Камбікорм  з нямецкіх “жорнаў”

Ніхто не сумняваецца цяпер у правільнасці рашэння, калі частку сельгаспрадпрыемстваў Петрыкаўшчыны аб’ядналі і аддалі “пад крыло” Мазырскаму НПЗ. Шмат фінансавых уліванняў за гэты час атрымала аб’яднанае прадпрыемства – УП “Палессе-Аграінвест”. Нарошчваючы пагалоўе буйной рагатай жывёлы і свінняў, гаспадарцы спатрэбіўся пазней і цэх па вытворчасці камбікорму.

Год падыходзіць да завяршэння, а ў аграгарадку Пцічы, пакуль дазваляюць станоўчыя рыскі тэрмометра, поўным ходам ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі і будаўніцтва пад’язных дарог да вытворчага аб’екта – будучага міні-завода па вырабе грануляванага камбікорму. Менавіта заводам назваў гэты аб’ект вядучы інжынер дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Мазырскага НПЗ Віктар Бароўскі, з якім днямі давялося гутарыць.

– Яшчэ ў 2010 годзе было прынята рашэнне ўнесці ў дзяржаўную праграму развіцця Прыпяцкага Палесся ўзвядзенне  новага вытворчага аб’екта па вырабе грануляванага камбікорму, – пачаў Віктар Вячаслававіч. – Памятаю, як з былым генеральным дырэктарам нафтаперапрацоўчага завода Анатолем Купрыянавым мы завіталі ў Пціч. Гэты цэх па вырабе камбікорму, як высветлілася, узводзіўся яшчэ ў 70-я гады. Агледзеўшы вытворчыя памяшканні, абсталяванне, мы былі прыемна здзіўлены парадкам і чысцінёй, захаваннем тэхналагічнай дысцыпліны, якая тут трымалася дзякуючы былому кіраўніку Ганне Пырко. Адназначна было прынята рашэнне: выкупаць гэты аб’ект і займацца яго рэканструкцыяй. На працягу года імкнуліся вырашыць пытанне з праектным інстытутам і атрымаць згоду на будаўнічыя работы. Але, зразумела, час бярэ сваё, і нават пасля рэканструкцыі мы не прайшлі б экспертызу ў Дзяржпрамнаглядзе.

Камбікорм  з нямецкіх “жорнаў”
Віктар Бароўскі

Тады пайшлі іншым шляхам: вырашылі будаваць новы завод з устаноўкай сучаснай нямецкай лініі, вытворчая магутнасць якой – 15 тон камбікармоў у гадзіну. Гэта значыла, што ўся палеская зона будзе забяспечана грануляваным камбікормам для буйной рагатай жывёлы, птушкі, свінняў, рыбы. Генеральным падрадчыкам па ўзвядзенні аб’екта стала Мазырскае ПБУП “Палессе-Прамжылбуд”.

Вытворчасць аўтаматызаваная: у змену будзе занята толькі 5-6 чалавек. Адзначу, што патрэбу ў камбікармах УП “Палессе-Аграінвест”, а іх неабходна на месяц для БРЖ прыкладна каля 1000 тон, для свінакомплексу – 1300, тут будуць закрываць за дзесяць працоўных дзён. Астатні будзе запатрабаваны іншымі сельгаспрадпрыемствамі. Каб гэтая новая “магутнасць” сябе апраўдала, трэба адразу запускаць яе на поўную загрузку.

Што датычыць сабекошту выпускаемай прадукцыі, то, як вядома, асноўную долю (70%) прадукта складае зерневая група. Са спадарожных будуць улічвацца затраты на электраэнергію.

Выпуск грануляваных камбікармоў плануем распачаць у красавіку-маі 2019 года. Усё абсталяванне зманціравана. Запускаць яго прыедуць немцы.

Вытворчасць складаецца з некалькіх тэхналагічных працэсаў: прыёмка зерня з аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту (дарэчы, для зручнасці падводзілі дадаткова чыгуначную сетку); лінія ёмістасцяў аператыўнага захавання зерня (так званыя бункеры, дзе ў 12 ёмістасцях можна захоўваць зерне на тыдзень работы); лініі ачысткі,  лушчэння, здрабнення,  гранулявання і адгрузкі. Ну і дадаткова будзе пляцоўка для затарвання камбікармоў у мяхі па 15, 30, 40 кілаграмаў. Склады напольнага захавання  разлічаны на 15 тысяч тон зерня.

Вядома ж, абсталяванне энерганасычанае: сумарная магутнасць яго 1500 кВт, таму было вырашана будаваць сваю электрычную падстанцыю 110/10 кВ. Працягласць паветраных ліній складае 1600 метраў. Дзякуючы Прэзідэнту краіны вырашылі пытанне па пракладцы дарогі ў 380 метраў праз поле. Паўтара кіламетра высечанага лесу дазволілі весці будаўнічыя работы. І вось абсталяванне ўсё закуплена, цяпер ідзе яго мантаж.

Скажу, што гэта будзе сучасная падстанцыя, якая ў рэжыме анлайн дазволіць адсочваць расход электраэнергіі. Прасцей кажучы, будзе бачна, калі, куды і колькі пайшло электраэнергіі. Сістэма відэаназірання і сігналізацыі дазволіць кантраляваць работу гэтага аб’екта.

Кожную сераду мы збіраемся на так званую планёрку з генпадрадчыкам і субпадрадчыкамі, каб абмеркаваць рабочыя моманты будаўніцтва, а аддзел тэхнагляду адсочвае якасць будаўнічых работ.

А пакуль ішло будаўніцтва, вытворчыя працэсы на цэху не спыняліся: яны працягваюцца ў старых памяшканнях. На захаванне ў склады і на далейшую перапрацоўку сюды завезлі свой ураджай зерня не толькі з УП “Палессе-Аграінвест”, але і з гаспадарак Калінкавіцкага, Брагінскага, Кармянскага раёнаў. Гэта каля 4 тысяч тон зерня кукурузы і 2 тысяч – каласавых культур.

Камбікорм  з нямецкіх “жорнаў”
Канстанцін Васільеў

Канстанцін Васільеў працуе тут апаратчыкам-драбільшчыкам больш дзесяці гадоў. Для асвойвання прафесіі прайшоў у сталіцы  на вытворчым камбінаце спецыяльныя курсы.

Канстанцін Віктаравіч адзначае, што абсталяванне  ў цэху старое, але спраўнае. Задача мужчыны – кантраляваць працэс здрабнення зерня. У сваёй змене ён адзіны мужчына, але працаваць з жанчынамі, як лічыць, не складана. Кожны работнік адказвае за свой участак.

Цікавыя прафесіі, як высветлілася, прысутнічаюць на цэху. Гэта, напрыклад, дазатаршчык, сепаратаршчык (сочыць за наборам зерня), галерэйшчык (кантралюе транспарціроўку па стужках).

Сваё прафесійнае свята калектыў сустракае з бадзёрым настроем.

Моцнага вам здароўя, паважаныя перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі, дастойных заработкаў і спакою ў сем’ях!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о