3 снежня – Дзень інвалідаў

Ці бачылі вы, паважаныя, як інвалід-калясачнік паднімаецца па пандусе, зробленым у прапорцыі 1 да 10? Гэта значыць, каб падняцца на вышыню 1 метр, даўжыня пандуса павінна быць не меней 10 метраў. Я бачыла. І зразумела, што каб давялося мне пераадолець гэту дыстанцыю, не змагла б.

Калі ўмовы стануць лепш? Выпрабаванні чалавека ў інвалідным крэсле

 

Малады мужчына, моцна хапаючыся абедзвюма рукамі за парэнчы, падцягваецца, адштурхваецца і хутка перахоплівае рукі ўперад. Практыкаванне не для слабых целам. Цяпер дапусцім, што прапорцыі парушаны і вугал наклону плоскасці большы, а парэнчы толькі з аднаго боку. Карціна іншая. Чалавек стаіць унізе і просіць, каб з таго, дапусцім, магазіна, яму прынеслі нешта іншыя людзі.

Тэма не новая, многім нават нагнала аскому, найперш тым, хто павінен забяспечыць безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Пра жыццё з бар’ерамі і без ведае ўсё ад А да Я Аляксандр Цішкоўскі. Барьер, які ён штодня пераадольвае, – непаразуменне і недасведчанасць.

Калі ўмовы стануць лепш? Выпрабаванні чалавека ў інвалідным крэсле

…Непрыемныя адчуванні ў назе мацнелі. Тое непакоіла і замінала ў рабоце. МРТ паказала – пухліна грудзіннага аддзела пазваночніка. Была аперацыя, вынік якой аказаўся непрадбачаным, напэўна, нават для саміх урачоў, бо ніхто Аляксандра не папярэджваў пра небяспеку. Часткі спіннога мозгу засталіся злучаныя тоненькай валасінкай. “Калі за год станеш на ногі, то будзеш хадзіць. Калі не…” – развёў рукамі хірург.

Нічога не атрымалася. Толькі дваццаць сем гадоў за плячыма. Дома маладая цяжарная жонка. А жыць трэба вучыцца наноў.

Калі ўмовы стануць лепш? Выпрабаванні чалавека ў інвалідным крэсле

Тры гады маладая сям’я жыла ў бацькоў жонкі. Прыватны дом абмяжоўваў магчымасці мужчыны, без дапамогі іншых нават на падворак было не выбрацца. Падышла чарга на будаўніцтва кватэры. Аказалася, праект дома не прадугледжваў безбар’ернае асяроддзе для інваліда. Сталі чакаць наступны. Дом здалі, але давялося самому кантраляваць адпаведнасць канструкцыі пандуса нарматывам.

– Патанненне пандуса, як было прадугледжана ў праекце, прынесла мне нямала складанасцяў, – паказвае Аляксандр Уладзіміравіч свой асобны выхад з кватэры, што зроблены ў тарцовай сцяне дома. – Тут пакладзены металічны насціл з прарэзамі. Два разы з’ехаў па ім і колаў не стала – вырывала кавалкамі. Давялося набываць іншыя, ды і іх на доўга не хапае. Шкада, што праектоўшчыкі не карыстаюцца кансультацыямі людзей, якія штодзень тэстуюць такія канструкцыі.

Здавалася б, вось яна – магчымасць быць, хоць часткова, незалежным ад дапамогі іншых. Але і тут – тупік. Мікрараён Паўночны новы, не закончаны. Прастора Аляксандра стала абмяжоўвацца бардзюрамі ў двары, бо на з’ездзе з пляцоўкі каля дома пясок, па якім колы яго каляскі не ідуць. У адказах на пісьмы Аляксандра значылася, што будаўніцтва мікрараёна працягваецца і таму пракладанне дарогі ад дома № 25 да гімназіі, нейкія 300 метраў, немэтазгоднае.

– Часцей за ўсё даводзілася наведваць бальніцу, – працягвае Аляксандр знаёміць з “безбар’ерным асяроддзем”. – Прасіў знаёмых, суседзяў, каб падвозілі. Калі не атрымлівалася дамовіцца, ехаў сам вакол мікрараёна, потым па вуліцы Чапаева па праезнай частцы. Далей не менш складана. Ці заўважалі, што ў брамцы бальніцы спуск ёсць толькі з аднаго боку а парэнчаў увогуле няма? Падняцца на тратуар увогуле няма дзе. Трэба ехаць праз уезд на тэрыторыю. Навошта тады затрацілі сродкі на той адзін спуск каля брамкі?

Нязручна і тое, што ў ЦРБ няма туалетаў для інвалідаў. На мой зварот пра гэта адказалі: “Пры неабходнасці звяртайцеся да малодшага медыцынскага персаналу”. А мне здаецца, што чалавек, асабліва ў такіх справах, павінен адчуваць сябе самастойным. Усё зразумела, фінансаванне, праграмы, планы. Але хочацца хаця б ведаць – калі? Праз год, два, тры?

Калі ўмовы стануць лепш? Выпрабаванні чалавека ў інвалідным крэсле

Летам сям’я Цішкоўскіх змагла набыць доўгачаканы аўтамабіль. Аляксандр кажа: “З падтрымкай мецэнатаў”. Жартоўна называе так родных, што дапамаглі фінансава. Цяпер мужчына ўласнымі ўжо аўтамабільнымі коламі вывучае горад.

– Выбраў для сябе адзіны магазін, куды магу заехаць без рызыкі перавярнуцца і разбіць галаву – “Дары ад “Зары”, пералічвае суразмоўца тое, што стала даступным цяпер. – Здаецца, толькі там ёсць адзінае ў горадзе парковачнае месца для інвалідаў. Абяцалі, што хутка з’явіцца такое і каля бальніцы. Па тратуарах у горадзе рухацца нельга. У большасці выпадкаў з іх проста нельга ні з’ехаць, ні заехаць. А рухаючыся па праезнай часцы, мы ствараем напружанне для вадзіцеляў. Сам вадзіцель, ведаю, наколькі тое небяспечна.

