Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян і, здаецца, самае любімае. Пра гэта сведчыць нам зацікаўленасць беларусаў і колькасць пераапранутых у міфічных істот людей у зімовы вечар у сярэдзіне снежня. З гісторыі свята вядома, што першы дзень калядаў лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. На каляды “нараджалася новае сонца”, час “паварочваўся на вясну”. Нашы продкі на каляды абавязкова прыбіралі хату, стараліся пашыць новае адзенне, дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі,  памыцца ў лазні. Капаткевічане па традыцыі ў нядзелю адпачывалі “тэатральна”.

Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян

Вельмі добры водгук рэдакцыя “ПН” атрымала ад настаўніцы па жывапісу ў школе мастацтваў Наталлі Цярэшчанковай пра мясцовых калядоўшчыкаў. Здзівілі гаспадарыню працаўнікі Дома культуры творчым падыходам да калядак.

– Песні, вершы, віншаванні, танцы. Такога аншлагу ў нашай хаце яшчэ не было. Завіталі да нас і козачка, і свіння, і Дзед Мароз з каляднай зоркай.  Гармонік слушна падыгрываў частушкам-пажаданням. Вельмі спадабалася, што традыцыі нашых продкаў жывуць і па сёняшні час. Прыходзілі да нас і школьнікі. Самай малодшай зорачцы было ўсяго 3 гадкі, – падзялілася Наталля Рыгораўна.

–Калядаваць нам вельмі падабаецца, – распавяла пазней дырэктар Дома культуры ў Капаткевічах Ядзвіга Суботка. – Кожны год мы рыхтуем святочную праграму, з сабой бярэм козачку, сімвал новага года, якіх-небудзь казачных персанажаў, рыхтуем песні і танцы. Прымае ўдзел у нашай “забаве” амаль увесь калектыў установы. Тут прымушаць нікога не трэба. Сцэнарый рыхтуем таксама разам. Хтосьці знайшоў цікавы верш, хтосьці частушку. Часцей за ўсе мы наведваемся да тых, хто запрашаў, да знаёмых і родзічаў. Працуем дзеля настрою і толькі. У гэтым годзе калядкі сапраўды ўдаліся  шыкоўнымі.

Дарэчы, на гэтым супрацоўнікі Дома культуры не спыніліся. Святочныя гульні, пляскі і конкурсы працягнуліся на цэнтральнай плошцы Капаткевічаў.

– Час бяжыць хутка, не заўважым, як трэба будзе святкаваць Масленіцу, – паведаміла Ядзвіга Іванаўна. – Таму сачыце за аб’явамі, бліны есці будзем разам!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о