Ганаровае званне “Кіраўнік года – 2020” прысвоена дырэктару СУП “Палессе-Аграінвест” ААТ “Мазырскі НПЗ” Міхаілу Капінскаму.

Асабісты ўклад Міхаіла Капінскага ў развіццё аграпрамысловага комплексу Петрыкаўшчыны нельга перабольшыць. Таму і намінуецца ён на званне “Кіраўнік года” не першы раз. Летась тэмп росту вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі да ўзроўню папярэдняга года склаў 106,5%, валавая прадукцыя на адзін бала-гектар сельгасугоддзяў склала 128,6 рубля, тэмп прыросту на бала-гектар – 115,4%.

"Кіраўнік года – 2020” – Міхаіл Капінскі

За гэтымі лічбамі стаіць многае: тэхналагічны падыход да зямлі, уменне бачыць перспектыву, мудрасць для прыняцця рызыкоўных, але правільных рашэнняў. А галоўнае – уменне працаваць з людзьмі і жыць патрэбамі кожнага члена вялікага калектыву.

Сярод прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна калектыў СУП “Палессе-Аграінвест” выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва. А разам з ім калектывы малочна-таварнай фермы “Вышалаў”, пад кіраўніцтвам брыгадзіра Тамары Браім, і таварнай фермы “Макарычы”, пад кіраўніцтвам брыгадзіра Алега Альховіка. У спісах перадавікоў аграгаліны таксама значацца прозвішчы работнікаў гэтага прадпрыемства. Званнем “Лепшы па прафесіі” ганараваны аператары машыннага даення Наталля Маркавец і Марыя Лімарава, жывёлавод Галіна Марозька, трактарыст-машыніст Васілій Сарнацкі. Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў і вадзіцеляў сталі Васілій Куцько, Юрый Лімараў, Мікалай Панфіленка, Канстанцін Корбут, Арцём Папкоў, Валерый Атрошчанка, Андрэй Ліцвін.

– За мінулы год нашым прадпрыемствам атрымана выручка ад рэалізацыі прадукцыі на 35,4 тысячы рублёў, у тым ліку ад малака – 16,5 тысячы, – адзначыў Міхаіл Капінскі. – Сярэднямесячная заработная плата нашых работнікаў склала 1284 рублі. Мы трывала стаім на нагах, працягваем развівацца. Цяпер будуюцца і знаходзяцца ў стадыі капітальнага рамонту 17 аб’ектаў гаспадаркі. Летась закуплены 17 адзінак тэхнікі і падвяснога абсталявання, агрэгатаў вытворчага працэсу. Разам з нашымі сумленнымі, працавітымі і адданымі справе працаўнікамі мы ўпэўнена ідзём наперад і не саступім пазіцый лідараў.

Алена БРУЦКАЯ, фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о