Мышанка. Я іду па ваенным гарадку, архітэктурны ансамбль якога пранізаны духам даўніны. Магчыма, менавіта таму мне падабаецца так сюды прыязджаць. Дом культуры. Харэаграфічны ансамбль “Задорынкі” філіяла Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў у Мышанцы, які існуе 4 гады,  неаднойчы быў адзначаны на розных рэспубліканскіх і раённых конкурсах. Гэтыя перамогі – заслуга кіраўніка ансамбля Ірыны Супруненка. З такой добрай нагоды я і завітала да яе ў клас харэаграфіі, каб пазнаёміцца бліжэй.

в газету резкость

Ірына Супруненка нарадзілася ў Жыткавічах. Лёс яе склаўся так, што пасля заканчэння Мазырскага музычнага вучылішча 22 гады працавала педагогам па класе домры ў Мышанскай школе мастацтваў.

– Усё маё жыццё было звязана з музыкай, – успамінае Ірына Анатольеўна. – На жаль, домра – не самы папулярны музычны інструмент сярод дзяцей: яны без вялікага жадання авалодвалі тэхнікай ігры. Таму ў мяне неаднойчы мільгала думка перайсці ў танцы.

У 1999 годдзе была залічана ў Мазырскі філіял універсітэта культуры.  У тыя часы на працягу 7 гадоў падыгрывала на фартэпіяна кіраўніку харэаграфіі Надзеі Васькіў. Стварыць свой танцавальны калектыў? Чаму б не? Надзея Леанідаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Месца харэографа засталося свабодным.

З 2013 года працую тут у якасці педагога-харэографа. Падабаецца мне, дзецям, бацькам і, спадзяюся, гледачам. Хачу сказаць вялікі дзякуй бацькам. Як толькі быў створаны калектыў, акрамя народных касцюмаў больш нічога не было. З іх фінансавай падтрымкай мы змаглі пашыць прыгожае адзенне для выступленняў, набыць абутак.

Дазволю сабе пералічыць некаторыя перамогі  ансамбля “Задорынкі”. На абласным конкурсе “Карагод сяброў” адзначаны Дыпломам III ступені ў намінацыі “Народны танец”. 1 красавіка прынялі ўдзел у адкрытым конкурсе “Феерыя мастацтваў” у горадзе Беразіне Мінскай вобласці. Калектыў прадставіў 3 танцы. За кампазіцыю “Вышытая кашуля” ансамбль узнагароджаны Дыпломам II ступені і памятнай статуэткай. Юным танцорам уручаны Дыплом удзельніка і падарунак. Акрамя гэтага, напярэдадні Дня жанчын Ірына Супруненка  была адзначана падарункам райвыканкама за працавітасць.

–  Па душы мне бліжэй народныя танцы, стыль джаз-мадэрн, напрыклад, не зусім зразумелы, – працягвае Ірына Анатольеўна. – Вось толькі дзецям хочацца чагосьці сучаснага. Таму падбіраю адпаведную фанаграму. Пры дапамозе інтэрнэта асвойваю праграмы для рэдагавання музыкі, пазычаю ў калег нейкія ідэі. Будучыя касцюмы абмяркоўваем са швачкай.

Ці адчуваю ў танцах самарэалізацыю? Канечне, гэта так.  Калі і ёсць якія складанасці, дык гэта толькі тычыцца вольнага часу, які патрэбен нам для адшліфоўкі танцавальных па.

 Некаторым гледачам, якія хочуць бачыць кожны раз новы танец,  цяжка  растлумачыць: калі конкурс у красавіку, то ў снежні мы пачынаем падрыхтоўку да яго. Усе рухі дзецям трэба давесці да аўтаматызму. На сёння ў нас 20 нумароў, з якімі можам выступаць. Склад танцавальнага калектыву змяніўся ў мінулым годзе, але праграмму мы хутка засвоілі.

23 мая адбыўся справаздачны канцэрт “Задорынак”. У канцэрце прынялі ўдзел 35 вучняў з рознымі стылямі танца.

– Атрымалася насычаная канцэртная праграма, – канстатуе харэограф. – Яе разнастаілі навучэнцы музычнага аддзялення Карына Царык, Вікторыя Стральчэня і Вольга Дашкевіч, педагогі Алена Сухапарава і Людміла Малмыга.

Перад канцэртам гледачы маглі ацаніць працы юных мастакоў настаўніка Наталлі Марынінай. За актыўны ўдзел у жыцці калектыву і дапамогу ў арганізацыі паездак на фестывалі і конкурсы хачу падзякаваць начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вользе Усціновіч-Насека.

Год быў досыць  прадукцыйны. Планаў у нашага калектыву шмат, ёсць цікавыя творчыя задумкі.  Сваім дзецям пажадаю поспехаў!

Гутарыла

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о