Восеньская пара для аграрыяў – час шчырай штодзённай працы на палетках. Важна паспець хутчэй убраць вырашчанае і закласці як мага больш трывалы падмурак на перспектыву – будучыя надоі і прывагі. Актыўна ў гэтым накірунку вядуцца работы ў аддзяленні “Вялаўск” УП “Палессе-Аграінвест”, дзе мы пабывалі на мінулым тыдні.

Хто шчыруе, той і маеТут па-гаспадарску даводзіцца да ладу ўсё тое, што ў першую чаргу неабходна зрабіць. Так, да першых замаразкаў трэба ўбраць кукурузу: паўднёвая культура вельмі адчувальная нават на невялікія маразы і адразу траціць свае пажыўныя якасці. А для жывёлы – гэта карысны корм. Увогуле, ролю кукурузы ў кормавытворчасці немагчыма пераацаніць: і пачаткі, і зялёная маса ў выніку правільнай апрацоўкі – пачынаючы ад яе ўборкі і заканчваючы трамбоўкай – становяцца спажыўным і карысным сіласам.
– Вырошчванне кукурузы – справа працаёмістая, але без гэтых сакавітых кармоў на высокія надоі разлічваць не даводзіцца, – пазначыў у час сустрэчы ўпраўляючы аддзялення “Вялаўск” Васіль Казачэнка. – Мы маем вялікі статак буйной рагатай жывёлы і прыкладваем усе намаганні, каб забяспечыць яго належнымі кармамі.
Па словах Васіля Уладзіміравіча, працэс корманарыхтоўкі на сённяшні дзень стратэгічны і гэта разумее кожны працаўнік аддзялення. Важны этап у ланцугу нарыхтоўкі кармоў з кукурузнай масы – яе якасная трамбоўка.

З вагавай аддзялення пачалося наша знаёмства з працэсам і тэхналогіяй. Сюды адзін за адным заязджалі трактары з вялізнымі прычэпамі ПІМ, ад якіх паветра навокал хутка напаўнялася водарам свежаскошанай зялёнай кукурузнай масы. Упраўляючы аддзялення асабіста кантраляваў і працэс дастаўкі масы, і закладкі яе ў сіласную траншэю, размешчаную непадалёк.

– Нарыхтоўка і закладка сіласу ў траншэі вядзецца да позняга вечара. У зялёную масу, дарэчы, для лепшай захаванасці і спажывання жывёлай дабаўляецца кансервант, – распавёў упраўляючы аддзялення.

Чарговы наведаны аб’ект – сіласныя ямы. На новых пагрузчыках трамбуюць кукурузную масу ў траншэю Міхаіл Міхайлавіч Папкоў і Андрэй Васільевіч Пратасевіч.
Механізатары, з гонарам зазначыў Васіль Казачэнка, з адказнасцю ставяцца да даручанай справы, разумеюць, што ў іх руках – праца ўсёй агранамічнай службы аддзялення з ранняй вясны і да восені.

– Настолькі сакавіты сілас, што абавязкова трэба дабаўляць салому, іначай моцна спрасуецца, – распавялі механізатары пра тэхналагічныя нюансы якаснай закладкі траншэі.

Як паведаміў Іван Фешчанка, кукурузнага сіласу ў аддзяленні “Вялаўск” ужо закладзена тры траншэі. Засталіся яшчэ рэшткі кармоў з нарыхтовак леташняга сезону. Таму ў аддзяленні, справядліва лічыць Іван Пятровіч, стойлавы перыяд пройдзе без цяжкасцяў.

Наогул, калі назіраеш, як мясцовыя механізатары і спецыялісты зладжана працуюць, становіцца зразумелым: нязменная лідзіруючая пазіцыя па ўсіх паказчыках УП “Палессе-Аграінвест” у рэйтынгу сельгаспрадпрыемстваў раёна – вынік крапатлівай і адказнай работы ўсяго калектыва.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о