Якасць аказання медыцынскай дапамогі і прафілактыка захворванняў на тэрыторыі населеных пунктаў Навасёлкаўскага сельскага Савета стала галоўнай тэмай выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях раённага Савета дэпутатаў. Найперш члены камісіі, прысутны на ёй старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч і іншыя ўдзельнікі выезду азнаёміліся з умовамі, якія створаны ў Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Кадры вырашаюць многае
У склад АУАП уваходзяць таксама тэрапеўтычнае аддзяленне на 5 ложкаў і бальніца сястрынскага догляду на 25 ложкаў. Тут працуюць кабінеты фізлячэння, лабараторыя. У будынку амбулаторыі размешчана аптэка. Умовы для атрымання якаснай медыцынскай дапамогі створаны. Аднак недастатковымі тэмпамі ідзе рамонт памяшканняў. Гэта было пазначана Сяргеем Макарэвічам загадчыку амбулаторыі Надзеі Сіраж і галоўнаму ўрачу ЦРБ Сяргею Забажанаву.

Пра вопыт устаноў адукацыі па прыцягненні для рамонту і добраўпарадкавання сродкаў праектаў развіцця ААН, працоўных праектаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, укладанняў спонсараў, выплат за выкананыя працы ў лясгасе расказала ў час наведвання амбулаторыі намеснік старшыні пастаяннай камісіі Святлана Сенька. Сяргей Макарэвіч падкрэсліў неабходнасць больш цеснага кантакту з прадпрыемствамі і прыватнымі структурамі, якія размешчаны на тэрыторыі сельскага Савета для паляпшэння матэрыяльнай базы ўстановы.

У штаце амбулаторыі існуюць дзве стаўкі ўрача агульнай практыкі. Адна з іх застаецца вакантнай. Гэта сітуацыя адлюстроўваецца і на якасці аказання медыцынскай дапамогі. Такую інфармацыю агучыў на пасяджэнні камісіі Сяргей Забажанаў. На тэрыторыі сельскага Савета адзначаецца рост смяротнасці, у тым ліку працаздольнага насельніцтва.
Была таксама агучана праблема недастатковай актыўнасці насельніцтва ў праходжанні дыспансерызацыі і медыцынскіх аглядаў. Адной з прычын высокай смяротнасці, у тым ліку з-за злоўжывання алкаголем, галоўны ўрач назваў таксама неўкамплектаванне ЦРБ урачом нарколагам і недастатковасць прафілактычнай работы з боку іншых структур. Адзначыў, што пасля завяршэння рамонту будынкаў ЦРБ сродкі будуць накіраваны на Навасёлкаўскую амбулаторыю.

Галоўны санітарны ўрач Сяргей Талецкі пазнаёміў членаў камісіі з пытаннямі прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на тэрыторыі раёна. А старшыня сельвыканкама Юлія Ракіцкая паведаміла пра ўзаемадзеянне мясцовай улады з медустановай.
Сяргей Макарэвіч рэкамендаваў кіраўніцтву ЦРБ прапрацаваць пытанне прадастаўлення маладому ўрачу, які павінен прыбыць у АУАП у жніўні, добраўпарадкаванага жылля для замацавання спецыяліста і ўзяў гэта пытанне не асабісты кантроль.

Сярод пунктаў рашэння пастаяннай камісіі па выніках выязнога пасяджэння пазначаны актывізацыя ўзаемадзеяння з суб’ектамі прафілактыкі па стопрацэнтнай дыспансерызацыі насельніцтва, поўным ахопе працуючых медыцынскімі аглядамі, арганізацыя рэгулярных выездаў вузкіх спецыялістаў для правядзення прыёмаў, укамплектаванне амбулаторыі ўрачом агульнай практыкі і фельчарам-лабарантам.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о