Колькі б не гаварылі пра наступствы палаў травы, дачнікі, сельскія жыхары і жыхары прыватнага сектара Петрыкава, а таксама работнікі сельгаспрадпрыемстваў з года ў год спальваюць сухую траву і пажніўныя рэшткі. Часцяком агонь перакідваецца на жылыя дамы, становіцца прычынай гібелі людзей.
Пакутуюць ад палаў расліны і дзікія жывёлы, птушкі. Людзей не пужаюць ні штрафы, ні адказнасць за нанясенне ўрону навакольным, экасістэмам. Як змагацца з гэтай бядой? Якія меры больш эфектыўныя для парушальнікаў? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да першага намесніка начальніка Петрыкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя Біндзеля.

Андрэй Біндзель

– Сёлета ў барацьбу з пажарамі ў экасістэмах уключыліся і іншыя зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі ў рамках сваёй кампетэнцыі, такія як землеўпарадкавальная служба, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, сельскія саветы, камунальная служба, інспекцыя аховы прыроды, лясгас, дарожная служба, РАУС і іншыя, – гаворыць Андрэй Віктаравіч. – Пажары травы і кустоўя адбываюцца па прычыне безгаспадарчасці землекарыстальнікаў, бо калі своечасова скошваць траву, то і гарэць не будзе чаму. Таму мы працуем на папярэджанне пажару: прымушаем уладальніка зямлі быць гаспадаром.
– Ці гатовы нашы падраздзяленні МНС да ліквідацыі наступстваў палаў у буйных маштабах? Да сёння на слыху жнівеньскі пажар 2016 года каля вёскі Старыя Кацуры Мышанскага сельсавета, калі ў ліквідацыі яго былі задзейнічаны не толькі сілы супрацоўнікаў МНС, але і работнікаў лесу.
– Зразумела, падраздзяленні гатовы да ліквідацыі любых надзвычайных сітуацый. Цяпер у баявым разліку іх спецыяльная тэхніка, адзінка якой на пажар прывозіць 10 тон вады. Распрацаваны сумесныя інструкцыі аб узаемадзеянні з лясгасам, прадпрыемствам меліярацыйных сістэм. Разам з тым неабходна адзначыць, што ліквідаваць пажары ў экасістэмах, якія не пагражаюць жыццю і здароўю грамадзян, адпаведна заканадаўству павінны ў першую чаргу самі землекарыстальнікі. За непрыняцце мер па ліквідацыі палаў таксама існуе адміністрацыйная адказнасць ад 10 да 40 базавых велічынь.
– Які план прафілактычных мерапрыемстваў прадугледжаны вашай службай сёлета па гэтым пытанні? Вясна і пачатак лета парадавалі дажджамі і халодным надвор’ем, што, несумненна, знізіла небяспеку. Але наперадзе яшчэ два месяцы лета і восень. Якія прагнозы?
– Нягледзячы на прагназуемую добранадзейную абстаноўку на працягу пажаранебяспечнага сезона, неабходна загадзя прымаць меры як для папярэджання ўзнікнення прыродных пажараў, так і для зніжэння маштабаў урону.
Асаблівая ўвага пры правядзенні мерапрыемстваў па папярэджанні лясных пажараў будзе звернута на населеныя пункты, што мяжуюць з лясамі і падвяргаюцца небяспецы пераходу лясных пажараў на жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы.
Будзе ўзмоцнены кантроль за захаваннем пажарнай бяспекі на прыродных тэрыторыях, асабліва ў выхадныя і святочныя дні. Для выканання гэтай задачы зменены графік работы інжынерна-інспектарскага саставу аддзела.
Арганізавана актыўнае правядзенне агітацыйна-тлумачальнай кампаніі супраць спальвання травы і смецця, а таксама навучанне насельніцтва правілам пажарнай бяспекі і паводзін пры ўзнікненні прыродных пажараў.
Заўсёды аператыўна мы рэагуем на пагаршэнне пажарнай абстаноўкі для своечасовага ўвядзення забароны на наведванне лясоў. Апавяшчаем насельніцтва пра магчымасць пагаршэння пажарнай абстаноўкі ў лясных масівах. Своечасова прыцягваем уласнікаў для ліквідацыі прыродных пажараў.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о