Гонар раёна – настаўнікі. У Петрыкаве адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка
У рамках урачыстага мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка за актыўны жаночы рух у Петрыкаўскім раёне сертыфікатамі на 150 рублёў узнагароджаны старшыні пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” некаторых дзяржаўных устаноў адукацыі.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько:

– Здаецца, цяжка назваць прафесію, ад якой так залежала бы будучыня не толькі Петрыкаўшчыны, але і ўсёй Рэспублікі Беларусь. Беларуская сістэма адукацыі з’яўляецца нацыянальным гонарам краіны. Тым здабыткам, які дапамагае нам дасягаць поспехаў і прызнання ў свеце. Адпаведна патрабаванням сённяшняга дня, адукацыя з’яўляецца сацыяльным і духоўным падмуркам жыццядзейнасці чалавека. Дзяржава робіць усё магчымае для захавання і прымнажэння лепшых педагагічных традыцый.

Педагогам напярэдадні прафесійнага свята былі ўручаны ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў. У час цырымоніі ўзнагароджання на сцэну выходзілі настаўнікі, работнікі дзіцячых дашкольных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі.

Начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Басюк далучыліся да шчырых слоў віншавання і працягнулі прыемную цырымонію ўзнагароджання.

Гонар раёна – настаўнікі. У Петрыкаве адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка
Ганаровай узнагародай “За адданасць прафесіі” адзначана настаўніца гісторыі гімназіі горада Петрыкава Валянціна Тарабей

Узнагародай “За адданасць прафесіі” была адзначана настаўніца гісторыі гімназіі горада Петрыкава Валянціна Тарабей. Гэта творчы педагог, які паспяхова ўкараняе сучасныя падыходы ў навучанні і выхаванні навучэнцаў. Яна дае магчымасць вучням адчуць маштаб вялікіх гістарычных падзей.

Прыемна, што на пачатку свайго прафесійнага шляху маладыя настаўнікі становяцца дастойнымі пераемнікамі вопытных калег. Увесну гэтага года прайшоў раённы конкурс маладых педагогаў, які і вызначыў найлепшых прадстаўнікоў новага пакалення галіны адукацыі нашага раёна. Узнагароду “Малады педагог-2022” атрымала Юлія Ліпская, настаўніца сярэдняй школы № 2.

Далей цудоўным падарункам для гасцей і ўдзельнікаў свята стаў канцэрт, падрыхтаваны як настаўнікамі, так і вучнямі ўстаноў адукацыі раёна.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о