Плануем з Ірынай звазіць сына ў Гомельскі цырк. Чытаў, што там для інвалідаў перашкод няма. Некалі, у тым жыцці, стараўся быць актыўным – пікнікі, рэчка, дома не сядзеў. Вельмі не хапае цяпер гэтага. Асабліва хочацца на пляж. У інтэрнэце бачыў, што цяпер нават для інвалідаў абсталёўваюць купальныя месцы.

Аляксандр Уладзіміравіч імкнецца і цяпер быць актыўным. Уступіў у Мазырскую арганізацыю рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Быў удзельнікам летняй дзесяцідзённай школы для карыстальнікаў калясак актыўнага тыпу, быў на спаборніцтвах, на турзлёце. Але і тое для іх сям’і фінансава складана. Мужчына будуе планы, што мог бы адкрыць сваю справу – распрацоўваць праекты электрыкі. Па адукацыі ён інжынер-электрык, паспеў набыць пэўны вопыт, працуючы ў мясцовым РЭСе. Тады і справы пайшлі б спарней.

Калі ўмовы стануць лепш? Выпрабаванні чалавека ў інвалідным крэсле

Пакуль жа ёсць ідэя аб’яднасць маладых і актыўных інвалідаў-калясачнікаў у нашым раёне ў самастойную ячэйку рэспубліканскай асацыяцыі, як гэта зроблена ў Мазыры, Светлагорску, Бабруйску. Тады кожны зможа атрымаць дапамогу і навучанне, асабліва напачатку: як жыць у калясцы, як сябе абслугоўваць, як не разгубіцца і знайсці сваё месца. Тады, можа і дастукацца ў некаторыя кабінеты будзе больш верагоднасці, і спонсараў знайсці будзе лягчэй, і раённую каманду прадставіць на турзлёце ці спаборніцтвах для інвалідаў-калясачнікаў.

 

– Мы павінны быць актыўнымі, – упэўнены Аляксандр Цішкоўскі. – Рухацца, заяўляць пра сябе, падказваць наша бачанне безбар’ернага асяроддзя, што адчуваем сваімі ж коламі. Многім з нас неабходны трэнажоры для падтрымання суставаў, кровазвароту ў нагах, захавання мышачнай памяці. Але такія агрэгаты каштуюць ад 6 тысяч рублёў. Вось і даводзіцца спраўляцца сваімі сіламі. Многім нават масажыст не па кішэні. Але рукі апускаць нельга. І не для сябе, а для тых, хто побач. Сын мяне яшчэ пытае: “Калі, тата, ты ўстанеш з каляскі?” Кажу яму: “Устану, сынок, абавязкова ўстану”. А калі таго не здарыцца, то мы, інваліды-калясачнікі, павінны хаця б не быць клопатам сваім родным, не мець патрэбу ў сацыяльным работніку, зарплата якому плаціцца менавіта з бюджэту. Большага не просім.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама паведамілі, што ў раёне на сёння пражываюць 140 інвалідаў-калясачнікаў. Пераважная большасць іх – людзі састарэлага ўзросту, якія ўжо не могуць перасоўвацца самастойна. Але нямала і тых, каму жыццёва неабходна стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Толькі ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў актыўна карыстаюцца каляскамі дзесяць чалавек – людзі, магчымасці якіх з нараджэння ці па хваробе з’яўляюцца абмежаванымі. Іх геаграфія пражывання шырокая – Курыцічы, Муляраўка, Навасёлкі, Мышанка, Капцэвічы, Макарычы, Капаткевічы, уласна горад. І гэта значыць, што ўмовы для іх бесперашкоднага руху неабходна ствараць паўсюдна.

Праекты новых сацыяльных аб’ектаў, а таксама праекты на іх капітальны рамонт на цяперашні час прадугледжваюць безбар’ернае асяроддзе. Прыклад таму магазін “Дары ад “Зары”, кафэ “Рэлакс”, раённы Дом культуры, цэнтр банкаўскіх паслуг ААТ “ААБ Беларусбанк” і іншыя.

Горш сітуацыя выглядае, дзе будынкі старой планіроўкі і ўсталяванне там пандусаў немагчыма або для гэтага неабходна правядзенне капітальнага рамонту. Каб зрабіць іх даступнымі хаця б для пэўнай катэгорыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, усталёваюцца на лесвіцах і пад’ёмах парэнчы.

У 2019 годзе плануецца правядзенне маштабнай рэканструкцыі шэрагу асноўных вуліц горада. Пра гэта расказалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Праекты для правядзення гэтых работ будуць прадугледжваць, як цяпер і патрабуецца нарматыўнымі дакументамі, безбар’ернае асяроддзе для фізічна аслабленых людзей.

Што тычыцца невыканання дзяржстандартаў, то тут павінны быць пільнымі заказчыкі, падрадчыкі і самі карыстальнікі. Здадзеныя пасля капітальнага рамонту або будаўніцтва аб’екты знаходзяцца на гарантыйным абслугоўванні яшчэ пяць гадоў. Гэта час, калі ў выпадку выяўлення адыходжання ад стандартаў або недахопаў будаўнічая арганізацыя павінна іх ухіліць. Тое тычыцца таксама наяўнасці перападу бартавога каменю ў месцах перасячэння тратуара і праезнай часткі або падлогі паміж памяшканнямі, неадпаведнасці вугла пад’ёму пандусаў, адсутнасці парэнчаў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о