Цікава назіраць за сучаснай моладдзю. Сёння яна ўжо не падзяляецца выключна на фізікаў і лірыкаў – паспяхова сумяшчае ў сабе як творчыя, так і матэматычныя якасці. Менавіта пра такіх, апантаных смагай поспеху, перамог, прызнання, пісаць адно задавальненне, яны гонар не толькі школы, але і цэлага раёна…
Вырашаць складаныя алімпіядныя задачы, упэўнена дэфіляваць па подыуме, з лёгкасцю танцаваць польку, магутна адбіваць мяч і пры гэтым быць пяшчотнай і прыгожай – вучаніца Капаткевіцкай сярэдняй школы Ксенія Артамонава сваім прыкладам даказвае, што можна мець поспехі адразу ў некалькіх абласцях, нават і зусім супрацьлеглых адна адной.

КАЛІ ПАЧАЎ – ДАВЯДЗІ СПРАВУ ДА КАНЦА
– Я заўсёды даводжу справу да канца, – падзялілася з намі дзесяцікласніца Ксенія, – гэта свайго роду мой дэвіз.
Фізіка і матэматыка мне даюцца вельмі лёгка. Пагаджуся, для дзяўчат гэта не заўсёды так. Панядзелак – мой самы вольны дзень, калі магу падрыхтаваць урокі на ўвесь тыдзень. Далей – рэпетыцыі, трэніроўкі, факультатывы.
Прыемна, калі праца мае вынік у выглядзе дыпломаў, каштоўных прызоў і падарункаў.

КАЛІ ПАЧАЎ – ДАВЯДЗІ СПРАВУ ДА КАНЦА
З 6 класа ўдзельнічаю ў алімпіядах па фізіцы. З вялікім задавальненнем. Некалькі разоў нават адпраўлялася на вобласць. Але, часам, у заданнях трапляюцца тэмы, якія будуць вывучацца толькі ў наступным годзе, і тут ужо трэба неяк выкручвацца.
Ксенія – неаднаразовы прызёр народных бытавых танцаў. У пары з Аляксандрам Говарам яны займаюць першыя і другія месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
З калектывам “Верасок” пад кіраўніцтвам Ядзвігі Суботка прымалі ўдзел у конкурсах “Мяцеліца” і “Берагіня”. Дэманстравалі сваё майстэрства на галоўнай сцэне фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” ў Ляскавічах.
У мінулым годзе Ксенія ўзяла тытул “Міс Зачараванне” на конкурсе “МІС ВОСЕНЬ З БРСМ”.
– Танцы – гэта тое, што дапамагае мне адпачыць ад лічбаў, – працягнула дзяўчына. – А яшчэ люблю спяваць. Дырэктар Капаткевіцкай школы мастацтваў Алена Бакун першая дала мне ўрокі вакалу, а праз некаторы час я ўжо займалася з яе вучаніцай Аленай Рэпчык.
А які ж вакал без гітары? Сябры паказалі некалькі акордаў і з дапамогай інтэрнэту самастойна працягваю навучацца далей.
Кола інтарэсаў даволі шырокая. Падтрымаць фізічную форму мне дапамагаюць заняткі валейболам і баскетболам. У гэтай сферы таксама ёсць вынікі: са школьнай камандай займаем месцы на раённых спаборніцтвах.

Школа – мой другі дом. Імкнуся атрымаць больш карыснай інфармацыі, развівацца фізічна і інтэлектуальна. Усіх маіх поспехаў не было б без падтрымкі родных. Мама заўсёды ведае, што мне трэба: курсы, семінары, трэнінгі – усюды мяне запіша. Часам нават хвалюецца больш, чым я, але ж гэта мама. Тут тлумачыць няма чаго.
На сёння вызначылася толькі з прадметамі, якія буду здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Зразумела, гэта фізіка і матэматыка. А наконт ВНУ яшчэ ў роздумах. Мінск ці Пінск? Час пакажа. Яшчэ шмат працы наперадзе.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о