Чаму сучасныя людзі не адважваюцца нараджаць больш двух дзяцей? Адказы розныя, але самы папулярны: сучасныя бацькі жадаюць свайму дзяцяці найлепшага, ад выдатных умоў пражывання, добрай адукацыі з магчымасцю выязджаць за мяжу і вывучаць іншыя мовы да якаснага медыцынскага абслугоўвання і фінансавай падушкі бяспекі. Менавіта таму мужчыны і жанчыны імкнуцца стварыць сабе добрую кар’еру, якая забяспечыць не толькі іх саміх, а і будучых нашчадкаў. Пагадзіцеся, рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць.

Толькі ў мяне адразу ўзнікла некалькі пытанняў: тыя, хто вырас без “патрэбных” умоў, неяк дрэнна сябе адчуваюць? Яны не ўладкаваліся ў жыцці, бо бацькі не стварылі ім таго, што лічыцца неабходным?

Сёння герой майго артыкула Аляксандр Маслаў – мужчына, які сваім прыкладам даказаў, што можна быць добрым бацькам і выдатным спецыялістам.

Калі ёсць каманда – працаваць прасцей
Аляксандр Маслаў нарадзіўся ў Мазырскім раёне. Пасля заканчэння школы паступіў у Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт на лячэбную справу. Працаваць пачаў у Капцэвічах у якасці ўрача агульнай практыкі. Праз некалькі гадоў яму прапанавалі работу ў аддзяленні рэанімацыі. Сёння ён – урач рэаніматолаг-анестэзіёлаг Петрыкаўскай ЦРБ, з жонкай выхоўвае 6 дзяцей і адчувае сябе цалкам рэалізаваным чалавекам.

– Якая павінна быць арганізацыя жыцця, каб сумяшчаць працу рэаніматолага-анестэзіёлага і выхаванне 6 дзяцей?
– Тут я павінен сказаць вялікі дзякуй жонцы, бо яна добрую частку працы па выхаванні дзяцей узяла на сябе. Між іншым, мае ордэн Маці, які ёй уручаў Уладзімір Дворнік.
…Я кожны дзень з панядзелка да пятніцы на працы з 8 гадзін да 16. Сюды яшчэ дададзім трое сутак дзяжурства. Так, у бальніцы праводжу шмат часу. Калі жонка выступае ў якасці выхавацеля, то я адказны за матэрыяльны бок. Але гэта не значыць, што дзеці цалкам на ёй. У выхадныя дні мы любім выйсці ў лес, у парк або пасядзець каля вогнішча. Хутка стане цёпла і мы паедзем да маіх бацькоў, у якіх прыватны дом з вялікай дваровай тэрыторыяй. І там ужо дзецям раздолле.

– Не кожны сучасны чалавек вырашыцца і на адно дзіця, а тут яшчэ і прафесія адказная, патрабуе быць напагатове 24 гадзіны ў суткі.
– Нічога страшнага ў гэтым няма, проста ў кожнага чалавека свае межы адказнасці.

– Якімі якасцямі Вас прыцягнула жонка?
– Мы пазнаёміліся ў часы, калі я працаваў у Капцэвічах. Спачатку гэта былі простыя тэлефонныя званкі і эсэмэскі. А потым пачуцці цалкам узялі верх і я зразумеў, што мы заўсёды будзем разам. У жонкі было двое дзіцяці ад першага шлюбу. І я бачыў, што яна добрая маці і будзе такой для нашых сумесных дзяцей. Якасці? Яна вельмі добрая, пяшчотная, умее падтрымаць патрэбным словам, яна добра мяне адчувае і ведае, калі не трэба нічога пытаць. Тое тычыцца і нашых дзетак. Алеся, так завуць маю жонку, спачатку працавала настаўніцай пачатковых класаў, таму яна добра ведае псіхалогію дзяцей.
Разам мы нарадзілі яшчэ чацвярых. Увагу дзялю на ўсіх дзяцей пароўну. Мая задача як бацькі – навучыць іх самастойнасці. Так, гэта вельмі добра, калі ёсць тыя, хто табе дапаможа – браты, сёстры і мы – маці і тата. Але хочацца, каб дзеці сталі на ногі, вызначыліся з прафесіяй. Спраўляцца са складанымі сітуацыямі яны павінны самі.

– Што значыць быць бацькам шасцярых дзяцей?
– Гэты значыць быць шчаслівым чалавекам. Старэйшаму Даміру ўжо 17 гадоў, і ён вучыцца камп’ютарнаму забеспячэнню. Паліна, Ваня, Даша і Цімафей наведваюць школу, малодшай Ірыне 4 гады і яна ходзіць у дзіцячы садок.

– Ці добра, калі ў дзяцей з дня нараджэння існуюць усе ўмовы? Маю на ўвазе матэрыяльныя.
– Добра, калі дзіця пазнае свет адпаведна свайму ўзросту. У пачатку нашага сумеснага жыцця з Алесяй у нас не было сваёй кватэры. Разам мы вырашылі, што сям’я ў нас будзе вялікая, нягледзячы ні на што. Дзецям карысна бачыць, як іх бацькі “растуць” разам з імі, у тым ліку і матэрыяльна. Мы з жонкай духоўныя каштоўнасці ставім на першае месца.

