоды яно нясе для сеткі цеплазабеспячэння горада і, зразумела, пацікавіўся істотнасцю эканоміі з увядзеннем у эксплуатацыю новага катла.

Галоўны інжынер Петрыкаўскага райжылкамунгаса Юрый Кузняцоў патлумачыў: “Першапачаткова аптымізацыя схемы цеплазабеспячэння горада фінансавалася Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця ў рамках праекта “Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання” з удзелам сродкаў нашага камунальнага прадпрыемства, раённага і абласнога бюджэтаў”.

Юрый Мікалаевіч адзначыў, што мясцовая камунальная гаспадарка распрацавала тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, а архітэктурны праект з усталёўкай дадатковых магутнасцяў на міні-ЦЭЦ быў створаны дзякуючы фінансаванню за кошт раённага і абласнога бюджэтаў, што склала каля 51-й і 25-ці тысяч рублёў адпаведна.
Па выніках міжнародных конкурсных таргоў пераможцам было вызначана ПУП “СМУ Энергатэхсэрвіс” (горад Заслаўе), з якім быў заключаны кантракт коштам звыш 1,5 мільёнаў долараў ЗША. Амаль 1,233 мільёна ад гэтай сумы было прафінансавана са сродкаў займу Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, але калі стасункі з фінансавай арганізацыяй прыпыніліся з-за санкцыйнага ціску на нашу краіну, астатнія 283,6 тысячы долараў былі вылучаныя з абласнога бюджэту.

Камунальнікі запусцілі на міні-ЦЭЦ новы кацёлТак, на міні-ЦЭЦ з’явіўся дадатковы кацёл магутнасцю 4 мегавата з сістэмай палівападачы драўлянай трэскі, што істотна знізіла нагрузку на кацельні горада, далучаныя да агульнай сістэмы цеплазабеспячэння. “Скажу шчыра: абсталяванне некаторых кацельняў працавала хіба не на 100%-ай нагрузцы, пры тым, што некаторыя катлы ўжо даўно адпрацавалі свой тэрмін эксплуатацыі. Адпаведна, абсталяванне, каб справіцца з цеплазабеспячэннем, не раз падпадала пад капітальныя рамонты – працэдуры марудная і дарагія. Зараз жа нагрузка на кацельні будзе ўяўляць сабой падагрэў вады і складзе каля 30% ад іх поўнай магутнасці, а асноўная доля энергавыдаткаў прыпадзе на міні-ЦЭЦ, у тым ліку – на новы кацёл”, – патлумачыў галоўны інжынер.

Што да эканоміі, то лічбы ўражваюць. Дзве кацельні сістэмы цеплазабеспячэння горада працуюць на прыродным газе. Так, за мінулы год спажывецкі аб’ём блакітнага паліва гэтых кацельняў склаў 892 тысячы метраў кубічных. Па папярэдніх разліках, увя-дзенне ў эксплуатацыю новага катла на міні-ЦЭЦ дазволіць скараціць гэты паказчык на 560 тысяч “кубоў” газа, ці на 62,7%.

– Але галоўнае, што трэба разумець: новае абсталяванне дазваляе істотна ўзмацніць надзейнасць сістэмы цеплазабеспячэнне гараджан, што з’яўляецца адной з першасных нашых задач, – падкрэсліў Юрый Кузняцоў.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о