Пры наведванні КСУП “Капаткевічы” сустрэліся з выканаўчым дырэктарам сельгаспрадпрыемства Сяргеем Сеніковічам. Гаворачы пра паказчыкі, планы і перспектывы, Сяргей Пятровіч выказаў думку, што ўсё будзе належным чынам там, дзе людзі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, “хварэюць” за агульную справу. Кіраўнік дабавіў, што побач жывуць людзі, сапраўдныя прафесіяналы, важна не згубіць іх з поля зроку, зацікавіць, знайсці агульную мову, а часам і рызыкнуць. І вынік будзе. Як прыклад з яго практыкі – знаёмства з Уладзімірам Бажком.

Механізатара Уладзіміра Бажка знайшлі на мехдвары. З раніцы ідзе дождж, таму сёння ў кіроўцаў праца ў майстэрні: агляд і дробны рамонт сельгастэхнікі. Каля нашага героя сабраліся маладыя механізатары – вопытны калега вучыў і даваў настаўленні. Уладзімір Раманавіч працуе ў гаспадарцы не так даўно, але, як вопытны механізатар, ужо заслужыў павагу калег і кіраўніцтва .
– Пачалося наша супрацоўніцтва з дырэктарам КСУП “Капаткевічы” амаль два гады таму. Дайшлі да яго чуткі, што я неабыякавы да тэхнікі. У той час у КСУП “Ульянава” стаяў няспраўны зернеўборачны камбайн, даходзіла справа амаль да ўтылізацыі, – успамінае суразмоўца. – Папрасіў дапамагчы. Хаця я не працаваў у гэтай галіне – згадзіўся паспрабаваць. У мяне атрымалася. І ўяўляеце, на адрамантаванай машыне ў той сезон я намалаціў 700 тон зерня.
Пры далучэнні гаспадаркі да Капаткевічаў механізатару даручылі амаль новы ЗЗС і не памыліліся – у гэтым годзе трактарыст крыху не дацягнуў да тысячнага намалоту. Зараз ён задзейнічаны на ўборцы кукурузы, але яго калегі па цэху ў адзін голас сцвярджаюць, што ў рамонце тэхнікі Уладзімір Раманавіч незаменны.
– Цяга да тэхнікі ў мяне з дзяцінства. Сам я родам з вёскі Праходы. Бацька, два браты – механізатары. Я з дзяцінства з імі  каля трактароў. Пасля васьмі класаў Новагалоўчыцкай школы набыў спецыяльнасць механізатара ў Калінкавіцкім ПТВ-51. Да службы ў войску і пасля працаваў у калгасах, потым выбраў другі прафесійны шлях, – працягвае суразмоўца. – Але цяга да тэхнікі – са мной усё жыццё. Чаму вярнуўся ў прафесію сельгасніка? Па-першае, люблю зямлю і да працы адношуся з пашанай. Па-другое, у мяне паверылі і ў маім майстэрстве маюць патрэбу мае землякі. І яшчэ адна прычына – хачу падтрымаць кіраўніка, бо я бачу, што чалавек жыве работай і робіць усё, каб быў парадак на зямлі. Ён паверыў мне, а я – яму.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о