– Ці атрымліваеце вы якія-небудзь сацыяльныя льготы?
– Дзяржава дапамагла нам вырашыць пытанне з жыллём. Сёння мы пражываем у трохпакаёвай кватэры. Ёсць льготы для наведвання санаторыя, скідкі на набыццё школьных прыладаў, камунальныя паслугі мы таксама плацім са зніжкай.

Калі ёсць каманда – працаваць прасцей– Рэаніматолаг. Напэўна, не пра гэта мараць юнакі ў школьным узросце. Чым абумоўлены выбар прафесіі?
– Яшчэ ў школьныя часы некалькі разоў сутыкаўся з сітуацыямі, калі мне патрэбна было аказаць дапамогу людзям, але спецыяльнай адукацыі, зразумела, не меў. А дапамагчы вельмі хацелася. Асабліва паўплывала на мяне трагедыя, якая адбылася на Нямізе ў 2010 годзе. Загінуўшых было шмат, бо не аказалася побач людзей з адпаведнай кваліфікацыяй. І я спытаў сябе: калі чалавеку патрэбна будзе дапамога, што я буду рабіць?
Акрамя гэтага, я рос у шматдзетнай сям’і, быў другім з шасці дзяцей. Хтосьці планаваў абраць прафесію настаўніка, хтосьці – земляроба. Для поўнай карціны не хапала ўрача.

– Чаму Вы не ўладкаваліся ў больш прэстыжнай клініцы?
– Мне гэта не патрэбна. Што тычыцца працы, то ў тэхнічным плане на дадзены момант мы цалкам абсталяваныя. Не горш, чым у абласных установах. Петрыкаўскі раён будзе расці, а разам з ім і ўзровень нашай установы.

– У Вас такая прафесія, што праца можа знайсці і па-за межамі бальніцы. А вы сустракаецеся са сваімі пацыентамі?
– Яшчэ калі працаваў у Капцэвічах, усім даваў нумар мабільнага тэлефона. І нават настойваў тэлефанаваць мне і распавядаць пра стан здароўя.
Зараз курырую дыялізных пацыентаў. Я – намеснік ныркавай тэрапіі. І мы абслугоўваем тры раёны: наш, Жыткавіцкі і Акцябрскі. Гэтых пацыентаў трымаем на пастаянным кантролі. Адсочваем іх лёс.

– Выпадкі, якімі Вы ганарыцеся?
– Жанчыну з інфарктам міякарда везлі з раёна. Па званку паведамілі, што стан цяжкі, нас папрасілі выехаць насустрач. Усе былі на месцы. Адразу ў “хуткай” увялі ёй прэпарат. На вачах пацыентцы стала лепш. Калі вярнуліся ў бальніцу, у яе пачаліся ўскладненні, звязаныя з аднаўленнем працы сардэчнай мышцы, парушэннем рытму. Двойчы праводзілі электраімпульсную тэрапію. Дзякуючы зладжаным дзеянням нашай каманды, жанчына паправілася і зараз адчувае сябе добра.

– Што ў Вашай працы страшней за ўсё?
– Няма нічога страшней, калі памірае дзіця. У гэтым выпадку я жорстка і адназначна сцвярджаю, што бацькоў пара пачаць караць за няўважлівае стаўленне да дзіцяці. У Еўропе за тое пазбаўляюць бацькоўскіх правоў.
Шмат хто ведае, што ў рэаніматолагаў самая вялікая колькасць могілак. Гэта насамрэч так. У мяне па сёння стаіць перад вачыма твар дзяўчынкі, якую я не змог выратаваць. Дзіцячыя смерці і дагэтуль застаюцца са мной…

– І як Вы ратуецеся ад выгарання?
– Мяне выратоўвае сям’я. Падтрымка жонкі, яе клопат. І, зразумела, дзеці. Іх звонкі смех, іх непасрэдныя цікавыя пытанні. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго па характары. Прыемна назіраць, як яны развіваюцца.

– У прафесійным плане, Вы адчуваеце сябе рэалізаваным чалавекам?
– Цалкам!
Завышаны ўзровень напружання, нават для медыцыны, начныя дзяжурствы, неабходнасць імгненна прымаць рашэнні. На кушэтцы чалавек, у якога ў любы момант можа спыніцца сэрца, а ты павінен спрацаваць прафесійна! Гэта і ёсць мая праца – узяць сітуацыю пад кантроль! Траўмы, аварыі, няшчасныя выпадкі – мы, урачы, павінны рэагаваць максімальна хутка на падобныя сітуацыі і не даваць волю эмоцыям і страху. Але няма нічога лепшага, як быць сведкам таго, што твайму пацыенту на вачах становіцца лепш. За секунды ён ажывае, дзякуючы таму, што доктар усё зрабіў правільна. У такіх сітуацыях трэба, каб ты быў не адзін. Патрэбна каманда. Тады не страшна.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о