Спакон веку вёска – багатая крыніца народных абрадаў і звычаяў. І ў кожнай вёсцы яны свае, адметныя перадаюцца з пакаленне ў пакаленне. Не забыліся пра іх нават тады, калі ў мінулым стагоддзі ваяўнічыя атэісты спрабавалі змагацца з “забабонамі” і “опіумам для народу” – рэлігіяй.
Не ўсё было такім дрэнным, як нам спрабавалі чаўпці ідэолагі ад партыі і камсамола. Патрэбна сказаць: народ сам добра ведаў, што даспадобы ў жыцці, а што патрэбна адмятаць. І вёска са сваім укладам жыцця аказалася самай устойлівай у захаванні народных звычаяў і абрадаў. Напрыклад, Новы год святкуюць і да цяперашняга часу двойчы: 1 і 14 сту-дзеня. Хоць гэта і звязана з даўнімі пераменамі календара.
Вечар перад старым Новым годам называўся шчодрым. Менавіта на Шчадрэц адбываліся ўсе цуды. З гэтай верай у народзе хадзілі самыя неверагодныя чуткі пра ўсе незвычайныя цуды і звязаныя з імі легенды. А вяскоўцы з асаблівай павагай адно-сіліся да такіх паданняў.
У той Шчадрэц тры сяброўкі доўгі зімовы вечар бавілі па-вясковаму. Дзяўчаты, як дзяўчаты, не дарослыя, але ўжо і падлеткамі не назавеш. Узрост, пра які кажуць, што ў галавах, як на пустым гарышчы, вецер гуляе. А калі збіраліся ўтрох, то ў іх галовах нараджаліся ідэі – на пустым гарышчы такіх не адшукаеш.
Малодшыя хлапчукі і дзяўчаткі гурткамі бегалі па дварах вёскі і калядавалі, а сяброўкі сабраліся варажыць. Шчадраваць не пайшлі, не дзятва ж, усё ж такі гонар мелі. Ад старэйшых дзяўчат, матуль і бабуль ведалі, што самы прыдатны час для варажбы – Шчадрэц. Сабраліся ў Волькі, бо яе бацькі паехалі ў госці ў суседнюю вёску да сваякоў.
Дзяўчаты ведалі, што пры варажбе сведкаў не павінна быць. Пачалі разважаць, што выбраць. Высветлілася, што шмат чулі і ведаюць спосабаў варажбы, ды не ўсе падыходзяць. Узгадалі, што надта праўдзіва – варажыць пры дапамозе люстэрка і свечак. Люстэрка было, а вось свечак няма дзе ўзяць. Раптам адна з дзяўчат узгадала, што са свечкамі трэба варажыць сам-на сам. А іх тры. Прыгадалі “Святлану” Жукоўскага, там надта старанна аўтар апісаў гэтую варажбу. Страшна стала не на жарт. Вырашылі не рызыкаваць.
Выбралі тры больш простыя спосабы. Пачалі з дроў. Утрох пайшлі ў дрывотню, каб набраць па абярэмку. Прынеслі ў хату і пачалі лічыць. Высветлілася, што толькі ў Волькі цотны лік. Гэта значыла, што толькі яна ў новым годзе выйдзе замуж, а астатнім замужжа пакуль не свеціць.
Не губляючы часу дарма, вырашылі паваражыць на пеўні. Парадак такі: кожная з дзяўчат пасыпле грудок проса і чыё зерне певень пачне кляваць першым, тая пойдзе замуж першая.
У куратніку белага пеўня адшукалі хутка. Праўда, пакуль злавілі, усіх курэй перапалохалі. Прынеслі небараку ў хату. А той, тра-піўшы сюды з цёмнага хлява, нічога не бачыць. Пусцілі на падлогу, той стаіць, азіраецца, ні кроку не робіць. Волька пачала вілочнікам падганяць птушку да проса. Певень усхапіўся і паляцеў па хаце. Каб Жэня не схапіла за хвост, то вольчына газоўка разляцелася б на кавалкі. Давялося пеўня-гарапашніка несці назад у куратнік. Варажбы не атрымалася.
