Другая серада месяца – традыцыйны дзень для прыёму грамадзян старшынёй райвыканкама. Да Аляксандра Наўныкі 11 верасня грамадзяне завіталі па жыццёва важных пытаннях. Так, петрыкаўчанкі Ніна Ляляўская і Надзея Моўка пражываюць па вуліцы Гогаля, 1 у доме так званай барачнай пабудовы. З шасці кватэр у ім толькі дзве прыватызаваныя.

Як балансаўтрымальнік, два гады таму КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” атрымаў заключэнне па гэтым доме, што на 65% ён не прыдатны для эксплуатацыі. Зразумела, у цэнтры горада не павінна быць у такім стане пабудоў. Дом патрабуе зносу, а на гэтым месцы можна ўзвесці нешта новае.
Ніна Ляляўская патрабуе прадаставіць ёй замест гэтай кватэры новую. Жанчына не жадае разумець, што жыллё знаходзіцца ў яе ўласнасці, а значыць увесь патрэбны рамонт трэба праводзіць за свае сродкі. Калі такой магчымасці няма, то трэба шукаць варыянты з набыццём больш прыдатнага жылля. Пражываць у аварыйным доме небяспечна.
Старшыня райвыканкама даручыў начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзмітрыю Прыходзьку і выконваючаму абавязкі дырэктара КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Аляксандру Пацкову давесці яшчэ раз да ведама заяўніц усе магчымыя варыянты для вырашэння гэтага пытання.
Незадаволеныя жыхары прыватнага сектара вуліцы Гогаля завіталі на прыём з просьбай замяніць новую агароджу вышынёй 1 метр 10 сантыметраў па паўтараметровую. Маўляў, сабакі скачуць праз плот, ды і несумленныя гараджане прыкладваюць руку да чужога дабра ў дварах прыватных сядзіб.
Аляксандр Міхайлавіч у прысутнаці заяўнікаў Ларысы Самбук, Надзеі Траяноўскай і Васіля Тураўца патэлефанаваў намесніку старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміру Гарбачову, каб параіцца, як правільна знайсці вырашэнне. Зразумела, што асноўныя будаўнічыя работы па добраўпарадкаванні горада ўжо завершаны. На іх пайшлі немалыя сродкі. Усе работы выкананы згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй і архітэктурнымі заключэннямі.
Было прынята рашэнне дазволіць гаспадарам гэтых сядзіб па жаданні ўстанаўліваць сваю агароджу следам за гэтай, каб не парушаць агульную архітэктурную кампазіцыю.
Эмацыйна ўзрушанай завітала на прыём жыхарка вёскі Сотнічы Ніна Палтаран. Ніна Фёдараўна паскардзілася на тое, што дырэктар петрыкаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандр Паторскі не ідзе насустрач жанчыне, а наадварот імкнецца нашкодзіць. Так, з-за няправільнага рэгулявання воднага рэжыму меліярацыйнага канала ў заяўніцы вымакла ўся бульба. Калі пасля працяглых дажджоў жанчына прасіла адкрыць шлюзы, каб вада не перанасычвала глебу, ніхто да яе просьбы не прыслухаўся.
А вось мясцовай фермерскай гаспадарцы “Светлы сад” раскрываюць абдымкі і кіраўніцтва ПМС, і старшыня Бабуніцкага сельсавета Сяргей Харланаў. Маўляў, у вёсцы жыць стала немагчыма ад тых парадкаў, якія ўсталёўвае фермерша: авечкі пасвяцца паўсюдна, хаця выпас для жывёлы павінен быць абазначаны.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка даручыў Аляксандру Паторскаму на працягу тыдня давесці пытанне да ладу па рабоце калектараў. Яны павінны размяшчацца згодна са схемай, а рэгуляванне воднага рэжыму павінна здзяйсняцца па правілах. Старшыні сельсавета Сяргею Харланаву наладзіць пытанне выпасу для жывёлы фермерскай гаспадаркі “Светлы сад”.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о