IMG_1967

Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў рэспублікі.

Гэтая служба за 97-гадовую гісторыю прайшла мноства важных этапаў пераўтварэнняў: ад падраздзелу замежных падданых пры наркамаце ўнутраных і замежных спраў Савета Народных Камісараў да Адзінай пашпартнай службы, якая існавала да 1993 года. Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі быў створаны ў 2003 годзе і працягвае дзейнічаць па сёння.

Апошнія змяненні пашпартная служба ў нашым раёне перажывала ў час узначальвання яе Зояй Лазоранка і Ігарам Гурыным, на чые плечы выпалі дастаткова цяжкія гады заваявання аўтарытэту ўсімі структурнымі падраздзяленнямі органаў унутраных спраў. Тое выпрабаванне было пераадолена дастойна. І сёння аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі ў нашым раёне мае бездакорны аўтарытэт.

Васіль Сыцько ўзначаліў аддзяленне сёлета. Да гэтага не адзін год працаваў тут інспектарам, таму справу сваю ведае добра. Не так даўно калектыў дапоўнілі капітан міліцыі Віктар Дзегялевіч і спецыяліст Вікторыя Марчанка. “Старажыл” службы Тамара Сярапіна цяпер працуе пашпартысткай, дапамагае маладым калегам атрымаць веды, якія дае толькі вопыт працы з людзьмі, а не спецыяльнае навучанне.

Штодзённая праца калектыву – шматаспектная. Амаль не выпадае, што ў чарзе каля кабінетаў няма наведвальнікаў. І калі замежныя грамадзяне, якія прыязджаюць у госці да родных, ці  тыя, хто хоча мець від на жыхарства ў Беларусі, атрымліваюць падрабязныя кансультацыі і праходзяць патрэбныя працэдуры своечасова, то з жыхарамі раёна, здараецца, узнікаюць праблемы.

Васіль Сыцько непакоіцца, што за сваімі штодзённымі клопатамі петрыкаўчане забываюць зазірнуць у пашпарт, каб праверыць тэрмін яго дзеяння. Таму пры любой магчымасці імкнецца нагадаць пра гэта. Карыстаючыся магчымасцю, тлумачыць, што тэрмін дзеяння пашпартоў, што выдадзены з 9 жніўня 2012 года, – дзесяць гадоў. Выдадзеныя да гэтай даты лічацца сапраўднымі да заканчэння пазначанага ў іх тэрміну. Цяпер грамадзянін можа звярнуцца для яго абмену менш чым за год да пазначанай даты. Пратэрміноўка дакумента можа пагражаць папярэджаннем або штрафам. Пра замену пашпарта непаўналетніх, калі такі быў аформлены для выезду за межы краіны, трэба таксама паклапаціцца.

Віншуем калектыў аддзялення па грамадзянстве і міграцыі са святам!

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.