Аддыхаліся ад смеху і рашылі: не ўсё страчана. Зірнулі на гадзіннік – пачатак дванаццатай. Яшчэ можна варажыць і варажыць. Выбеглі на вуліцу: вёска заціхла, калядоўшчыкаў не чуваць, у хатах вокны не свецяцца.
Мароз браўся не на жарт. Яшчэ ў хаце дзяўчаты паздымалі абутак з правай нагі. Волька дала кожнай па бацькавым валёнку. На сваю нагу абула матчыну бурку. Трэба было перакінуць правы абутак цераз вароты на вуліцу. Выгляд быў у дзяўчат такі, што самі ледзь стрымліваліся ад смеху: у Волькі на адной назе “румынка”, у Жэні – боцік, у Зіны – чаравік. Пачалі перакідваць. І раптам:
– Гэй, падшыванцы! Хопіць блюзнерыць! Уздумалі абуткам кідацца! Вось я вам зараз…
Дзяўчаты ад нечаканасці ледзь не прыселі ў гурбу снегу. Дзед Алесь! Адкуль яго несла ў такі час? Ён працаваў вартаўніком на ферме днём. Увечары яго мянялі маладзейшыя мужчыны.
Дзяўчаты заціхлі за варотамі. Дзед, было чуваць, нешта сам сабе гаманіў, пакашляў і пашоргаў у бок сваёй хаты. Дзяўчаты выглянулі на вуліцу – абутку не было. А трэба ж было паглядзець, як падаў: у які бок насок чаравіка ці боціка

глядзіць, у той бок яго гаспадыня замуж пойдзе.
Разгубленыя сяброўкі аглядаліся навокал – анічагусенькі няма. Пачалі раіцца, што рабіць, абутак жа амаль новы.
– Вось будзе сапраўды навагодні цуд, калі маці яшчэ дома агрэе ёмачнікам, як агледзіць, што бо-ціка няма, – бурчэла Жэня.
– А што тут гадаць, пайшлі следам за дзедам, вунь у яго акне яшчэ святло гарыць, – прапанавала Зіна, паказаўшы рукою ў бок хаты дзеда Алеся.
На стук у дзверы выйшла Алесіха і запрасіла сябровак у хату. Волька зайшла першай, бо была больш-менш па-людску абутая, астатнія хаваліся за сяброўку. І ўзрадаваліся, калі ўбачылі пад прыпечкам свой абутак.
Здагадлівая Алесіха смяялася:
– Я зразумела, што дзяўчаты недзе варожаць, а стары чарапок пазбіраў хадакі і прыцягнуў дахаты.
Алесь, седзячы на ўслоне, відаць, на добрым падпітку, спрабаваў апавядаць пра тое, як яны з кумам Пятром праводзілі стары год і сустракалі новы. І як на яго аднекуль пасыпаўся абутак. Падумаў, што нячысты з ім забаўляецца – у кагосці скраў, а на яго пакідаў. Шчадрэц жа, можна ўсялякіх цудаў чакаць.
Алесіха лаяла мужа за тое, што сапсаваў варажбу. А дзяўчат супакойвала, што хвалявацца не трэба, яны абавязкова павыходзяць замуж у іншыя вёскі, нездарма ж дзед іх абутак знёс да сваёй хаты.
Дзяўчаты ад сораму, што бабуля здагадалася, не ведалі, што рабіць. Толькі папрасілі, каб нікому не казала – засмяюць жа ў вёсцы. Бабуля абяцала, толькі, мусіць, ёй карцела падзяліцца з суседкай. А болей нічога не трэба было, каб жарты не сціхалі потым доўгі час.
А калі наконт варажбы, то Алесіха праўду казала дзяўчатам – у замужжы яны ўсе апынуліся далёка ад роднай вёскі.
Ніна АЧАПОЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о